Два ў адным

22.08.2019
Вельмі радуе, што ў наш прагматычны час з культам матэрыяльнага дабрабыту сустракаюцца людзі, непадуладныя гэтаму. Пазнаёмілася з Уладзіславай Уладзіміраўнай і Ігарам Мікалаевічам Скавародка, членамі Беларускага саюза мастакоў, на абароне творчых работ вучняў у сярэдняй школе № 10 Брэста. Абодва педагогі – выпускнікі мастацка-графічнага факультэта тагачаснага Віцебскага педагагічнага інстытута імя П.М.Машэрава.
І вось я ў майстэрні мастакоў. Людзі творчых прафесій, як правіла, даволі рана праяўляюць свае здольнасці. Да мастацтва Ігара Мікалаевіча цягнула з дзяцінства. Настаўнік працоўнага навучання Вячаслаў Аркадзьевіч Гушча зацікавіў вясковага хлапчука разьбой па дрэве, якое завалодала ім на ўсё жыццё. Уладзіслава Уладзіміраўна атрымала першыя ўрокі малявання ў маці, а сустрэча з педагогамі Уладзімірам Дзмітрыевічам Тулупавым і Аляксандрам Аляксеевічам Апонцавым, членамі Беларускага саюза мастакоў, выкладчыкамі дзіцячай мастацкай школы №1 Брэста, вызначыла жыццёвы шлях.

Педагогі пішуць карціны, кожная з якіх з’яўляецца нечаканым адкрыццём мікракосмасу асобы з уласнай творчай планетай, дзе фарбы  палотнаў прыцягваюць і ўжо не адпускаюць. Работы мастакоў вылучаюцца глыбінёй і арыгінальнасцю выбраных тэм. Многія палотны – гэты аповед ў часе і прасторы, бо акварэль падобная на само жыццё. Малюючы, мастакі размаўляюць з навакольным светам на мове фарбаў. Выявы, перададзеныя пэндзлем, нараджаюцца з убачаных вобразаў прыроды роднага краю. Акварэльныя фарбы зачароўваюць і зараджаюць жыццёвай энергіяй. Сярод работ мастакоў – “Раніца”, “Вячэрні Брэст”, “Храмы Берасцейшчыны”, серыя палотнаў “Стары парк”, “Бабіна лета”, пейзажы з цыкла “Браслаўскія азёры”, серыя карцін па матывах малой радзімы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча...

Ігар Мікалаевіч працуе ў тэхніцы маслянага жывапісу. Ужо назвы работ скіроўваюць да роздуму. Сярод іх – “Камянецкія званы”, прасякнутыя любоўю да Бацькаўшчыны. Мастак нязмушана і лёгка перадае непаўторныя асаблівасці і каларыт роднай мясцовасці на палотнах, поўных святла.

Крыніца натхнення для сямейнай пары – простыя рэчы, маляўнічыя куткі малой радзімы, немудрагелістыя прадметы побыту, прырода... Носьбіты мастацкай гармоніі, педагогі ўмеюць захаваць на сваіх палотнах унікальнасць моманту з адметным почыркам. Работы пакідаюць месца для шматкроп’я, за якім – працяг бясконцай карціны свету.

Ігар Мікалаевіч і Уладзіслава Уладзіміраўна любяць сваю прафесію і тых, каму прысвяцілі жыццё. Іх поспех складаецца з маленькіх поспехаў выхаванцаў. А разам яны робяць сапраўдныя цуды. Вучні педагогаў –пераможцы шматлікіх конкурсаў. Але настаўнікі не падлічваюць перамогі, а самааддана шчыруюць у сярэдняй школе № 10 Брэста.

- Дзяцей трэба любіць, тады яны, нібы кветкі, адкрыюцца сонцу і павераць табе, - лічыць Уладзіслава Уладзіміраўна. – Дзеці любяць, адчуваюць і цэняць праўду ўзаемаадносін.

У педагогаў шмат прадаўжальнікаў творчай справы: мадэльеры Вольга Савінава і Кацярына Міхноўская, архітэктары Юрый Ткачэнка, Валерыя Ярмак, Дзмітрый Залататрубаў і інш.

Настаўнікі-мастакі актыўна ўдзельнічаюць у розных пленэрах, у тым ліку міжнародных, ладзяць уласныя выставы і маюць шмат прыхільнікаў свайго таленту. У.У.Скавародка і А.С.Завадская – аўтары вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў для 5 – 6 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Асноўныя тэхнікі роспісу тканіны”. Акрамя таго, Уладзіслава Уладзіміраўна – складальніца праграмы для нядзельных школ па рукадзеллі.

Сутнасць чалавечага шчасця для Уладзіславы Уладзіміраўны – у мацярынстве і дзіцячых вачах, якія струменяць радасцю ад створаных работ, а для Ігара Мікалаевіча – у тым, каб пакінуць след на роднай зямлі, быць не спажывальнікам, а стваральнікам свету. І гэта добра атрымліваецца ў шчаслівай сямейнай пары, якая распісвала аквапарк у Пружанах, інтэр’ер абедзеннай залы на ААТ “Савушкін прадукт”, музей касманаўтыкі ў Тамашоўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, Мокраўскі дзіцячы сад – сярэднюю школу Пружанскага раёна і 32 м2 сцяны на вуліцы Міцкевіча ў Брэсце да 1000-годдзя горада над Бугам.

Педагогі мараць стаць сапраўднымі прафесіяналамі ў мастацкай і настаўніцкай справе, пакінуць след на роднай зямлі фарбамі сваіх палотнаў.

- Такіх людзей, як Уладзіслава Уладзіміраўна і Ігар Мікалаевіч, не так і шмат, - адзначае дырэктар сярэдняй школы №10 Брэста А.М.Старык. – Творчыя, працавітыя, добрыя, шчырыя, душэўныя…

- Два ў адным, - з павагай дадаюць калегі.

Ніна ДРЫК,

намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.

Фота Яўгена АДАЕВА.