Упартасць, настойлівасць, працавітасць

19.08.2019
Народная мудрасць сцвярджае, што ўпарты бамбук праб’е і асфальт. Гэтае выслоўе з’яўляецца жыццёвам крэда настаўніцы нямецкай мовы Наталлі Сяргееўны Гузарэвіч з гімназіі № 2 Пінска.
Выпускніца гімназіі годна працягвае лепшыя традыцыі сваіх настаўнікаў. На працягу многіх гадоў аддае сэрца не толькі сваім дзецям, якіх у яе трое, але і вучням. За 20 гадоў работы ў гімназіі Наталля Сяргееўна зарэкамендавала сябе высокакваліфікаваным, працавітым, ініцыятыўным і творчым спецыялістам.

- Толькі ўпартасць, настойлівасць і карпатлівая праца могуць дапамагчы ў ў дасягненні пастаўленай мэты, - лічыць выпускніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. – Гэтыя важныя якасці характару выхоўваю і ў вучняў.

Урокі Наталлі Сяргееўны вылучаюцца камунікатыўнай накіраванасцю і метадычнай прадуманасцю. З дапамогай розных метадаў і прыёмаў настаўніца дае вучням трывалыя і глыбокія веды па нямецкай мове. Эфектыўна выкарыстоўвае элементы сучасных адукацыйных тэхналогій: інфармацыйна-камунікацыйных, праблемнага навучання, даследчай і праектнай дзейнасці, навучання ў супрацоўніцтве.

Н.С.Гузарэвіч назапасіла станоўчы вопыт работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Выхаванцы педагога – пераможцы ўсіх этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове і Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ школьнікаў, актыўныя ўдзельнікі міжнародных праектаў. Паліна Северына і Вера Сагановіч – лаўрэаты спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Наталля Сяргееўна актыўна ўзаемадзейнічае ў рамках ініцыятывы “Школы – партнёры будучыні” з Федэральным упраўленнем школьнай адукацыі за мяжой Германіі, з’яўляецца членам камісіі па прыёме іспытаў па нямецкай мове на атрыманне шпрах-дыпломаў.

Н.С.Гузарэвіч – рэцэнзент вучэбнага дапаможніка па нямецкай мове для васьмікласнікаў гімназій. Некалькі гадоў працавала ў гарадскім рэсурсным цэнтры па падрыхтоўцы вучняў да Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове. Выдатныя арганізатарскія здольнасці педагога дапамагаюць ёй паспяхова кіраваць гімназічным вучэбна-метадычным аб’яднаннем настаўнікаў нямецкай мовы.

У вольны час Наталля Сяргееўна шые (амаль увесь гардэроб пашыла сама), кулінарнічае, падарожнічае па Беларусі і за мяжой, шмат чытае.

- Шчасце – гэта мець дружную сям’ю, любімую работу, пастаянна развівацца і дзяліцца сваім вопытам з калегамі і вучнямі, - лічыць настаўніца.

Асабістыя якасці педагога, яе прафесіяналізм, кампетэнтнасць і высокія прафесійныя дасягненні ацэнены па заслугах: па выніках мінулага года Наталля Сяргееўна стала чалавекам года Пінска ў галіне адукацыі і навукі.

За высокае педагагічнае майстэрства, поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей Н.С.Гузарэвіч адзначана ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і прэміяй Брэсцкага аблвыканкама за падрыхтоўку пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Таццяна ЛІПАЕВА,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Пінска.