Крыніца натхнення – вучні

28.10.2019
За шматгадовую педагагічную дзейнасць Святлана Аляксандраўна Ліс ні разу не ўсумнілася ў правільнасці прафесійнага выбару. У настаўніцкай рабоце яна не толькі знайшла і рэалізавала сябе, але і дасягнула высокага майстэрства. Шчыра ўлюбёная ў сваю справу, педагог пагружае вучняў гімназіі №2 Баранавіч у цікавы і захапляльны свет геаграфіі.
- Геаграфія – адзін з прадметаў, які фарміруе светапогляд чалавека і мае шырокія міжпрадметныя сувязі, - гаворыць Святлана Аляксандраўна. – У прафесію прыйшла ўсвядомлена. Перад вачыма быў прыклад маці, настаўніцы матэматыкі. Першыя самастойныя крокі ў педагагічнай дзейнасці былі няпростымі. Але гэта не пужала. Карпатлівая праца і высокая патрабавальнасць да сябе дапамаглі ў прафесійным станаўленні.

С.А.Ліс знаходзіцца ў пастаянным пошуку эфектыўных форм, метадаў і прыёмаў работы з вучнямі. Настаўніца выпрацавала індывідуальны стыль, уласную тэхналогію паспяховага засваення вучэбнага матэрыялу. Эрудыцыя, назіральнасць, аналітычнае майстэрства, добразычлівая і творчая атмасфера на ўроках – у гэтым сакрэт эфектыўнай вучэбнай дзейнасці педагога і яе выхаванцаў.  

Святлана Аляксандраўна аддавала шмат часу і сіл вучням 11 “Б” класа, дзе з’яўлялася класным кіраўніком. Юнакі і дзяўчаты характарызуюць настаўніцу як вельмі патрабавальнага, дысцыплінавага і эрудзіраванага педагога, адзначаюць яе справядлівасць, дабрыню і клопат. З радасцю і ўсмешкамі ўспамінаюць класныя мерапрыемствы, шматлікія экскурсіі і турыстычныя паходы.   

- Мару, каб кожны з маіх выхаванцаў знайшоў у дарослым жыцці прызванне па душы, стаў прафесіяналам у працоўнай дзейнасці, набыў чалавечае шчасце, - прызнаецца С.А.Ліс.

Святлана Аляксандраўна паспяхова курыруе творчую групу класных кіраўнікоў па выхаванні экалагічнай культуры ў вучняў. Педагог па-майстэрску валодае сучаснымі метадамі, формамі і прыёмамі, якія фарміруюць у дзяцей экалагічнае мысленне. Настаўніца вучыць іх быць лепшымі, бо сама ўсё жыццё імнецца быць такой. У поспехах вучняў бачыць сэнс сваёй працы. Выхаванцы педагога неаднаразова станавіліся пераможцамі гарадскіх і абласных конкурсаў, краязнаўчых алімпіяд і канферэнцый даследчых работ.

Вялікую ўвагу С.А.Ліс удзяляе краязнаўчай дзейнасці. Заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Геаграфічнае краязнаўства”, якім кіруе настаўніца, дапамагаюць фарміраваць у дзяцей важныя маральныя якасці шляхам вывучэння прыроднай і культурнай спадчыны малой радзімы. Пры даследаванні роднага краю звяртаецца да праектнай методыкі. Так, работа “Крыніцы – крыніца чыстай вады”, падрыхтаваная шасцікласнікам Аляксандрам Гілём, атрымала дыплом І ступені ў Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ у намінацыі “Геаграфічнае краязнаўства”. Мэта работы заключалася ў вывучэнні 11 крыніц на тэрыторыі Баранавіцкага раёна ў басейнах некалькіх рэк і вызначэнні іх эколага-геаграфічнай характарыстыкі. Пад кіраўніцтвам педагога вучань склаў картаграфічнае апісанне аб’ектаў, вызначыў фізіка-хімічныя асаблівасці крынічнай вады і нанёс крыніцы на карту-схему “Крыніцы Баранавіцкага раёна”. Атрыманая інфармацыя змешчана ў выглядзе інтэрактыўнай карты на гімназічным сайце “Крыніцы Беларусі”, створаным Аляксандрам, і можа выкарыстоўвацца на ўроках геаграфіі, біялогіі і хіміі, класных і інфармацыйных гадзінах, а таксама падчас інфармацыйна-асветніцкай работы з насельніцтвам.   

Кожны вучань для Святланы Аляксандраўны – гэта крыніца натхнення і творчага пошуку. За кожнага перажывае і хвалюецца, пра кожнага клапоціцца. Выхаванцы, нібы крынічкі, прабіраюцца ў шырокую раку дарослага жыцця, увабраўшы любоў і пяшчоту матчынай крыніцы, да якой не раз яшчэ будуць вяртацца.

Вольга КАХОВІЧ,

настаўніца англійскай мовы гімназіі №2 Баранавіч.