Да спорту – праз уласны прыклад

04.04.2019
“Я магу прыняць няўдачу, але бяздзейнасць – ніколі”, - словы вядомага амерыканскага баскетбаліста Майкла Джордана сталі дэвізам педагагічнай дзейнасці для настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Наталлі Збыхнераўны Прасмыцкай з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.
Наталля Збыхнераўна родам з Баранавіч. З дзяцінства займалася ў спартыўнай школе. Здольную дзяўчыну заўважыў трэнер па баскетболе К.Д.Надзіраў, які і прывіў ёй любоў да спорту. Пасля сярэдняй школы яна паступіла на факультэт фізічнага выхавання тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, дзе працягвала займацца любімым баскетболам пад кіраўніцтвам М.М.Курыліка. Гэтыя два трэнеры адыгралі вялікую ролю ў прафесійным станаўленні Н.З.Прасмыцкай. Выбраўшы настаўніцкую прафесію, яна ні разу не пашкадавала. Ужо 24 гады перадае свае веды і вопыт вучням 20-й школы Брэста.

Педагог лічыць, што захаванне і ўмацаванне здароўя моладзі – адна з найбольш важных і складаных задач, над вырашэннем якой працуюць дзяржава, сям’я і школа. Асаблівая роля ў гэтым належыць настаўнікам фізічнай культуры. Урокі фізкультуры, спартыўна-масавыя мерапрыемствы і секцыйныя заняткі з выкарыстаннем нестандартных форм і метадаў работы – важныя складнікі здаровага ладу жыцця.

- Баскетбол – надзвычай эфектыўны сродак фізічнага выхавання і аздараўлення дзяцей, - гаворыць Н.З.Прасмыцкая. – Ён выконвае не толькі аздараўленча-гігіенічную, але і агітацыйна-выхаваўчую функцыю. Заняткі баскетболам фарміруюць настойлівасць, смеласць, рашучасць, сумленнасць, упэўненасць у сабе, пачуццё калектывізму.

У 20-й школе створана цэласная сістэма ўрочнай і пазакласнай работы фізкультурна-аздараўленчага характару, якая ўключае секцыйныя заняткі, рэжымныя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, фізкультурныя святы, рухавыя і спартыўныя гульні.

- Для фарміравання тэхніка-тактычных дзеянняў вучняў праз заняткі баскетболам выбіраю найбольш эфектыўныя сродкі і метады навучання, развіцця рухальных здольнасцей і інтарэсу да гульні, - расказвае Наталля Збыхнераўна. – Так, звяртаюся да гульнявога метаду навучання на ўроках, вучэбных занятках “Гадзіна здароўя і спорту”, занятках баскетбольнай секцыі, спартыўна-гульнявых занятках у пазаўрочны час, у ходзе падрыхтоўкі школьнай каманды да гарадскіх спаборніцтваў і інш. Выбар метаду абумоўлены педагагічнымі задачамі, зместам матэрыялу і падрыхтоўкай дзяцей. Распрацоўваючы і апрабуючы ўласную сістэму заняткаў баскетболам, абапіралася на метадычныя рэкамендацыі шэрага аўтарытэтных метадыстаў.

Н.З.Прасмыцкая актыўна выкарыстоўвае ў рабоце метады паказу, аповеду, тэсціравання, цэласнага і расчлянёнага навучання, колавай трэніроўкі, спаборніцкі метад, інтэрактыўныя метады, дзякуючы якім школьнікі паспяхова асвойваюць тэхніка-тактычныя дзеянні, удасканальваюць іх і прымяняюць набытыя навыкі ў гульнявых сітуацыях. З гэтай мэтай настаўніца арганізоўвае ўрокі-гульні, урокі-спаборніцтвы, урокі-турніры і інтэграваныя ўрокі.

- Вялікую дапамогу аказваюць працы заслужанага трэнера СССР Аляксандра Якаўлевіча Гомельскага “Біблія баскетбола”, “Тактыка баскетбола” і іншыя, якія знаёмяць з асноўнымі і дапаможнымі практыкаваннямі, дапамагаюць вызначыць стратэгію і тактыку спартыўнай гульні, - гаворыць Наталля Збыхнераўна. – Вучні авалодваюць неабходнымі ўменнямі і навыкамі падчас практыкаванняў, якія дзеляцца на дапаможныя і асноўныя. Дапаможныя практыкаванні – гэта агульнаразвіццёвыя і спецыяльныя, а таксама запазычаныя з іншых відаў спорту. Асноўныя – гэта практыкаванні па тэхніцы і тактыцы гульні. Яны выконваюцца асобна як гульнявы прыём ці ў розных спалучэннях ва ўмовах, блізкіх да гульнявых.

Н.З.Прасмыцкая лічыць, што без індывідуальнага падыходу нельга дасягнуць добрых вынікаў у навучанні. Педагог уважліва сочыць за работай кожнага дзіцяці. Падбірае практыкаванні, дазіруе нагрузку з улікам стану здароўя, тыпу целаскладу і развіцця рухальных здольнасцей. Так, пры выкананні штрафнога кідка адлегласць да кольца для менш падрыхтаваных вучняў робіцца карацейшай.

- Заняткі па навучанні баскетболу ўключаюць знаёмства з лоўляй, перадачай і вядзеннем мяча, - расказвае настаўніца. – Па меры засваення навыкаў перадач мяча пераходжу да навучання тэхніцы кідкоў у карзіну. Адначасова развучваю з дзецьмі спосабы прыпынкаў (крокам, затым скачком), паваротаў (плячом уперад і назад) і двухкрокавую тэхніку работы ног. Паступова ўмовы выканання прыёмаў ускладняюцца, павышаецца хуткасць перасоўвання вучняў без мяча і з мячом. Дзеці авалодваюць элементарнымі падманнымі дзеяннямі. У заняткі паслядоўна ўключаюцца элементы індывідуальнай, групавой і каманднай тактыкі. На этапе паглыбленага вывучэння рухальнага дзеяння школьнікі ўдакладняюць яго структуру, засвойваюць усе істотныя дэталі. Першапачатковыя ўменні даводзяцца да дакладна адпрацаванага навыку. На гэтым этапе вучні могуць спаборнічаць у правільнасці выканання тэхнічнага прыёму ў цэлым ці яго фрагмента. На этапе замацавання і ўдасканалення вучу карыстацца пэўным прыёмам у розных гульнявых сітуацыях. Каб той ці іншы навык з поспехам прымяняўся ў гульні, ён павінен удала спалучацца з астатнімі тэхнічнымі прыёмамі. Калі рух выконваецца аўтаматычна, вучні могуць цалкам сканцэнтравацца на ацэнцы гульнявых сітуацый і выбраць рацыянальны варыянт рухальнага дзеяння.

Заняткі баскетболам добра павышаюць цікавасць і матывацыю вучняў да фізкультуры і розных відаў спорту. Наталля Збыхнераўна ненавязліва прывівае любоў да здаровага ладу жыцця, што ў выніку зніжае захваральнасць дзяцей, павышае іх фізічную актыўнасць і самастойнасць. Юнакі і дзяўчаты ахвотна ўдзельнічаюць у пазакласных мерапрыемствах, паспяхова выступаюць на спаборніцтвах. Дзеці, якія сур’ёзна займаюцца баскетболам, маюць даволі высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі.

Н.З.Прасмыцкая ганарыцца сваімі выхаванцамі, бо ўклала ў іх падрыхтоўку не толькі веды, але і частку душы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.