Дапамагаць людзям

20.02.2019
Амаль 20 гадоў ён займаецца навукай, якая стала для яго не толькі любімай справай, але і сэнсам жыцця. У навуцы ён знайшоў сябе, а навука ў яго асобе – натхнёнага прафесіянала і нястомнага шукальніка новага.
- Сучасны навуковец павінен быць захопленым, эрудзіраваным, мэтанакіраваным і валявым чалавекам, які адчувае радасць і атрымлівае задавальненне ад сваёй захопленасці. Для дасягнення прафесійнага поспеху неабходна пастаянна вучыцца і працаваць, найперш над сабой, - лічыць дацэнт кафедры псіхалогіі псіхолага-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна кандыдат псіхалагічных навук Аляксей Віктаравіч Севярын.

Такі падыход да працы аказаўся надзвычай плённым для навукоўца, на рахунку якога больш за 300 публікацый і 25 аўтарскіх ці суаўтарскіх вучэбна- і навукова-метадычных дапаможнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў (“Псіхалогія здароўя і здаровы лад жыцця”, “Камп’ютарная залежнасць: тэарэтычныя і прыкладныя аспекты”, “Інжынерная псіхалогія і псіхалогія працы”, “Сенсаматорная гімнастыка” і інш.). Ён прызнаецца, што прафесійная дзейнасць – гэта не толькі самарэалізацыя, але і выдатная магчымасць вучыць моладзь і вучыцца ў яе, садзейнічаць маральнаму, асобаснаму і творчаму станаўленню вучняў. Аляксей Севярын выбраў псіхалогію, каб дапамагаць людзям.

Падчас навучання ў аспірантуры БДПУ імя Максіма Танка навуковец пад кіраўніцтвам доктара псіхалагічных навук Георгія Васільевіча Лосіка даследаваў перцэпцыйныя дзеянні падлеткаў пры ўспрыманні прадметаў варыятыўнай формы. Аляксей Віктаравіч распрацаваў структурную мадэль перцэпцыйнага дзеяння, якое фарміруе вобраз прадмета варыятыўнай формы, дзе вядучая роля адведзена тактыльнай перцэпцыі і яе каардынацыі з дынамічным вобразам зрокавага ўспрымання.

- Праблема ўспрымання прадметаў варыятыўнай формы – адно з актуальных пытанняў агульнай псіхалогіі, якому ўдзяляецца адносна мала ўвагі, - расказвае Аляксей Севярын. – Пэўна, з-за ўяўнай нязначнасці, скажам, у параўнанні з пытаннямі, прысвечанымі асобе ці фарміраванню аптымальнага псіхалагічнага клімату. Тым не менш вывучэнне гэтай праблемы адкрывае новыя перспектывы ў падрыхтоўцы падлеткаў да такіх відаў прафесійнай дзейнасці, дзе трэба мець справу з аб’ектамі варыятыўнай формы (урач, цырульнік, спартсмен, швачка, кухар). Але не толькі гэтым абумоўлена практычная і сацыяльная значнасць даследавання ў галіне перцэпцыйных дзеянняў падлеткаў пры ўспрыманні прадметаў варыятыўнай формы. Так, у рамках даследавання, якое доўжылася 10 гадоў і ахапіла каля 1,7 тысячы падлеткаў з розным узроўнем сфарміраванасці перцэпцыйных дзеянняў, была распрацавана і апрабавана аўтарская методыка аднаўлення дэфармаваных кампанентаў успрымання прадметаў варыятыўнай формы ў падлеткаў-геймераў з парушэннем маторыкі рук, дзякуючы чаму ў такіх падлеткаў павысіўся ўзровень факальнай увагі і знізіўся ўзровень гульнявой залежнасці. Акрамя таго, ажыццёўлена спроба карэкцыі перцэпцыйных дзеянняў падлеткаў са слабым зрокам з дапамогай прыбора, які дазваляе павялічваць памеры прадметаў, ацэньваць ступень змены іх формы рухамі рукі. Было ўстаноўлена, што ў працэсе перцэпцыйнага навучання з дапамогай праграмы “Сенсаматорная гімнастыка” і псіхафізіялагічнай методыкі актывізацыі зрокавага і тактыльнага аналізатараў адбываецца карэкцыя перцэпцыйных дзеянняў падлеткаў. Матэрыялы даследавання выкарыстоўваліся пры рэалізацыі міжнароднага аўтарскага праекта “Паляпшэнне стану здароўя падлеткаў, якія наведваюць камп’ютарныя клубы” і апрабацыі валанцёрскага праекта “Рука дапамогі” БрДУ імя А.С.Пушкіна, а таксама ўкаранёны ў адукацыйны працэс некалькіх школ вобласці. Па выніках дысертацыйнага даследавання падрыхтавана манаграфія.

Па словах Аляксея Северына, назапашаныя матэрыялы мэтазгодна выкарыстоўваць у дыягностыка-кансультацыйнай рабоце з вучнямі для маніторынгу сфарміраванасці ў іх перцэпцыйных дзеянняў вока і рукі, выяўлення іх дэфармацый пры ўспрыманні і ацэнцы розных прадметаў варыятыўнай формы, а таксама для карэкцыі выяўленых парушэнняў. Акрамя таго, гэтыя матэрыялы будуць карыснымі для педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі, пры правядзенні прафадбору, прафкансультавання і навучання прафесіям, якія патрабуюць развіцця перцэпцыйных дзеянняў (кандытар, аператар ЭВМ, рэзчык па дрэве і інш.), распрацоўцы трэнінгаў і карэкцыйных праграм, методыкі перцэпцыйнага навучання дзяцей са слабым зрокам успрыманню прадметаў варыятыўнай формы і г.д.

Кола навуковых інтарэсаў Аляксея Северына не абмяжоўваецца толькі праблемай успрымання прадметаў варыятыўнай формы. Ён з’яўляецца навуковым кіраўніком студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Псіхалогія працы і здароўя асобы”, якая займаецца вывучэннем пытанняў, звязаных з прафесійным выбарам моладзі і здароўезберажэннем. У планах – падрыхтоўка дапаможнікаў для практычнай работы педагогаў і бацькоў дзяцей, удзел у навукова-даследчых праектах па вывучэнні перцэпцыйных дзеянняў людзей са слабым зрокам і асаблівасцей успрымання чалавека ў віртуальнай прасторы інтэрнэту і відэагульняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.