З бязмежнай любоўю да дзяцей

25.03.2019
Справядлівая і добрая да дзяцей, шчырая і тактоўная з калегамі, таленавіты педагог, клапатлівая мама і проста цудоўная жанчына – так гавораць пра настаўніцу хіміі Вольгу Рыгораўну Жалезную з Люсінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна. Штодзень яна з радасцю прыходзіць на любімую работу, з усмешкай пачынае кожны ўрок, дае каштоўныя веды і фарміруе важныя навыкі, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці.
Вольга Рыгораўна вырасла ў настаўніцкай сям’і, таму будучая прафесія ёй была, пэўна, наканавана лёсам. Маці Надзея Лявонцьеўна больш за 30 гадоў адпрацавала настаўніцай біялогіі. Дачка ахвотна хадзіла з ёй на работу, дзе з цікавасцю назірала за ўрокамі і вучнямі, дапамагала ў жывым кутку, музеі прыроды і цяпліцы. У школе ёй лёгка даваліся фізіка, хімія і матэматыка. З вялікай цікаўнасцю праводзіла розныя доследы і без асаблівых цяжкасцей рашала складаныя задачы. Актыўна ўдзельнічала ў раённых і абласных алімпіядах па хіміі і біялогіі.

- З ранняга дзяцінства ведала, што пайду па слядах маці і стану педагогам, - прызнаецца Вольга Рыгораўна. – Мама заўсёды была для мяне добрым прыкладам. Пасля заканчэння школы без ваганняў выбрала Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна: вырашыла стаць настаўніцай хіміі і біялогіі. Атрымаўшы дыплом, вярнулася на малую радзіму, дзе пачала працаваць у мясцовай школе.

Па словах В.Р.Жалезнай, хімія – даволі складаны прадмет, які патрабуе ад настаўніка высокіх прафесійных уменняў. Педагог павінен умець ясна і даходліва растлумачыць кожную тэму, каб вучні не толькі разумелі, але і любілі прадмет. Кожны ўрок Вольгі Рыгораўны цікавы і запамінальны, непадобны на папярэдні.

- Для лепшага разумення тэмы імкнуся не проста даступна тлумачыць матэрыял, але і праводзіць розныя эксперыменты, каб дзеці на практыцы замацоўвалі набытыя веды, - расказвае педагог. – Калі ўзнікаюць пэўныя цяжкасці, імгненна бяру сябе ў рукі і настройваюся на пазітыў.

Вольга Рыгораўна лічыць, што настаўнік павінен не толькі даваць веды, але і выхоўваць, матываваць вучняў да далейшага інтэлектуальнага і творчага развіцця. Каб дасягнуць добрых вынікаў у гэтым, неабходна найперш стаць для дзяцей надзейным сябрам і дарадчыкам, да якога можна звярнуцца ў любы момант па дапамогу. Настаўнік, на думку В.Р.Жалезнай, - гэта чалавек, які прыйшоў у прафесію па закліку сэрца. Далёка не кожны здольны паспяхова асвоіць гэтае нялёгкае рамяство.

- Быць настаўнікам – значыць бязмежна любіць дзяцей, разумець іх, паважаць, падтрымліваць, быць з імі на адной хвалі, - гаворыць Вольга Рыгораўна. – Заходжу ў школу – і адразу ўсе праблемы застаюцца за яе парогам. Нават галаўны боль праходзіць, калі бачу цікаўныя і дапытлівыя вочы вучняў. Нельга ісці на ўрок з дрэнным настроем, бо тады 45 хвілін пройдуць дарэмна.

Калі назіраеш за тым, як В.Р.Жалезная расказвае пра школу і дзяцей, адчуваеш, наколькі моцна і самааддана яна любіць сваю работу, укладваючы ў любімую справу частку душы. Вольга Рыгораўна ўпэўнена, што любоў і павагу школьнікаў нельга заслужыць, дзякуючы сучасным методыкам навучання. Для таго каб урокі хіміі былі не толькі цікавымі і карыснымі, настаўніца вучыць дзяцей не проста слухаць і запамінаць новы матэрыял, але і настойліва працаваць.

- Вынік будзе толькі тады, калі цесна ўзаемадзейнічаеш з вучнямі, - упэўнена Вольга Рыгораўна. – Па гэтым прынцыпе працую больш за 20 гадоў. Вельмі важна бачыць і цаніць у дзіцяці яго індывідуальнасць, разумець яго і прымаць такім, як ёсць.

Вялікую ўвагу В.Р.Жалезная ўдзяляе павышэнню педагагічнага майстэрства: актыўна займаецца самаадукацыяй, чытае метадычную літаратуру, вывучае сучасныя методыкі выкладання і псіхалогію. Настаўніца знаходзіцца ў пастаянным развіцці і заўсёды ідзе ў нагу з часам. На думку Вольгі Рыгораўны, педагог павінен быць справядлівым, добразычлівым, мудрым, эрудзіраваным і з пачуццём гумару, умець стрымліваць негатыўныя эмоцыі, любіць сваю работу і імкнуцца стаць прыкладам ва ўсім для вучняў.

В.Р.Жалезная не толькі выкладае хімію, але і ўзначальвае школьны прэс-цэнтр, гурток юных інтэлектуалаў.

- Я вельмі цікаўны чалавек, якога прыцягвае ўсё новае, - прызнаецца Вольга Рыгораўна. – Сёння мы з дзецьмі ствараем газету, на старонках якой адлюстроўваем школьнае жыццё. Заўсёды хацела паспрабаваць сябе ў ролі журналіста, таму, калі прапанавалі ўзначаліць школьны прэс-цэнтр, з радасцю згадзілася. Работа вельмі цікавая, хаця і складаная.

У вольны час вяжа пруткамі, чытае кнігі. Жаночае шчасце бачыць у сям’і і здароўі блізкіх.

Марыя ЗАНЬКО,

выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.