Лукаўскі “садоўнік”
20.09.2019Любоў Рыгораўна лічыць, што, ідучы па жыцці, неабходна пастаянна азірацца на пройдзены шлях, каб дэталёва прааналізаваць дапушчаныя памылкі і недахопы, выправіць іх і пастарацца больш не паўтараць.
Л.Р.Алесік вырасла ў вясковай сям’і. Бацькі з маленства прывучалі да працы, павагі людзей, любові да роднага краю. У вольны час бавілася тым, што гуляла ў школу. Ужо тады ўзнікла моцнае жаданне стаць настаўніцай пачатковых класаў, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна. Маларытчына стала першым і адзіным месцам работы.
- Спачатку два летнія месяцы працавала важатай у міжкалгасным аздараўленчым лагеры “Бярозка”, - успамінае Любоў Рыгораўна. ‒ Вакансіі настаўніцы пачатковых класаў у раёне не было, таму прапанавалі папрацаваць выхавальніцай у Ланскім дзіцячым садзе. Шчыра кажучы, гэта мяне не вельмі задавальняла, бо бачыла сябе толькі ля дошкі з крэйдай і ўказкай. Так хацелася вучыць першакласнікаў! Да нязвыклай работы паставілася сур’ёзна і адказна. І неўзабаве без сваіх 18 хлопчыкаў і дзяўчынак ужо не ўяўляла жыцця. Ды і з бацькамі выхаванцаў адразу знайшла кантакт. Работа стала падабацца.
Праз паўгода ў Ланской базавай школе з’явілася вакансія піянерважатай. Тагачасны дырэктар установы Л.І.Русак прапанавала работу маладому спецыялісту. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, Любоў Рыгораўна згадзілася. У жыццё ўвайшлі паходы, экскурсіі, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы. 6 гадоў работы ў школе далі каштоўны педагагічны вопыт, неабходныя навыкі і веды, упэўненасць у сваіх сілах, навучылі ладзіць з людзьмі, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Працуючы ў школе, атрымала вышэйшую адукацыю ў тагачасным Брэсцкім дзяржаўным інстытуце імя А.С.Пушкіна.
Неўзабаве лёс зноў закінуў Любоў Рыгораўну ў Лукава. Пачаўся новы этап яе педагагічнага жыцця, насычанага рознымі падзеямі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі. У вёсцы якраз адкрываўся дзіцячы сад, куды патрабаваліся выхавальнікі. Л.Р.Алесік прапанавалі пасаду загадчыцы. За гады работы яна зрабіла яго прыгожым, цёплым і ўтульным домам для кожнага выхаванца.
Сёння дзіцячы сад наведваюць 44 хлопчыкі і дзяўчынкі. Для іх створаны 3 групы. Ва ўстанове працуюць 18 чалавек, у тым ліку 8 педагогаў. Калектыў энергічны, крэатыўны, ініцыятыўны, дружны, зладжаны, творчы. Кожны ўкладвае ў работу частку душы, каб стварыць выхаванцам камфортныя ўмовы, падарыць цяпло сваіх сэрцаў і ласку. У гэтым бачаць сваё прызванне і прызначэнне.
На тэрыторыі сада ў вочы адразу кідаецца прыгажосць, створаная дбайнымі рукамі педагогаў. Калектыў установы вялікую ўвагу ўдзяляе добраўпарадкаванню. На тэрыторыі сада з ранняй вясны да позняй восені цвітуць розныя кветкі. Прыгожа і ў групах.
- Асаблівую ўвагу ўдзяляем фарміраванню ў дзяцей навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці, пытанням здаровага ладу жыцця, актыўна далучаем малышоў да нацыянальна-культурных традыцый беларускага народа, выхоўваем любоў і павагу да роднага краю, - расказвае Л.Р.Алесік. ‒ У садку створаны неабходныя ўмовы для паўнавартаснага фізічнага і эмацыянальнага развіцця дзяцей. У сваёй дзейнасці кіруемся прынцыпамі, метадамі і прыёмамі, якія дазваляюць рознабакова развіваць асобу кожнага дзіцяці ў адпаведнасці з яго індывідуальнымі магчымасцямі і здольнасцямі. Укараняючы новыя методыкі выхаваўчага працэсу, імкнёмся працаваць на станоўчы вынік.
Любоў Рыгораўна прызнаецца, што для яе ўсе работнікі дашкольнай установы найперш калегі, а ўжо потым падначаленыя. Загадчыца любіць дысцыпліну і парадак, але без перабору. Яе ўважлівае вока бачыць ўсё – ад адукацыйнага працэсу да спраў на кухні.
- Калі стаўлю перад сабой нейкую мэту, стараюся заўсёды дасягнуць яе, - гаворыць Л.Р.Алесік. – Не прывыкла збочваць з дарогі, калі на ёй сустракаюцца перашкоды. Сябе адношу да тых шчаслівых людзей, якія прачынаюцца і ідуць на работу з радасцю і задавальненнем.
Калегі характарызуюць Любоў Рыгораўну як высокакультурнага, шчырага, неабыякавага, інтэлігентнага і прынцыповага чалавека.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.