Ганарыцца тым, што робіш

20.02.2019
У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце шмат маладых выкладчыкаў, якія прыйшлі ў навуку дзякуючы бацькоўскаму прыкладу і ўласнай зацікаўленасці. Сярод іх – 33-гадовы дацэнт кафедры будаўнічых канструкцый будаўнічага факультэта кандыдат тэхнічных навук Андрэй Віктаравіч Тур.
- Дакладнымі навукамі цікаўлюся са школьных гадоў, - прызнаецца А.В.Тур. – Асабліва падабаецца матэматыка. З 5 класа ўдзельнічаў у алімпіядным руху і навукова-практычных канферэнцыях, актыўна займаўся даследчай дзейнасцю. Мае інтарэсы заўсёды заахвочвалі бацькі: маці – настаўніца матэматыкі, тата – доктар тэхнічных навук.

У старшых класах я ўжо добра разумеў, што буду ўдасканальваць свае веды менавіта ў сферы будаўніцтва, паколькі вельмі любіў нешта праектаваць і штосьці разлічваць. Гады вучобы ва ўніверсітэце, асабліва, калі з’явіліся прафілюючыя дысцыпліны, пацвердзілі правільнасць прафесійнага выбару. Навукова-даследчай дзейнасцю пачаў займацца яшчэ ў студэнцкія гады. Поспехі ў гэтай сферы былі адзначаны на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў.

У 27 гадоў Андрэй Віктаравіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную супраціўленню гнуткіх жалезабетонных элементаў пры раптоўным прыкладанні нагрузкі. Кола навуковых інтарэсаў выкладчыка – трываласць канструктыўных сістэм у асаблівых разліковых сітуацыях надзвычайнага характару. Прасцей кажучы, абарона будынкаў ад прагрэсіруючага абвальвання, звязанага, напрыклад, з выбухам бытавога газу ці тэрактам. Сёння гэта надзвычай актуальная тэма даследаванняў ва ўсім свеце.

- У прафесіі не расчараваўся, - гаворыць Андрэй Віктаравіч. – Больш за тое, за гады ўніверсітэцкай работы цікавасць да навуковай дзейнасці толькі ўзмацнілася. Асноўная праблема – недахоп часу. Многія лічаць, што будаўніцтва – гэта сумна і нецікава. Заўсёды пераконваю студэнтаў у адваротным. На рэальных прыкладах знаёмлю іх з рознымі сітуацыямі, якія патрабуюць творчага падыходу. Выкарыстоўваю для гэтага ўласныя праектныя і даследчыя работы. Кожная з іх у чымсьці ўнікальная. Асабліва прыцягвае працэс пошуку рашэння цяжкай задачы, пасля паспяховага выканання якой атрымліваеш неверагоднае задавальненне. Праектная работа адкрывае выдатныя магчымасці для пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканальвання.

За апошнія 5 гадоў Андрэй Віктаравіч выканаў каля 40 праектных і даследчых работ рознага характару, прапанаваных праектнымі і будаўнічымі арганізацыямі. Важна, што ўсе работы былі апрабаваны, у тым ліку ва ўніверсітэцкім вучэбна-выпрабавальным цэнтры, база якога дазваляе паспяхова вырашаць многія задачы.

У рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў А.В.Тур праводзіў даследаванні і распрацоўваў рэкамендацыі па ацэнцы трываласці і абароны ад прагрэсіруючага абвальвання канструктыўных сістэм з перакрыццямі са зборных пліт безапалубнага фармавання. Акрамя таго, малады навуковец удзельнічаў у распрацоўцы тэхнічнага комплексу правіл “Уздзеянні на канструкцыі. Агульныя ўздзеянні” па заказе Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Беларусі, а таксама рэкамендацый па разліку ўстойлівасці высотных будынкаў з папярочнымі маналітнымі сценамі да прагрэсіруючага абвальвання. На рахунку А.В.Тура – 36 апублікаваных работ. Пад кіраўніцтвам выкладчыка студэнты паспяхова займаюцца навукова-даследчай работай, пра што сведчаць іх перамогі ў адпаведных конкурсах.

Па характары Андрэй Віктаравіч энергічны, неўтаймоўны, мэтанакіраваны і ініцыятыўны. Гэта важныя якасці для навукоўца. У планах – далейшае вывучэнне перспектыўных тэндэнцый і напрамкаў у галіне будаўніцтва і праектавання, новых метадаў разлікаў і прынцыпаў работы канструктыўных сістэм, апрабацыя і ўдасканаленне палажэнняў уласных даследаванняў на практыцы на рэальных аб’ектах. А.В.Тур упэўнены, што многія назапашаныя напрацоўкі лягуць у аснову будучай доктарскай дысертацыі.

- Трэба ганарыцца тым, што робіш, і рабіць усё так, каб ганарыцца гэтым, - лічыць Андрэй Віктаравіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.