Любіць тое, што робіш

10.06.2019
Перад Святланай Уладзіміраўнай Шышынай ніколі не стаяла праблема прафесійнага выбару, бо яна ўжо з дзяцінства дакладна ведала, што будзе вучыць дзяцей. Дзяўчынка расла ў асяроддзі педагогаў: амаль усе яе родныя і блізкія былі так ці інакш звязаны з педагогікай.
- Мой прафесійны шлях пачаўся з 17 гадоў з пасады піянерважатай у розных школах Баранавіч і работы камсоргам па гарадскіх школах у гаркаме ЛКСМБ, - успамінае Святлана Уладзіміраўна. – Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.

З 1996 да 2007 года ўзначальвала гарадскі вучэбна-метадычны кабінет, а сёння працую дырэктарам Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання. За амаль 40-гадовую педагагічную дзейнасць ні разу не пашкадавала, што выбрала яе. Люблю працаваць з моладдзю, адчуваць адказнасць за сваю працу.

У кіраўніцкай дзейнасці С.У.Шышына абапіраецца на педагогаў і адміністрацыю, якія ўяўляюць сабой надзейную каманду творчых людзей, здольных рэалізоўваць перадавыя ідэі і дасягаць поспехаў у рабоце на карысць установы. Але не толькі педагогамі ганарыцца дырэктар. Асаблівы гонар выклікаюць выпускнікі, якія сталі прафесіяналамі сваёй справы. Кіраўнік адчувае ўласную далучанасць да гэтага.

- Сучасны кіраўнік павінен мысліць стратэгічна, працаваць на перспектыву, сачыць за развіццём эканомікі і апошнімі тэндэнцыямі ў адукацыі, - лічыць Святлана Уладзіміраўна. – Неабходна бачыць магчымасці і патэнцыял кожнага члена калектыву, ствараць належныя ўмовы для рэалізацыі яго ідэй, каб атрымаць вынікі, якія будуць працаваць на ўсіх. Вельмі цаню ў падначаленых сумленнасць, розум, аптымізм, аб’ектыўнасць ацэнкі. Але самае галоўнае – любіць тое, што робіш.

Асноўны прынцып эфектыўнай кіраўніцкай дзейнасці С.У.Шышынай заключаецца ў пастаянным самаўдасканаленні і нястомнай рабоце над сабой. Дырэктар упэўнена, што поспех кіраўніка немагчымы без актыўнага ўзаемадзеяння па каардынацыі і планаванні сумеснай дзейнасці.

- Кіраўнік не павінен баяцца акружаць сябе людзьмі, якія, магчыма, у чымсьці больш разумныя і таленавітыя, чым ён, - гаворыць С.У.Шышына. – У такім выпадку падначаленыя зробяць усё лепш, чым першапачаткова задумана. Але аб’яднаць намаганні вялікай колькасці людзей, арганізаваць іх работу, рацыянальна размеркаваць функцыі, стварыць умовы для дасягнення вынікаў – вялікае мастацтва. І тут няма нейкага адзінага рэцэпту. Кіраўнік павінен знайсці аптымальнае рашэнне сам, давесці яго да выканання і несці за яго адказнасць. Работа па такім прынцыпе дазволіла стварыць калектыў, матываваны да самаразвіцця і інавацыйнай дзейнасці.

Каледж рыхтуе швачак, краўцоў, закройшчыкаў, прадаўцоў, кантралёраў-касіраў, зборшчыкаў абутку, цырульнікаў, страхавых агентаў, мадэльераў-канструктараў і мастакоў-мадэльераў. Пералік спецыяльнасцей штогод абнаўляецца ў залежнасці ад запытаў рынку працы. Кантрольныя лічбы прыёму навучэнцаў выконваюцца, дзякуючы высокаму іміджу ўстановы, сістэмнай прафарыентацыі і цеснаму ўзаемадзеянню з заказчыкамі кадраў. Пашыраюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі, у тым ліку для насельніцтва. Пра запатрабаванасць выпускнікоў сведчыць іх поўнае працаўладкаванне.

На працягу многіх гадоў у каледжы дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Веды. Пошук. Творчасць”, удзельнікі якога пад кіраўніцтвам педагогаў рэалізоўваюць цікавыя навуковыя і сацыяльныя праекты. Адзін з іх, “Жыць у памяці пакаленняў...”, накіраваны на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне прылеглага сквера імя М.Ц.Сцепанішчава. Дзякуючы праекту, там быў усталяваны памятны абеліск. У 2017 годдзе навучэнцы перамаглі ў Міжнародным конкурсе сацыяльных праектаў “Не побач, а разам”, мэта якога заключаецца ў валанцёрскай дапамозе ахвярам нацызму і членам іх сем’яў, пажылым людзей ваеннага пакалення.

Навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у Міжнародным чэмпіянаце па цырульніцкім мастацтве, нейл-дызайне і дэкаратыўнай касметыцы “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу, айчынных чэмпіянатах “Ружа вятроў” і “Натхненне”, Міжнародным фестывалі моды і фота “Млын моды” і інш. Прадстаўнікі каледжа тройчы прадстаўлялі Брэстчыну на чэмпіянаце WordlSkills у кампетэнцыі “Тэхналогія моды”.

- Мы актыўна ўкараняем у адукацыйны працэс воблачныя і мабільныя тэхналогіі, удзельнічаем у рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, - расказвае С.У.Шышына. – Сваімі шматлікімі напрацоўкамі ахвотна дзелімся з калегамі, прэзентуем вопыт эфектыўнай работы на розных узроўнях. Ганарымся, што пра нас ведаюць не толькі ў вобласці, але і за яе межамі. Каледж – неаднаразовы пераможца абласнога конкурсу на лепшую ўстанову прафесійнай адукацыі. Ён занесены на абласную Дошку гонару за дасягненне лепшых вынікаў сярод арганізацый навукі і адукацыі.

На думку Святланы Уладзіміраўны, асаблівую ўвагу сёння трэба ўдзяляць павышэнню прэстыжнасці рабочых прафесій і спецыяльнасцей сярод моладзі і грамадства ў цэлым. Спецыялісты з вышэйшай адукацыяй абавязкова павінны валодаць добра развітымі практычнымі навыкамі, мець сур’ёзную практычную, а не толькі тэарэтычную падрыхтоўку. Гэта забяспечвае сістэма прафесійнай адукацыі.

На базе каледжа дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”. У планах – аснашчэнне яго сучасным абсталяваннем, якое дазволіць рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Сярод перспектыўных задач – далейшае пашырэнне пераліку спецыяльнысцей, адкрыццё новых прафесій з улікам эканамічнага развіцця краіны.

- Мару, каб кожны выпускнік знайшоў сваё месца ў жыцці, займаўся любімай справай, якая прыносіць задавальненне і дазваляе развівацца. Гэта працуе не толькі на ўласны поспех, але і на поспех усёй краіны, - адзначае С.У.Шышына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.