На адной хвалі з вучнямі
20.02.2019К.У.Кавалевіч з дзяцінства захапляўся дакладнымі навукамі, таму пасля школы паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. З 2010 года працуе настаўнікам фізікі і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 3 Бярозы. Вялікую дапамогу ў прафесійным станаўленні маладому педагогу аказалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Сяргееўна Нікалаева, тагачасны настаўнік інфарматыкі (сённяшні дырэктар сярэдняй школы вёскі Здзітава) Ігар Рыгоравіч Піліпчук і дырэктар школы Алена Міхайлаўна Саковіч, якія адразу ўбачылі ў маладым спецыялісце добры патэнцыял і заўсёды падштурхоўвалі да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і розных конкурсах.
- Канстанціна Уладзіміравіча вылучае высокі ўзровень прадметных ведаў, - гаворыць дырэктар школы А.М.Саковіч. – Ён вельмі цікава тлумачыць вучэбны матэрыял, паказваючы яго сувязь з жыццём, добра ведае дзіцячую псіхалогію, улічвае ў рабоце індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці школьнікаў. Камунікабельнасць і шчырая гатоўнасць да даверлівага дыялогу дазваляюць педагогу быць з вучнямі на адной хвалі. Дзеці цэняць сумленнасць, адкрытасць, тактоўнасць і добразычлівасць Канстанціна Уладзіміравіча. Крэатыўны падыход у выкладанні вучэбнага матэрыялу павышае цікавасць школьнікаў да дакладных навук. На ўроках гэтага настаўніка заўсёды цікава. Ён умее з пачуццём гумару выйсці з любой складанай сітуацыі.
- У педагагічнай дзейнасці больш за ўсё падабаюцца пастаяннае адкрыццё чагосьці новага і неабходнасць нястомнай самаадукацыі, - прызнаецца Канстанцін Уладзіміравіч. – Да атрымання новых ведаў вельмі моцна матывуюць вучні. Каб знайсці агульную мову з сучаснымі падлеткамі, трэба ведаць іх захапленні ў музыцы, модзе, ІТ-сферы. Зносіны з дзецьмі даюць неверагодную энергію, якая падштурхоўвае да творчага пошуку. Сваю асноўную задачу бачу ў тым, каб выхаваць у школьнікаў важныя чалавечыя якасці, падрыхтаваць выпускнікоў да самастойнага жыцця, сфарміраваць у іх уласны пункт погляду і правільныя паводзіны ў сучасным інфармацыйным грамадстве. З вопыту ведаю, як важна ў жыцці, каб побач аказаўся чалавек, які зможа падказаць і дапамагчы.
Нягледзячы на высокую камп’ютарызацыю адукацыі, Канстанцін Уладзіміравіч аддае перавагу традыцыйнаму ўроку. Але гэта зусім не азначае, што настаўнік не выкарыстоўвае ІТ-тэхналогіі і электронныя сродкі навучання. Ён імі празмерна не захапляецца.
- Галоўнае – навучыць дзяцей выказваць уласныя думкі і развіць камунікатыўныя навыкі, - лічыць педагог. – З’яўляюся прыхільнікам эўрыстычнага навучання. На ўроках актыўна выкарыстоўваю групавую форму работы вучняў. Асаблівую ўвагу ўдзяляю практыка-арыентаванаму навучанню. Да фізікі матывую праз нагляднасць. Заўсёды праецырую гэтую складаную навуку на жыццё.
Канстанціну Уладзіміравічу вельмі падабаецца працаваць з высокаматываванымі вучнямі, бо работа з імі патрабуе пастаяннай падрыхтоўкі. “Настаўнік павінен паказаць узровень, да якога варта імкнуцца, - адзначае К.У.Кавалевіч. – Упэўнены, што з сённяшніх 11 дзесяцікласнікаў, з якімі займаюся ўжо 5 гадоў, многія выберуць фізіку для працягу адукацыі”.
Канстанцін Уладзіміравіч актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, раённых турзлётах і навагодніх ранішніках для малодшых вучняў і сацыяльных устаноў раёна, з’яўляецца членам школьнай каманды па валейболе і старшынёй маладзёжнага савета пры райкаме прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. К.У.Кавалевіч – пераможца абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны – 2015” і фіналіст Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года – 2017”.
- Хачу, каб выхаванцы дасягалі поспехаў не толькі ў вучобе, але і ў жыцці, бо адчуваю далучанасць да іх лёсу, - прызнаецца Канстанцін Уладзіміравіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.