У бясконцым пошуку невядомага

14.02.2019
У 25 гадоў ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 35 – доктарскую, а ў 44 стаў членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Максім Альбертавіч Багдасараў гаворыць, што гэта вынік мэтанакіраванай, напружанай і карпатлівай працы, падмацаванай унутранай патрэбай у атрыманні новых ведаў і пастаянным самаразвіцці.
- Навучыўся чытаць у тры гады, - прызнаецца М.А.Багдасараў. – Дамашняя бібліятэка была даволі вялікая, таму чытаў вельмі шмат. Змалку глядзеў навукова-папулярныя тэлеперадачы “Клуб падарожнікаў”, “У свеце жывёл” і “Відавочнае-неверагоднае”, якія моцна ўплывалі на цікавасць да прыродазнаўства. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываў і бацька – кандыдат геолага-мінералагічных навук, прафесар тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.

Ужо з трохгадовага ўзросту тата браў мяне ў экспедыцыі і на летнюю практыку са студэнтамі. Упершыню я пабываў у Карпатах, а з дзесяцігадовага ўзросту штогод ездзіў з ім па краінах былога СССР. Гэтыя паездкі пакідалі шмат незабыўных уражанняў. Нядзіўна, чаму ў дзяцінстве я марыў стаць палеантолагам, хаця вельмі цікавіўся і гісторыяй з археалогіяй. Цяга да ведаў, звязаных з развіццём нашай планеты ў мінулым, была проста неверагоднай. Зразумела, што бацькі ўсяляк падтрымлівалі маю цікаўнасць. У старшых класах я ўжо дакладна вырашыў звязаць далейшае жыццё з прыродазнаўчымі навукамі.

Максім Альбертавіч з адзнакай скончыў факультэт прыродазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Геаграфія і біялогія”. Гады вучобы ў ім пацвердзілі правільнасць выбранага прафесійнага шляху. Прыклад бацькі сфарміраваў выразнае жаданне стаць навукоўцам. Ужо з 2 курса М.А.Багдасараў пачаў працаваць на будучую кандыдацкую дысертацыю, якую затым паспяхова абараніў у Інстытуце геалагічных навук НАН Беларусі па тэме “Бурштын  з антрапагенавых адкладаў Беларусі”. Доктарская дысертацыя, абароненая ў Беларускім навукова-даследчым геолагаразведвальным інстытуце, была прысвечана выкапнёвым смолам Паўночнай Еўразіі. Сёння Максім Альбертавіч узначальвае кафедру геаграфіі і прыродакарыстання геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна і з’яўляецца адзіным доктарам геолага-мінералагічных навук і членам-карэспандэнтам НАН Беларусі на Брэстчыне.

М.А.Багдасараў працуе над вырашэннем дзвюх асноўных навуковых праблем. Першая звязана з вызначэннем асаблівасцей фарміравання, распаўсюджвання, уласцівасцей і складу розных відаў выкапнёвых смол, абгрунтаваннем перспектыў па выяўленні іх новых залежаў у мезазойскіх і кайназойскіх адкладах Паўночнай Еўразіі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Атрыманыя вынікі адыгрываюць важную ролю ў стварэнні новай геолага-эвалюцыйнай канцэпцыі смолагенезу і ўкаранёны ва Усерасійскім навукова-даследчым інстытуце мінеральнай сыравіны (Масква), Інстытуце геалогіі Комі навуковага цэнтра Уральскага аддзялення Расійскай акадэміі навук (Сыктыўкар) і Навукова-вытворчым цэнтры па геалогіі (Мінск).

Другая праблема тычыцца стварэння комплекснай карціны будовы і асаблівасцей фарміравання чацвярцічных адкладаў Брэстчыны як асновы для прагнозу карысных выкапняў і рацыянальнага выкарыстання геалагічнага асяроддзя, а таксама вылучэння перспектыўных плошчаў па здабычы пяскоў, пясчана-гравійных сумесей і гліны з улікам аб’ёмаў запасаў карысных выкапняў, даступнасці іх распрацоўкі і экалагічнай сітуацыі. Атрыманыя вынікі ўкаранёны камітэтам эканомікі Брэсцкага аблвыканкама і абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

М.А.Багдасараў з’яўляўся кіраўніком шэрагу заданняў, якія выконваліся ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, кіраўніком і ўдзельнікам некалькіх міжнародных навуковых праектаў з установамі вышэйшай адукацыі і навуковымі арганізацыямі Расіі, Украіны і Польшчы. Максім Альбертавіч – аўтар ці суаўтар больш за 300 навуковых і вучэбна-метадычных работ, сярод якіх 8 манаграфій (“Бурштын з археалагічных помнікаў Беларусі”, “Бурштын з антрапагенавых адкладаў Беларусі”, “Выкапнёвыя смолы Беларусі”, “Выкапнёвыя смолы Паўночнай Еўразіі”, “Бурштын і іншыя выкапнёвыя смолы Еўразіі”, “Выкапнёвыя смолы Еўразіі: геалогія, мінералогія, генезіс”, “Геалогія і мінерагенія чацвярцічных адкладаў тэрыторыі Падляска-Брэсцкай упадзіны” і “Рэльеф тэрыторыі Падляска-Брэсцкай упадзіны”), 4 вучэбныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі Беларусі (“Геафізіка”, “Метады дыстанцыйных даследаванняў у геалогіі і геаграфіі”, “Геалогія” і “Агульная геалогія. Лабараторны практыкум”), а таксама больш за 100 артыкулаў у часопісах і зборніках. Акрамя таго, М.А.Багдасараў з’яўляецца намеснікам старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага геаграфічнага таварыства і экспертнага савета ВАК Беларусі па навуковым напрамку “Навукі пра Зямлю”, членам экспертнага савета Міністэрства адукацыі Беларусі па навуковым напрамку “Экалогія, прыродныя рэсурсы, рэсурсазберажэнне, прыродакарыстанне і абарона ад надзвычайных сітуацый”.

Навуковая дзейнасць Максіма Альбертавіча адзначана на самым высокім узроўні. Ён – двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі, лаўрэат прэміі НАН Беларусі для маладых навукоўцаў, уладальнік персанальнай надбаўкі Прэзідэнта Беларусі за вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. М.А.Багдасараў узнагароджаны ганаровымі граматамі НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі Беларусі.

- Мне пашанцавала ў жыцці, бо я займаюся тым, што вельмі падабаецца, - прызнаецца Максім Альбертавіч. – У навуковай дзейнасці прыцягвае і вынік, і бясконцы пошук невядомага. У выкладчыцкай рабоце адчуваю вялікую радасць, калі бачу цікаўныя вочы студэнтаў, якія дасягаюць поспехаў у вучэбнай, навукова-даследчай, а затым і ў прафесійнай дзейнасці. Нядаўняе атрыманне звання члена-карэспандэнта НАН Беларусі ўсклала вялікую адказнасць перад калегамі за далейшую работу.

На ІІ з’ездзе навукоўцаў Беларусі М.А.Багдасараў хацеў бы пачуць меркаванні наконт перспектыў развіцця айчыннай навукі. Ён уважліва азнаёміўся са стратэгіяй “Навука і тэхналогіі” на 2018 – 2040 гады і лічыць яе дарожнай картай. Сярод прапаноў – пачаць падрыхтоўку да правядзення дзяржаўнай геалагічнай здымкі тэрыторыі Беларусі ў маштабе 1:50000.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.