Не спыняцца на дасягнутым

02.08.2019
Даволі часта можна пачуць, што сённяшнія выпускнікі школ неахвотна ідуць у педагогіку, а сярод маладых настаўнікаў шмат выпадковых людзей, учарашніх троечнікаў. Абывацельскія меркаванні падобнага кшталту лёгка аспрэчваюцца. Шматгадовая журналісцкая работа неаднаразова пераконвала, што ў школах працуе шмат захопленых маладых педагогаў, якія прыйшлі ў прафесію свядома і сыходзіць з яе не збіраюцца, бо знайшлі ў любімай настаўніцкай працы сваё прызванне. Сярод іх – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Валер’еўна Дзяйнека з брэсцкай сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована. З 4 гады прафесійнай дзейнасці актыўная і мэтанакіраваная дзяўчына дасягнула таго, чаго некаторыя не дасягаюць і за 10 гадоў.

- У школьныя гады надзвычай моцна запалі ў душу вершаваныя радкі Анатоля Вярцінскага: “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць...” – расказвае Вольга Валер’еўна. – Думаю, гэтыя словы вельмі добра характарызуюць сутнасць педагагічнай дзейнасці. Мне пашанцавала, бо на жыццёвым шляху не сустрэла ніводнага “выпадковага” настаўніка: ні ў роднай сярэдняй школе № 3 Кобрына, ні на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна, дзе разам з вышэйшай адукацыяй атрымала ступень магістра філалагічных навук. Да гэтага часу з асаблівай цеплынёй успамінаю класнага кіраўніка Галіну Яўгенаўну Ромац, педагагічнаму майстэрству і актыўнасці якой застаецца толькі здзіўляцца. Пра такіх кажуць: “Настаўнік ад Бога”. Многаму навучыла і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Аляксандраўна Карунас, якая не толькі захоплена расказвала пра беларускую культуру і этнаграфію, але і ладзіла цікавыя майстар-класы з удзелам народных майстрых. Педагог арганізавала школьны этнаграфічны музей “Спадчына”, пры якім дзейнічаў гурток, разам з вучнямі збірала экспанаты, распрацоўвала і праводзіла экскурсіі, удзельнічала ў конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Поспех быў неверагодны! З глыбокага разумення сутнасці ладу жыцця нашага народа і пачаўся мой шлях да беларускай мовы і літаратуры. Прафесію выбрала ўсвядомлена і, спадзяюся, на ўсё жыццё.

Вольга Валер’еўна – з педагагічнай сям’і. Бабуля і дзядуля працавалі настаўнікамі працоўнага навучання. З дзяцінства будучы педагог бачыла, як яны аддавалі сябе вучням. Вельмі любіла час ад часу зазірнуць у дамашнюю скрыначку, дзе захоўвалася вельмі дарагая дзядулева ўзнагарода – нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы”.

- Нават у самыя цяжкія хвіліны думкі пра няправільны прафесійны выбар мяне не наведваюць, - прызнаецца В.В.Дзяйнека. – Цяжкасці ёсць у любой дзейнасці, асабліва, калі працуеш з людзьмі. Настаўнік – гэта творца, вынікам працы якога павінен стаць шэдэўр – выхаваны, адукаваны і справядлівы чалавек. Педагогі – шчаслівыя людзі, бо, дзякуючы дзецям, заўсёды адчуваюць маладосць душы.

Вольга Валер’еўна лічыць, што сучасны настаўнік павінен быць прафесіяналам, які любіць свой прадмет, добра разбіраецца ў псіхалогіі, методыцы і педагогіцы, пастаянна ўдасканальвае веды.

- Дзецям падабаюцца цікавыя, актыўныя і неардынарныя педагогі, - гаворыць В.В.Дзяйнека. – Вучні хочуць бачыць у настаўніку добразычлівага

чалавека, які выслухае, параіць, дапаможа. Мы жывём у зменлівым свеце, таму педагогу трэба паспяваць за гэтымі зменамі, інакш станеш несучасным. За гады работы зразумела, наколькі важна адчуваць сябе з вучнямі на адной хвалі. І справа не ў невялікай розніцы ва ўзросце, а ў тым, што малады педагог можа стаць сябрам, дарадцам і надзейнай апорай для сваіх выхаванцаў. Агульную мову можна знайсці з любымі дзецьмі, якія бачаць, што настаўнік валодае жывымі пачуццямі і эмоцыямі, здольны суперажываць і падтрымліваць. Тады адлегласць паміж педагогам і вучнем скарачаецца. Заўважаю вельмі прыемную тэндэнцыю – дзеці не баяцца памыляцца, выходзіць да дошкі, каб патрэніравацца над незразумелымі момантамі новай тэмы ўрока. Памылкі будуць, але іх трэба вучыцца выпраўляць, прычым самастойна. Гэта выдатна матывуе вучняў, бо ў наступны раз ім захочацца ўсё зрабіць бездакорна, што вымагае дадатковай працы над сабой і прадметам. Такі спосаб матывацыі спрацоўвае толькі тады, калі сам настаўнік не баіцца сказаць дзецям, што сумняваецца ў чым-небудзь. А такое бывае, асабліва ў маладых педагогаў. Часта спрабую разабрацца ў цяжкіх пытаннях мовы і літаратуры разам з вучнямі, паказваю, што давяраю ім.

На думку Вольгі Валер’еўны, поспех настаўніка пачынаецца з якаснага ўрока. Вялікае дасягненне – гэта даступны, інфарматыўны і выніковы ўрок. Нават маленькая дэталь можа зрабіць яго сучасным, арыгінальным і не падобным да іншых. Каб зрабіць урокі цікавымі, настаўніца звяртаецца да адукацыйных сервісаў Web 2.0, дзякуючы якім дзеці выконваюць заданні праз інтэрнэт і дасылаюць адказы педагогу, QR-кодаў, тэстаў, інтэрактыўнай платформы Learning Apps, на базе якой распрацоўвае ўласныя заданні.

- Зусім па-іншаму педагагічная прафесія раскрываецца, калі ты не проста настаўнік, а яшчэ і класны кіраўнік, - заўважае Вольга Валер’еўна. – Тады разумееш, што ёсць адна сям’я, куды ўваходзяць вучні, іх бацькі і педагог. Імкнуся зацікавіць дзяцей экскурсіямі, новымі гульнямі, імпрэзамі, паездкамі на прыроду, падарожжамі па гарадах Беларусі.

В.В.Дзяйнека актыўна ўдзельнічае ў прафсаюзным руху, узначальвае Савет маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста, дзейнасць якога накіравана на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, замацаванне кадраў.

Выхаванцы Вольгі Валер’еўны – актыўныя ўдзельнікі і пераможцы рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, раённых і абласных конкурсаў даследчых работ школьнікаў, рэспубліканскага конкурсу “Ад школьнага праекта да прафесійнай кар’еры”, раённай прадметнай алімпіяды сярод вучняў 5 – 6 класаў, раённага конкурсу чытальнікаў сярод вучняў 5 – 7 класаў. Малады педагог займаецца з дзецьмі навукова-пошукавай дзейнасцю, развівае іх пазнавальныя інтарэсы, рыхтуе старанных і ўдумлівых даследчыкаў беларускай мовы і літаратуры.

Добрасумленная і выніковая праца Вольгі Валер’еўны адзначана ганаровай граматай упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. В.В.Дзяйнека – пераможца сёлетняга абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”.

Спыняцца на дасягнутым Вольга Валер’еўна не збіраецца, бо імкнецца стаць прафесіяналам сваёй справы. У гэтым мэтанакіраванага педагога ўсяляк падтрымлівае і заахвочвае дырэктар школы Г.П.Валынец, якая ўважліва ставіцца да маладых кадраў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.