Захапіўся сам – захапі іншых

24.02.2020
У кожнага чалавека ёсць прызванне да пэўнай прафесіі. Трэба толькі своечасова пачуць голас сэрца. Невядома, як бы склаўся прафесійны лёс Рыгора Уладзіміравіча Ёкіша, каб ён больш за 30 гадоў назад не прыйшоў працаваць у Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці.
Будучы педагог дадатковай адукацыі з дзяцінства любіў канструяваць, асабліва авіямадэлі. Марыў вырабіць уласную. Але гэта дапытліваму хлапчуку пакуль не ўдавалася.

- Усё змянілася з пачаткам урокаў фізікі, якую выкладала цудоўны педагог Ала Пятроўна Амельянюк, - гаворыць Рыгор Уладзіміравіч. – Менавіта яна паўплывала на выбар маёй будучай прафесіі. Памятаю, як вельмі часта пасля ўрокаў мы распрацоўвалі новыя мадэлі самалётаў, якія потым запускалі на школьнай тэрыторыі.

Р.У.Ёкіш вучыўся ў Паўночнадзвінскай школе тэхнікаў, дзе рыхтавалі ракетчыкаў для атамных падводных лодак. Пасля заканчэння ўстановы служыў у ваенна-марскім флоце. Быў накіраваны на атамны падводны крэйсер стратэгічнага прызначэння, які дыслацыраваўся на Камчатцы. Але нават у марскіх глыбінях не забываў пра любімае захапленне і заўсёды браў з сабой у паход набор для пабудовы авіямадэлей. Да сённяшняга часу Рыгор Уладзіміравіч з радасцю ўспамінае розныя гісторыі, звязаныя са сваім хобі.

- Ішлі гады, а дзіцячая мара вырабіць уласнымі рукамі мадэль радыёкіруемага самалёта ўсё не давала спакою, - прызнаецца Р.У.Ёкіш. – Хацелася заняцца любімай справай прафесійна, набрацца неабходнага вопыту, якім можна было затым падзяліцца з кім-небудзь.

Любоў да дзяцей і авіямадэлізму прывялі Рыгора Уладзіміравіча ў тагачасны Дом піянераў і школьнікаў. Дырэктар установы ахвотна прапанавала маладому чалавеку работу, убачыўшы яго энтузіязм і прагу да працы. Так Р.У.Ёкіш узначаліў спачатку гурток па авіямадэляванні, а потым па картынгу. Завочна скончыў факультэт працоўнага навучання тагачаснага Мазырскага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай.

На працягу 10 гадоў захоплены педагог вырабляў з дзецьмі розныя мадэлі самалётаў і картынгаў. Многія выхаванцы Рыгора Уладзіміравіча дасканала авалодалі тэхнічнымі ўменнямі і навыкамі, кіраваннем аўтамабіля, дзякуючы чаму з лёгкасцю атрымлівалі затым вадзіцельскія правы.

На жаль, па сямейных абставінах педагогу давялося на невялікі час пакінуць любімую работу. Але дзе б ён ні працаваў, яго душа ўсё роўна імкнулася да тэхнічнага мадэлявання. У 2014 годзе Р.У.Ёкіш вярнуўся ў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці, дзе зноў заняўся з навучэнцамі рознымі вынаходствамі. Педагог адразу знайшоў агульную мову з падлеткамі. І гэта нядзіўна. Іх аб’ядноўвалі цікавасць да тэхнікі і вялікае жаданне ствараць што-небудзь новае.

Пад кіраўніцтвам Р.У.Ёкіша дзеці ў аб’яднаннях па інтарэсах “Авіямадэляванне” і “Картынг” вырабляюць самаробную тэхніку з дэталей, якія ўжо нідзе не выкарыстоўваюцца, за выключэннем рухавікоў. Свае ідэі юныя вынаходнікі чэрпаюць з інтэрнэту ці прыдумляюць самі. Вынікі радуюць. Выхаванцы Рыгора Уладзіміравіча ўжо вырабілі два картынгі. У планах – купіць яшчэ адзін рухавік і зрабіць штосьці асаблівае.

Сакрэт поспеху навучэнцаў відавочны. Педагог заўсёды падкажа, параіць, дапаможа, падтрымае. Дзеці надзвычай адказна адносяцца да заняткаў, прыслухоўваюцца да парад, праяўляюць ініцыятыву. Р.У.Ёкіша радуе, што многія яго выхаванцы звязалі далейшае жыццё з тэхнічнымі спецыяльнасцямі. Значыць, ён стараўся недарэмна.

- У аб’яднаннях па інтарэсах дзеці могуць знайсці сябе, заняцца тым, што можа спатрэбіцца ў будучыні, - заўважае Рыгор Уладзіміравіч. – У кожнага ёсць любімая справа, у якую ўкладваецца частка душы. Галоўнае – захапіць дзіця, а потым паступова развіваць яго інтарэсы і здольнасці. Хлапчукі, якія прыходзяць на мае заняткі, любяць пілаваць, круціць гайкі, збіраць дэталі, прыдумляць новае і ўвасабляць яго ў рэальнасць. Тэхнічныя веды спатрэбяцца не толькі пры паступленні ва ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі, але і ў жыцці. Сёння ва ўзброеных сілах любой краіны шырока выкарыстоўваюцца беспілотныя лятальныя апараты, якімі трэба ўмець кіраваць.

У Р.У.Ёкіша займаюцца не толькі хлопчыкі. Некалькі гадоў назад да яго прыйшла дзяўчынка, бацька якой працаваў камбайнерам. Разам з ім яна часта ездзіла на трактары і ведала тэхніку значна лепш, чым хлопчыкі. Дзяўчынка аказалася вельмі здольнай, хутка разабралася ў будове рухавіка і без праблем асвоіла картынг.

Рыгор Уладзіміравіч – таленавіты педагог і чалавек з добрымі душэўнымі якасцямі. Для дзяцей ён не столькі настаўнік, колькі найперш надзейны сябар, да якога заўсёды можна звярнуцца па дапамогу. Каб быць на адной хвалі з сучаснымі падлеткамі, разумець іх патрэбы і інтарэсы, Р.У.Ёкіш стараецца ісці ў нагу з часам: чытае спецыяльную літаратуру, займаецца самаадукацыяй. Захапляецца паляваннем, любіць гуляць па лесе, каб пабыць сам-насам з прыродай.

Кацярына ЛЕЛЕС,

выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.