З эфектыўнай кіраўніцкай стратэгіяй

20.02.2019
Віктар Сцяпанавіч Нічыпарук прыйшоў у сістэму прафесійнай адукацыі 38 гадоў назад па… газетнай аб’яве і вельмі ўдзячны лёсу, што звярнуў на яе ўвагу, калі вярнуўся з арміі, бо змог рэалізаваць сябе ў жыцці як педагог і кіраўнік.
Выпускнік Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі прайшоў шлях ад майстра вытворчага навучання і намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце да дырэктара Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання. За 11 гадоў кіраўніцкай дзейнасці Віктар Сцяпанавіч разам з калектывам зрабіў яго сучаснай установай адукацыі, якая рыхтуе запатрабаваныя кадры не толькі для рэгіянальнага рынку працы. Дэвіз дырэктара: “Кіраваць – значыць весці іншых да поспеху”. У аснове эфектыўнай дзейнасці ліцэя – правільныя кіраўніцкія стратэгіі, апрабаваныя часам.

 - Кіраўніцкая работа не толькі дала добры вопыт, але і змяніла мяне ў прафесійным і асобасным плане, - гаворыць В.С.Нічыпарук. – Да сучаснага кіраўніка прад’яўляюцца высокія патрабаванні. Ён павінен быць кампетэнтным спецыялістам, здольным аператыўна прымаць аптымальныя рашэнні, распрацоўваць перспектыўную стратэгію развіцця ўстановы, забяспечваць інавацыйны характар яе дзейнасці, хутка рэагаваць на змены. Кіраўнік у адукацыі – гэта і лідар, і стратэг, і гаспадарнік, і менеджар, і выкладчык, і выхавальнік… На працягу працоўнага дня выступаеш у розных ролях. Гэта робіць кіраўніцкую пасаду даволі цяжкай і вельмі цікавай адначасова. Неабавязкова ведаць усё. Важна ўмець сабраць вакол сябе каманду аднадумцаў і арганізаваць прафесіяналаў сваёй справы. Не трэба баяцца акружаць сябе разумнымі і таленавітымі людзьмі. Галоўнае – даць ім правільны напрамак, тады яны зробяць усё лепш, чым нават задумаў. Кіраванне калектывам ці нейкім працэсам – работа камандная. Жорсткі кантроль не з’яўляецца ўмовай паспяховай работы. Падначаленыя павінны верыць у свае сілы, абапіраючыся на падтрымку кіраўніцтва. Мой стыль – разумнае спалучэнне аўтарытарызму і дэмакратыі. Галоўны прынцып работы – свабода выбару і адказнасць за яго.

Віктар Сцяпанавіч сфармуляваў для сябе шэраг кіраўніцкіх правіл, якіх строга прытрымліваецца: пастаянна забяспечваць уласны прафесійны рост; быць прыкладам для падначаленых і будаваць з імі зносіны на роўных; умела размяркоўваць абавязкі ў калектыве; не баяцца дэлегаваць свае паўнамоцтвы; успрымаць крытыку ў свой адрас як крыніцу прафесійнага росту; браць адказнасць за няўдачы на сябе; быць гатовым да апраўданай рызыкі; не баяцца быць незразуметым калегамі. Гэтыя правілы дапамаглі дырэктару сфарміраваць творчы, таленавіты і мэтанакіраваны калектыў, здольны рабіць жыццё навучэнцаў насычаным і цікавым.

В.С.Нічыпарук – кіраўнік сучаснага тыпу, які актыўна ўкараняе ў адукацыйны працэс новыя педагагічныя тэхналогіі і інавацыі. Пад кіраўніцтвам Віктара Сцяпанавіча калектыў паспяхова рэалізаваў рэспубліканскія эксперыментальныя праекты па апрабацыі мадэлі падрыхтоўкі рабочых кадраў на аснове новай прафесійна-кваліфікацыйнай структуры вучэбных спецыяльнасцей (на прыкладзе вучэбнай спецыяльнасці “Вытворчасць цацак”) і мадэлей паэтапнай арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі. З мінулага навучальнага года ў ліцэі ажыццяўляецца інавацыйны праект па ўкараненні зместу і форм выхаваўчай работы па прафілактыцы наркаспажывання сярод навучэнцаў ПТНУ.

У цэнтры ўвагі кіраўніка – пашырэнне падрыхтоўкі рабочых з улікам запытаў рэгіёна і перспектыўнага прагназавання. Дзякуючы эфектыўнай прафарыентацыйнай дзейнасці, у ліцэі няма праблемы з наборам навучэнцаў, а дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з заказчыкамі кадраў – і з размеркаваннем выпускнікоў. Больш за 60% з іх атрымліваюць 4-ы і вышэйшыя кваліфікацыйныя разрады. Каля 20% навучэнцаў асвойваюць дадатковыя прафесіі за ўласны кошт. Даволі паспяхова развіваецца пазабюджэтная дзейнасць.

- Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу выкладчыкаў і навучэнцаў, - расказвае В.С.Нічыпарук. – З гэтай мэтай у ліцэі праводзяцца тыдні прафесій, творчыя справаздачы педагогаў, адкрытыя ўрокі і прадметныя алімпіяды. Навучэнцы – неаднаразовыя пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і выстаў. Вельмі ганаруся дасягненнямі ліцэістаў, за якімі стаіць цяжкая і карпатлівая работа педагогаў па павышэнні іх матывацыі да пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканалення. Задача нашага калектыву – выхаваць такіх навучэнцаў, якія пры сустрэчы не пераходзяць на іншы бок вуліцы, адводзячы вочы, а з радасцю і вялікай удзячнасцю дораць любімым выкладчыкам кветкі за іх прафесіяналізм, цярпенне і дабрыню.

Паважлівыя і шчырыя адносіны да людзей, высокая працаздольнасць, патрабавальнасць да сябе і творчы падыход да справы – адны з галоўных рыс Віктара Сцяпанавіча, за якія яго любяць і паважаюць навучэнцы і калегі. Дзейнасць дырэктара адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і граматай Міністэрства адукацыі Беларусі. В.С.Нічыпарук – пераможца абласнога конкурсу на лепшага кіраўніка ўстановы прафесійнай адукацыі.

- Педагагічная і кіраўніцкая работа даўно стала часткай майго жыцця, без якой я сябе ўжо не ўяўляю. Галоўнае, што яна прыносіць задавальненне сабе і карысць іншым, - прызнаецца выдатнік адукацыі Беларусі Віктар Сцяпанавіч Нічыпарук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.