Аксакал дадатковай адукацыі

10.10.2019
Ніна Міхайлаўна Алесіюк – адзін са старэйшых педагогаў дадатковай адукацыі Маларытчыны. З дзецьмі працуе ўжо 43 гады. З будучай прафесіяй вызначылася яшчэ ў пачатковых класах.
- На прафесійны выбар паўплывала настаўніца пачатковых класаў Настасся Васільеўна Хамічук, урокі якой заўсёды былі цікавымі і запамінальнымі, - расказвае Н.М.Алесіюк. – На занятках гэтага педагога дзеці не толькі атрымлівалі неабходныя веды, уменні і навыкі, але і вучыліся дабрыні, спагадзе, шчырасці, узаемадапамозе. Вельмі хацелася ва ўсім быць падобнай на першую настаўніцу.
Пасля заканчэння школы Ніна Міхайлаўна паступіла ў тагачасны Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, за час вучобы ў якім асвоіла піяніна і акардэон. Першыя ўрокі прынеслі і радасць, і горыч ад няспраўджаных надзей.
- Вельмі хацелася пачаць працоўную дзейнасць, - гаворыць Н.М.Алесіюк. – Літаральна спала і бачыла сябе ля дошкі з указкай і падручнікам у руках. Але месца настаўніцы пачатковых класаў у Высокаўскай базавай школе Маларыцкага раёна, куды была размеркавана на работу, не аказалася. Давялося выкладаць гісторыю і рускую мову ў 5 класе.

Калектыў школы на чале з дырэктарам стварыў для маладога педагога неабходныя ўмовы для прафесійнага станаўлення. Шчырая і даверлівая атмасфера вельмі дапамагала гэтаму. Праз год Ніну Міхайлаўну перавялі працаваць па атрыманай спецыяльнасці.

- Стаўшы нарэшце настаўніцай пачатковых класаў, зразумела, што гэта не зусім тое, да чаго рыхтавалася, - прызнаецца Н.М.Алесіюк. – У класе вучыліся 15 дзяцей, з якіх 8 былі першакласнікі, 3 – другакласнікі і 4 – трэцякласнікі. Працаваць у такім класе было даволі складана. Патрабавалася асаблівае майстэрства, каб кожнаму вучню даць неабходныя веды. Найбольшую цяжкасць выклікала складанне раскладу заняткаў. На адным уроку даводзілася адначасова выкладаць 3 прадметы, напрыклад, маляванне, матэматыку і літаратурнае чытанне.

Любоў да дзяцей не адпускала маладога педагога і летам. Свой адпачынак Ніна Міхайлаўна праводзіла сярод дзяцей, працуючы старшай піянерважатай у міжкалгасным (раённым) аздараўленчым лагеры “Бярозка”. Актыўнага і ініцыятыўнага педагога заўважылі і адзначылі граматай Міністэрства асветы СССР.

Пасля замужжа Н.М.Алесіюк працавала ў Лукаўскай сярэдняй школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а потым пераехала ў Маларыту.

- Паколькі настаўніцкіх вакансій у горадзе не было, раённы аддзел адукацыі прапанаваў узначаліць мясцовы Дом піянераў, - расказвае Ніна Міхайлаўна. –  Шчыра кажучы, мяняць настаўніцкую работу на кіраўніцкую ніякага жадання не было. Але ў аддзеле адукацыі ўгаварылі. Так у 1985 годзе стала дырэктарам Дома піянераў. На гэтай пасадзе давялося адразу заняцца гаспадарчымі справамі, найперш рамонтам старога будынка. Праз год папрасілася назад у школу, але ў райкаме КПБ сказалі, што я вельмі патрэбна там, куды мяне накіравалі. Спачатку нават расплакалася, а потым вырашыла: раз не адпускаюць, значыць давяраюць. І больш не прасілася перавесціся ў школу.

На пасадзе дырэктара Дома піянераў, а затым Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Н.М.Алесіюк працавала старанна, удумліва, творча і адказна. Кіраўніцкая пасада стала для Ніны Міхайлаўны сапраўдным прызваннем, якое прыносіла радасць і задавальненне на працягу 34 гадоў. Сёння былы дырэктар працуе метадыстам у гэтай жа ўстанове і па-ранейшму жыве яе штодзённымі справамі і клопатамі.

Калегі характарызуюць Ніну Міхайлаўну як працавітую, сціплую, добразычлівую і тактоўную жанчыну. Асабліва падкрэсліваюць яе дабрыню, спагаду і шчырасць. За многія гады Н.М.Алесіюк заслужыла павагу і аўтарытэт у калег, навучэнцаў і іх бацькоў. Яна з’яўляецца прыкладам творчых адносін да сваёй справы, займаецца пастаянным самаўдасканальваннем. Дзякуючы багатаму педагагічнаму вопыту, Ніна Міхайлаўна знаходзіць агульную мову з дзецьмі любога ўзросту і ўмее зацікавіць іх творчасцю.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.