Настаўнікам “запасу” так і не стаў!

28.09.2020
Вадзім Паўлавіч Шпетны – настаўнік ад Бога. На такіх трымаецца школа. Да вяршынь педагагічнага майстэрства ён ішоў не адзін год. На шляху прафесійнага станаўлення былі і непахісная ўпэўненасць у сабе, і хваляванні, і радасць перамог, і горыч расчараванняў, і ўзлёты, і невялікія падзенні. Гэта адначасова і засмучала, і надавала сілы працаваць лепш, стымулявала да творчасці і падштурхоўвала да няспыннага руху наперад.
В.П.Шпетны – асоба, вядомая не толькі на Маларытчыне і Брэстчыне, але і ва ўсёй Беларусі. Ён – пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года – 2001”, выдатнік адукацыі Беларусі. Завочна скончыў аспірантуру БДПУ імя Максіма Танка. На працягу 2009 – 2018 гадоў працаваў намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама па пытаннях сацыяльна-культурнага комплексу, інфармацыйнай работы і сувязях з грамадскасцю. Тройчы выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад Маларыцкай выбарчай акругі.

Але вернемся да вытокаў. Вадзім Паўлавіч скончыў з адзнакай тагачасны Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Геаграфія. Біялогія”. Працоўную дзейнасць пачынаў у роднай Ланской сярэдняй школе. Спачатку настаўнікам геаграфіі, потым сацыяльным педагогам і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. За 15 гадоў правёў шмат урокаў. Кожны з іх быў па-свойму цікавым і запамінальным. Настаўнік заўсёды імкнуўся матываць выхаванцаў да вучобы, будаваў урокі так, каб максімальна зацікавіць вучняў, зрабіць іх актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Заўсёды адказна падыходзіў да выбару метадаў, прыёмаў і форм работы, каб павысіць якасць адукацыі. Гэта прыносіла заканамерныя вынікі. Выхаванцы В.П.Шпетнага 6 разоў станавіліся пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.

Сваімі напрацоўкамі Вадзім Паўлавіч не раз дзяліўся на старонках прадметных часопісаў. Ён – аўтар дапаможніка “Геаграфія. У ІІ частках. Частка І. Фізічная геаграфія”, напісанага ў сааўтарстве з Яўгенам Мяшэчкам, кандыдатам геаграфічных навук, прафесарам кафедры геаграфіі Беларусі БрДУ імя А.С.Пушкіна. Як член клуба “Крыштальны журавель” удзельнічаў у семінарах-акцыях “Настаўнік года – адукацыі рэгіёна”, праводзіў майстар-класы, даваў адкрытыя ўрокі для педагогаў краіны. Працуючы намеснікам старшыні райвыканкама, В.П.Шпетны ніколі не забываў пра школу, не губляў з ёй сувязі: праводзіў адкрытыя ўрокі для калег і вучняў.

- Неяк прачытаў, што японцы рэкамендуюць чалавеку кожныя 5 – 7 гадоў мяняць сферу дзейнасці, - тлумачыць Вадзім Паўлавіч свой сыход са школы ў чыноўнікі. – Хацелася развівацца далей, паспрабаваць сябе ў іншым напрамку. Свядома пайшоў на меншы заробак, чым мог бы зарабляць настаўнікам. У мяне былі пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, я чытаў лекцыі ў Мінску і Брэсце. Мне плацілі добрыя надбаўкі. На новай пасадзе ад школьных спраў не адышоў. Штодзень сустракаўся з настаўнікамі, вырашаў іх пытанні. Настальгіраваў па доўгім адпачынку. Вельмі часта хацелася зноў увайсці ў клас, пастаяць ля карты з указкай і крэйдай ля дошкі, даць урок. А яшчэ – зірнуць у вочы дзяцей, адказаць на іх пытанні і шчыра пагаварыць пра ўсё на свеце. Педагогіка – мая стыхія. Таму нядзіўна, што праз 9 гадоў я зноў вярнуўся ў школу. Спачатку працаваў у сярэдняй школе № 2 Маларыты, а з верасня мінулага года – у Маларыцкай раённай гімназіі. Жыццё пайшло знаёмай сцяжынкай. У прафесію ўвайшоў лёгка і без асаблівага хвалявання. За плячыма быў вопыт, стаж работы, настаўніцкая сям’я. Склалася ўражанне, што ў клас вярнуўся пасля чарговага летняга адпачынку. Праўда, у сельскай школе, дзе працаваў раней, у класах рэдка было больш за 15 вучняў, а ў гімназіі – па 20 – 25, а то і больш. Але гэта не бянтэжыла. На жаль, за 9 гадоў не ў лепшы бок змяніліся адносіны да школы з боку грамадства, бацькоў, вучняў. Пабольшала паператворчасці. Празмерная рэгламентаванасць адукацыйнага працэсу шкодзіць, не садзейнічае раскрыццю патэнцыялу педагогаў. Лічу памылкай адмену ўступных экзаменаў пры паступленні ў гімназіі. І гэта далёка не адна праблема, якая хвалюе. Неабходна больш прыслухоўвацца да меркаванняў практыкаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, метадыстаў.

В.П.Шпетны лічыць, што педагог павінен валодаць бясспрэчным аўтарытэтам сярод вучняў і калег. Прафесіяналізм настаўніка могуць вызначыць яго выхаванцы, якія з’яўляюцца своеасаблівым каталізатарам педагагічнай кампетэнтнасці, і калегі. Прафесiяналiзм – галоўная ўмова якасцi адукацыi.

- Маё крэда – асабісты прыклад і пастаяннае самаўдасканаленне, - прызнаецца педагог.

Вадзім Паўлавіч збіраецца вярнуцца да актыўнай работы ў клубе “Крыштальны журавель”. Ужо ўдзельнічаў у некалькіх мерапрыемствах. В.П.Шпетны ўпэўнены, што дзейнасць “жураўлёў” – гэта крыніца інавацыйнай падпіткі адукацыі, перспектыўны напрамак яе будучага развіцця. Што да якасці вучэбных дапаможнікаў па геаграфіі, то, на думку педагога, яны павінны быць найперш даступнымі, зразумелымі і цікавымі. Зрабіць такі дапаможнік надзвычай складана. Некаторыя дапаможнікі можна замяніць рабочымі сшыткамі па прадмеце, бо яны больш даступныя, цікавыя і змястоўныя для вучняў.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.