Чалавек-космас

24.07.2020
У кожнага чалавека сваё разуменне жыццёвай паспяховасці. Адны бачаць яе ў творчасці, другія – у сям'і, трэція – у прафесіі, чацвёртыя – у дабрабыце. Юрый Уладзіміравіч Асінчанка лічыць, што дасягнуў у жыцці поспеху, які зрабіў яго неверагодна шчаслівым чалавекам.
Ён нарадзіўся і вырас у той час, калі многія школьнікі марылі стаць касманаўтамі ці навуковымі даследчыкамі Сусвету. Гэтую дзіцячую мару будучы педагог пранёс праз усё жыццё. Многія выхаванцы тагачаснай Брэсцкай абласной станцыі юных тэхнікаў, сярод якіх быў і наш герой, сталі лётчыкамі і авіяцыйнымі інжынерамі. Але былі і тыя, хто пайшоў па слядах сваіх педагогаў. Адзін з іх – Ю.У.Асінчанка. Дзякуючы такім таленавітым педагогам, Брэсцкая абласная станцыя юных тэхнікаў доўгі час заставалася адной з лепшых устаноў у краіне.

За плячыма Юрыя Уладзіміравіча 44 гады педагагічнага стажу. 44 гады шчырай і неспатольнай любові да навукі, тэхнікі і, самае галоўнае, да дзяцей. Пасля заканчэння інстытута ён прыйшоў на Брэсцкую абласную станцыю юных тэхнікаў і працуе там да сённяшняга часу, зусім не растраціўшы маладой энергіі, аптымізму, працавітасці, захаплення небам і авіяцыяй.

Навука, космас і тэхніка цікавілі яго з дзяцінства. Нягледзячы на тое, што ён атрымаў адукацыю, не звязаную з тэхнікай, звязаў з ёй усё жыццё. І яно даказала правільнасць такога выбару. Шматгадовая плённая дзейнасць педагога дадатковай адукацыі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Ю.У.Асінчанкі адзначана нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Беларусі», Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Беларусі. Выхаванцы педагога – уладальнікі шматлікіх узнагарод, атрыманых па выніках розных конкурсаў, спаборніцтваў і выстаў. На ВДНГ у Маскве яны тройчы заваёўвалі бронзавыя медалі.

Юрый Уладзіміравіч заўсёды ахвотна дзеліцца ведамі і багатым вопытам з калегамі, у тым ліку на старонках вядомага часопіса «Юны тэхнік», дзе былі надрукаваны яго матэрыялы па стварэнні мадэлі касмічнага чаўнака «Буран», паветранага змея «Лятучы галандзец», настольнай мадэлі самалёта І-16, кідальнага планера, мадэлі яхты… Нягледзячы на паважаны ўзрост, педагог па-ранейшаму актыўна працуе, натхняючы моладзь на новыя ідэі. Ён і сёння з'яўляецца галоўным суддзёй на прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтвах па ракетамадэльным спорце.

Захапленне космасам і авіяцыяй перадаецца і выхаванцам Юрыя Уладзіміравіча, якія займаюцца пад яго кіраўніцтвам тэхнічнай творчасцю ў галіне ракета- і суднамадэлявання, тэхнічнага канструявання. Педагог імкнецца выклікаць у дзяцей цікавасць да навукі і тэхнічнай творчасці, захапіць карыснымі справамі, абудзіць і раскрыць творчыя здольнасці, пашырыць кругагляд, сфарміраваць агульную культуру. І гэта яму ўдаецца, бо яго заняткі карыстаюцца папулярнасцю. Навучэнцы ведаюць, што педагог абавязкова дапаможа ў розных пытаннях, бо ведае сакрэты жыццёвага поспеху. Адзін з іх – быць патрэбным.

Юрый Уладзіміравіч вучыць дзяцей ніколі не спыняцца на дасягнутым, мэтанакіравана рухацца да пастаўленых мэт і перамагаць. І тады ўсё атрымаецца, як атрымалася ў яго. Ю.У.Асінчанка адзіны на Брэстчыне ўзнагароджаны медалём Ю.А.Гагарына ад Федэрацыі касманаўтыкі СССР.

Спасцігнуць Сусвет не менш складана, чым спазнаць чалавека, выхаваць яго, падштурхнуць да творчага пошуку, дапамагчы паверыць ва ўласныя сілы і магчымасці. Космас чалавека бясконцы, як Сусвет. І пакараюць іх зусім не супермены, а звычайныя людзі з багатай душой, трывалымі ведамі, жыццёвым досведам і незгасальным унутраным неспакоем. Як Юрый Уладзіміравіч Асінчанка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота Андрэя ЦЕРАБУНЯ.