Правільны выбар

21.05.2019
Правільны выбар прафесіі – адзін са складнікаў чалавечага шчасця, бо дазваляе рэалізаваць сябе ў жыцці. Юлія Юр’еўна Кахновіч з дзяцінства ўяўляла сябе толькі настаўніцай, якая цікава і даходліва выкладае матэрыял, выхоўвае ў вучняў важныя маральныя якасці.
- Заўсёды хацелася даведацца, адкуль у педагогаў бярэцца шчырая любоў да дзяцей і адданасць сваёй справе, - гаворыць Юлія Юр’еўна. – У 9 класе канчаткова зразумела, што не хачу сыходзіць са школы. Паступіла ў Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна, які скончыла ў 2016 годзе. Атрымала спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў са спецыялізацыяй “фізічнае выхаванне”. Дзіцячая мара спраўдзілася.
Прафесійны шлях дзяўчыны пачаўся ў Пінкавіцкай сярэдняй школе імя Якуба Коласа Пінскага раёна. З боку дружнага калектыву аднадумцаў малады педагог адчувае пастаянную падтрымку. Гледзячы на поспехі калег, імкнецца да высокіх вынікаў і самаўдасканалення. Сёння працягвае спасцігаць прафесійныя таямніцы на псіхолага-педагагічным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна.

- Быць настаўніцай – гэта майстэрства і вялікая адказнасць за тых, каго табе даверылі, - лічыць Ю.Ю.Кахновіч. – Каб адчуваць гэта, трэба добра разумець мэты адукацыйнага працэсу. Штодзень вырашаю безліч пытанняў: як зацікавіць дзяцей вучобай, як даступна растлумачыць новы матэрыял, як стварыць сітуацыю поспеху для кожнага школьніка, каб ён паверыў ва ўласныя сілы. Пры фарміраванні вучэбных інтарэсаў у дзяцей прытрымліваюся прынцыпу “чым меншы ўзрост, тым больш наглядным павінна быць навучанне і тым большую ролю ў ім павінна адыгрываць актыўная дзейнасць”. Рэалізаваць гэты прынцып дапамагаюць сучасныя тэхналогіі (праблемнага навучання і інфармацыйна-камунікацыйныя), якія дазваляюць не толькі паспяхова засвойваць праграмны матэрыял, але і перажываць радасць пазнання новага і імкнуцца да нязведанага. Заўсёды памятаю, што пазнанне ідзе ад простага да складанага, ад вядомага да невядомага, ад блізкага да далёкага, ад апісання да тлумачэння.

За час работы ў школе Юлія Юр’еўна зразумела, што кожнае дзіця – асоба. Адным для шчасця на ўроку трэба добрая адзнака, другім – цікавае заданне, трэцім – добры позірк.

- У педагагічнай дзейнасці імкнуся да таго, каб кожны вучань адчуваў сябе паспяховым, - прызнаецца настаўніца. – Такі падыход дапамагае маім маленькім першаадкрывальнікам быць упэўненымі як на ўроках, так і на конкурсах і прадметных алімпіядах. Так, трэцякласнік Арцём Кібук заняў у мінулым навучальным годзе 3-е месца ў раённай алімпіядзе па беларускай мове.

Ю.Ю.Кахновіч з’яўляецца класным кіраўніком і добра ўсведамляе вялікую адказнасць не толькі перад дзецьмі, але і перад іх бацькамі і грамадствам у цэлым: “Мая задача – стварыць умовы для развіцця творчай асобы. Рэалізаваць гэтую задачу дапамагае калектыўная творчая дзейнасць. Пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё самастойнасці, пашырэнне кругагляду і пазнавальных магчымасцей вучняў, улічваю іх інтарэсы, здольнасці і ўзроставыя асаблівасці”.

Клас Юліі Юр’еўны актыўна ўдзельнічае ў розных школьных мерапрыемствах: конкурсах малюнкаў “Прафесія маёй мамы”, “Мой актыўны адпачынак” і “Мой родны кут” і чытальнікаў “Гэтае свята са слязамі на вачах”. Выхаванцы педагога – пераможцы конкурсаў на лепшы навагодні выраб і лепшую насценгазету да Дня маці.

- Мы вельмі любім падарожнічаць па родным краі, - расказвае Ю.Ю.Кахновіч. – Пабывалі ўжо ў некалькіх цікавых музеях. Гэта пашырае сацыяльны вопыт вучняў, фарміруе ў іх актыўную жыццёвую пазіцыю.

Да класных творчых спраў настаўніца далучае бацькоў дзяцей, якія сваім прыкладам лепш за ўсё ўплываюць на фарміраванне важных асобасных якасцей і згуртаванне калектыву. Разам з мамамі і татамі выхоўвае ў вучняў навыкі здаровага ладу жыцця (спартландыя “Вясёлыя старты”), любоў да народных традыцый і абрадаў (конкурс вырабаў “Калядная свечка”), дабрыню і міласэрнасць (акцыя “Дапаможам птушкам”), беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў (акцыя “Папяровы бум”).

- Настаўнік павінен быць прафесіяналам сваёй справы, - упэўнена Юлія Юр’еўна. – Гэтая прафесія не дазваляе спыняцца на дасягнутым, патрабуе пастаяннага ўдасканалення майстэрства. Таму актыўна ўдзельнічаю ў навучальных і практычных семінарах, прафесійных конкурсах. Так, самай значнай прафесійнай праверкай для мяне стаў удзел у конкурсе “Творчасць маладых педагогаў”, арганізаваным навукова-метадычным часопісам “Пачатковай школа” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі. У намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе” я распрацавала ўрок па матэматыцы ў 2 класе па тэме “Гадзіна. Мінута” і атрымала за яго дыплом І ступені. Акрамя таго, удзельнічала ў раённай канферэнцыі педагогаў “Ініцыятыва, творчасць, самаразвіццё – умова фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”, дзе выступіла з дакладам “Прафесійная спроба – шлях да ўсвядомленага выбару прафесіі”. У 2017 годзе перамагла ў раённым спаборніцтве сярод маладых спецыялістаў сацыяльнай сферы. Летась удзельнічала ў конкурсе на лепшы ўрок (пазакласнае мерапрыемства) пра Саюзную дзяржаву, для якога падрыхтавала распрацоўку пазакласнага мерапрыемства “Дзве сястры – Беларусь і Расія: агульная гісторыя, культура, лёс”.

На думку Ю.Ю.Кахновіч, педагог, які перастаў развівацца і шукаць, становіцца нецікавым для дзяцей. А ў школе не павінна быць сумна. Выхоўваючы ў вучняў актыўную жыццёвую пазіцыю, настаўніца імкнецца і сама быць актыўнай. Так, летась у рамках V фестывалю этнаграфічных традыцый “Покліч Палесся” яна ўдзельнічала ў конкурсе прыгажосці “Палеская прыгажуня”, па выніках якога была адзначана спецыяльным прызам.

- Добра разумею, што зрабіць на сваім педагагічным шляху давядзецца яшчэ шмат. Але гэта не пужае. З нецярпеннем чакаю званка на ўрок, каб убачыць цікаўныя вочы любімых вучняў і адправіцца з імі ў краіну ведаў, дзе нас чакаюць і радасці, і поспехі, і цяжкасці. Гэты выбар зрабіла сама і лічу яго правільным, - падагульняе Юлія Юр’еўна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.