Крыху чараўнік

08.04.2020
Выхавальніца Юлія Анатольеўна Савіцкая з Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна любіць сваю прафесію за тое, што яна дазваляе шмат разоў пражываць дзяцінства. Праўда, педагог не адразу знайшла сябе ў прафесійнай дзейнасці, хаця і выбірала яе, як спачатку здавалася, усвядомлена і мэтанакіравана. Жыццё падкарэкціравала першапачатковыя планы. І даволі ўдала.
Ю.А.Савіцкая родам з Жодзіна. Цікавасць да гуманітарных навук прывяла ўчарашнюю школьніцу на філалагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Пасля яго заканчэння Юлія Анатольеўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў адной з жодзінскіх школ, потым – метадыстам у гарадскім аддзеле адукацыі і ў Жодзінскай жаночай гімназіі.

Невядома, як склаўся б далейшы лёс педагога, калі б 6 гадоў назад яна па сямейных абставінах не апынулася на Піншчыне. Работы па спецыяльнасці там не аказалася. Настаўніцы прапанавалі папрацаваць выхавальніцай у дашкольнай установе, на што яна з задавальненнем пагадзілася.

- Шчыра кажучы, пасля 13 гадоў работы настаўніцай і метадыстам, хацелася паспрабаваць сябе ў новай ролі, - прызнаецца Ю.А.Савіцкая. – Было б памылкай не скарыстацца шансам, які падарыў лёс. І я вельмі ўдзячна яму, бо зразумела, што менавіта дашкольная адукацыя – гэта тое, чым насамрэч хацелася б займацца далей. Нездарма кажуць: калі ўдала выбраць працу і ўкласці ў яе сваю душу, то шчасце само вас адшукае. Так і атрымалася. Выхавальнік – цудоўная прафесія! Штодзень ідучы на работу, не ведаеш, кім будзеш сёння: псіхолагам, скульптарам, мастаком, актрысай… Галоўная задача – замяніць маму. А зрабіць гэта вельмі цяжка.

Сучасны свет, як дзеці: увесь час у руху. А сучасны выхавальнік – гэта не звод норм і правіл, а найперш той, хто ўмее бачыць і чуць дзяцей з іх жаданнямі і патрэбамі, не баіцца пастаянна вучыцца. За час работы ў яслях-садзе Юлія Анатольеўна ўдзельнічала ў розных конкурсах, выставах і педканферэнцыях, прайшла перападрыхтоўку ў АПА па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і курсы па навучанні дзяцей англійскай мове. Ю.А.Савіцкая – фіналіст раённых педчытанняў і адна з пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года – 2020”.

- У дзецях падабаюцца адкрытасць і цікаўнасць, - гаворыць Юлія Анатольеўна. – Абавязкова ўлічваю гэта ў сваёй рабоце. Так, вялікую ўвагу ўдзяляю экалагічнай адукацыі. Пад маім кіраўніцтвам малышы выконваюць экалагічныя праекты па раздзельным зборы смецця, энергазберажэнні, беражлівых адносінах да навакольнай прыроды. Не абыходжу ўвагай здаровы лад жыцця і фізічнае выхаванне. Галоўнае ў гэтым – уласны прыклад. Заняткі фітнесам сталі добрай сямейнай традыцыяй.

Педагагічнае крэда Ю.А.Савіцкай – “Кожны выхавальнік крыху чараўнік!” І гэта цалкам заканамерна. Раскрываць таленты дзяцей, развіваць іх пазнавальную актыўнасць і, самае важнае, любіць і прымаць выхаванцаў такімі, як ёсць, - сапраўднае чараўніцтва!

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.