Калі навука – сэнс жыцця

20.02.2019
Іна Анатольеўна Швед марыла стаць педагогам з дзяцінства. Перад вачыма быў прыклад бацькоў – настаўніка хіміі і выкладчыка педагогікі. Спачатку дзяўчына хацела пайсці па іх слядах, але прыклад школьнай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры аказаўся мацнейшым.
- Марыя Фёдараўна Кульбеда не толькі ўмела зацікавіць сваім прадметам, але і давала трывалыя веды, дзякуючы якім удалося лёгка паступіць на філалагічны факультэт тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, - гаворыць Іна Анатольеўна.

– А вось цікавасць да народнай культуры выхавала бабуля. Гэта заўважыў вядомы прафесар Уладзімір Андрэевіч Калеснік, які і скіраваў мяне да навуковай дзейнасці ў галіне фалькларыстыкі. Кандыдацкую дысертацыю прысвяціла вывучэнню раслінных сімвалаў беларускага традыцыйнага фальклору, а доктарскую, якую абараніла ў 33 гады, - аналізу яго дэндралагічнага кода.

Сёння доктар філалагічных навук І.А.Швед працуе прафесарам кафедры рускай літаратуры і журналістыкі філалагічнага факультэта і англійскай філалогіі факультэта замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Акрамя таго, Іна Анатольеўна ўзначальвае студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю “Фальклор і краязнаўства”.

- Лабараторыя займаецца фіксацыяй, сістэматызацыяй, навуковым даследаваннем і папулярызацыяй нацыянальнай духоўнай культуры, - расказвае І.А.Швед. – За час існавання лабараторыі створаны архіў беларускага фальклору і музейная калекцыя “Матэрыяльная культура Палесся”. За апошні год сабрана каля 600 адзінак каштоўных фальклорных тэкстаў і дзясяткі прадметаў традыцыйнай матэрыяльнай культуры. Студэнты падрыхтавалі каля 100 навуковых работ па беларускім фальклоры, прэзентаваных на навуковых форумах рознага ўзроўню.

Іна Анатольеўна прызнаецца, што навука для яе – гэта жыццё, нястомны творчы пошук, які адкрывае шырокія магчымасці для самаразвіцця праз кантакты з носьбітамі культуры, айчыннымі і замежнымі даследчыкамі. Не менш важнай для І.А.Швед з’яўляецца і выкладчыцкая работа, якая добра стымулюе навуковую.

- Кола маіх навуковых інтарэсаў – этнасеміётыка і славянская міфалогія, - гаворыць Іна Анатольеўна. – Заўсёды цікавіла, як нашы продкі асэнсоўвалі жыццё. Рэканструкцыя гэтых глыбінных сэнсаў стала ў выніку сэнсам майго жыцця. Сваю задачу бачу не толькі ў тым, каб зафіксаваць і даследаваць вялікі духоўны пласт народнай культуры, але і перадаць назапашаныя веды моладзі, зацікавіць яе фальклорам, паказаць яго ролю ў жыцці.

І.А.Швед – арганізатар шматлікіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны, патрыятычнае выхаванне моладзі. Сярод іх – фальклорна-краязнаўчы фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, семінары-візуалізацыі “Традыцыйны і сучасны дрэс-код у прафесійнай кар’еры спецыяліста” і “Народная педагогіка пра сацыяльную ахову інвалідаў”, семінары для кіраўнікоў аддзелаў запісу актаў дзяржаўнага стану рай(гар)выканкамаў на тэму “Традыцыі нацыянальнай культуры і сучаснасць (нацыянальныя абрады шлюбу, нараджэння і інш.)”, студэнцкая гасцёўня “Выхаванне гендарнай культуры асобы сродкамі беларускай народнай педагогікі”, дыспут “Шануйся змалада – не напаткае бяда”, выстава навукова-даследчых праектаў “Валеалогія і жыццё” і выступленні па тэлебачанні, прысвечаныя народным святам і рамёствам Палесся. І.А.Швед – аўтар канцэпцыі музея традыцыйнай культуры Прыбужжа, які ствараецца ў вёсцы Астрамечава Брэсцкага раёна ў рамках праекта “Спадарыня Пабужжа”, і навуковы рэдактар альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”, дзе публікуюцца навуковыя матэрыялы па фальклоры і праблемах краязнаўства.

У якасці члена сусветнай навуковай камісіі Міжнароднай арганізацыі фальклорнага мастацтва, Міжнароднай даследчай лабараторыі “Animal Studies – трэцяя культура” пры Слёнзскім універсітэце (Польшча), Польскага народазнаўчага таварыства, камісіі па фалькларыстыцы пры Міжнародным камітэце славістаў, рэдкалегій навуковых часопісаў і серыйных навуковых зборнікаў І.А.Швед пазіцыянуе традыцыйную культуру беларусаў як складнік сусветнай культурнай прасторы.

Іна Анатольеўна задзейнічана ў шэрагу міжнародных навукова-адукацыйных праектаў: “Музыка польска-беларускага памежжа” ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна”, “Каталог народнага ручніка гміны Бельск Падляскі” і “Сустрэнемся на лавачцы. Палявыя даследаванні народнага ручніка Бельскай зямлі” (Падляскі музей у Беластоку і ўніверсітэт імя А.Міцкевіча ў Познані). І.А.Швед чытала лекцыі і праводзіла семінары па культуры беларусаў для прафесарска-выкладчыцкага складу, магістрантаў і студэнтаў універсітэтаў Германіі, Ірана і Польшчы. Іна Анатольеўна – актыўны ўдзельнік і кіраўнік секцый міжнародных навуковых форумаў па этнакультуры і фальклоры ў Беларусі, Іране, Францыі, Балгарыі, Германіі, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі і інш.

І.А.Швед узначальвала навуковыя калектывы, якія ў рамках дзяржаўных праграм працавалі над 3 заданнямі па даследаванні этнакультуры беларусаў. Сёння прафесар у рамках адной з дзяржпраграм даследуе заалагічны код беларускай традыцыйнай культуры. Гэта сістэма традыцыйных уяўленняў пра жывёльны свет і яго семіятычную ролю ў міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў.

Навуковая дзейнасць Іны Анатольеўны адзначана граматай Міністэрства адукацыі Беларусі і Ганаровай граматай НАН Беларусі.

- Статус гуманітарных навук у сучасным грамадстве павінен стаць больш высокім, - лічыць І.А.Швед. – Без духоўнасці ўсе тэхнічныя дасягненні бессэнсоўныя. Неабходна ведаць, як навукова-тэхнічны прагрэс і глабалізацыя ўздзейнічаюць на культуру народа, чалавечыя паводзіны, маральныя якасці. Менавіта гуманітарныя навукі прымушаюць людзей задумвацца пра наступствы сваёй дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.