Галінкі сямейнага дрэва

25.02.2019
16 гадоў працуюць бацькамі-выхавальнікамі ў Кобрынскай дзіцячай вёсцы Інга Уладзіміраўна і Андрэй Міхайлавіч Нарваткіны. За гэты час яны сталі мамай і татай для 5 хлопчыкаў і 17 дзяўчынак.
- Чаму вырашылі стаць бацькамі-выхавальнікамі, адказаць сёння ўжо цяжка, - прызнаецца сямейная пара. – Пэўна, так сышліся зоркі на небе. Выхоўваючы дзвюх уласных дачок, адчувалі, што нашай энергіі і бацькоўскай любові хопіць яшчэ не на адно дзіця. І не памыліліся. Калі ўбачылі ў газеце аб’яву пра набор бацькоў-выхавальнікаў у Кобрынскую дзіцячую вёску, вырашылі паспрабаваць. Прайшлі некалькі этапаў дасканалага адбору і неўзабаве пераехалі ў адзін з 3 новых дамоў.
Інга Уладзіміраўна і Андрэй Міхайлавіч маюць педагагічную адукацыю. Да пераезду ў Кобрын жанчына працавала настаўніцай гісторыі ў Арабаўшчынскай базавай школе Баранавіцкага раёна, а мужчына – трэнерам па боксе ў Палацы дзіцячай творчасці Баранавіч. Інга Уладзіміраўна стала педагогам дзякуючы маці Галіне Іванаўне Ломскай, якая аддала педагогіцы больш за 40 гадоў, прычым 37 з іх адпрацавала ў Арабаўшчынскай базавай школе, дзе прайшла шлях ад настаўніцы да дырэктара.

- Першымі нашымі выхаванцамі былі Руслан, Надзея і Маша Філонавы, Насця і Тоня Паляковы, - расказвае Інга Уладзіміраўна. – Машы тады было ўсяго 3 гады, Надзеі – 5, Руслану – 10. Руслан, Насця і Тоня ўжо працуюць, Надзея заканчвае БДЭУ, Маша вучыцца на фармацэўта ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Нельга сказаць, што нехта з 22 дзяцей, якіх мы выхоўвалі на працягу 16 гадоў, запомнўся асабліва. Пра кожнага з іх можам расказваць гадзінамі. Кожнае дзіця непаўторнае. Насця адрознівалася выключнай працаздольнасцю, Тоня – артыстычнымі здольнасцямі, адзін Руслан вельмі любіў матэматыку, другі – жывёл. У 10-гадовым узросце Каця Нарваткіна ўжо стала галоўнай мамінай памочніцай у клопатах аб малодшых. Застаецца ёй і сёння. Юля Нарваткіна – будучы юрыст, майстар па разрульванні праблемных дамашніх сітуацый. Суперадказная Надзея – універсітэцкая стараста. Юля – надзвычай камунікабельная. Маша і Дзіма, якіх давялося вучыць размаўляць, - паспяховыя студэнты. Оля – добрая жонка і клапатлівая мама. Ксюша – вясёлая хахатушка, другая Насця – гіперактыўная і цікаўная, Каця – спакойная і разважлівая. Міраслаў заўсёды гатовы ўсім дапамагчы. Алеся, Наташа, Дзяніс, Даша, Ангеліна і Караліна толькі раскрываюць свае лепшыя якасці. Маргошка – самая малодшая, таму, пэўна, асабліва любімая.

- Ва ўсіх выхаванцаў незайздросны лёс, - гаворыць Андрэй Міхайлавіч. – З кожным трэба выбудоўваць адносіны з улікам індывідуальных асаблівасцей і па-рознаму. Дзеці, адарваныя ад родных сем’яў, доўгі час чакаюць, што вернуцца назад, асабліва, калі чуюць абяцанні ад біялагічных бацькоў. На жаль, у большасці выпадкаў іх словы застаюцца няспраўджанымі, таму дзеці, якія шчыра спадзяюцца на вяртанне, расчароўваюцца. І заваяваць іх давер зноў бывае вельмі цяжка.

- Выхаваўчая сістэма ў нас даволі простая, - адзначае Інга Уладзіміраўна. – Па-першае, вучым дзяцей адносіцца да іншых так, як хацелі б, каб адносіліся да іх. Па-другое, наш дом – агульны для ўсіх. Кожны павінен працаваць у ім і клапаціцца пра іншых у меру сваіх магчымасцей. Па-трэцяе, ніякай хлусні ў зносінах.

Інга Уладзіміраўна і Андрэй Міхайлавіч лічаць, што самай важнай якасцю бацькоў-выхавальнікаў, як і звычайных бацькоў, з’яўляецца цярпенне. Толькі ў выхаванні дзяцей са скалечаным лёсам яго патрабуецца значна больш. А яшчэ бацькам-выхавальнікам вельмі неабходны такія чалавечыя якасці, як любоў, спагада, пачуццё гумару, добразычлівасць, уменне слухаць іншых людзей. Вядома, не абысціся і без спецыяльных ведаў, бо фізічны і псіхічны стан дзяцей бывае розным.

- Што падабаецца ў рабоце больш за ўсё і што выклікае найбольшыя цяжкасці? – задумваюцца бацькі-выхавальнікі. – Падабаецца выхоўваць і дапамагаць і бачыць вынікі гэтага. А цяжкасці выклікае сам працэс. Поспехі і перамогі дзяцей, іх праблемы і няўдачы – усё гэта наша жыццё, штодзень, 24 гадзіны ў суткі.

- Усе нашы дзеці, нават пасля выпуску, застаюцца нашымі на ўсё жыццё, - прызнаецца Інга Уладзіміраўна. – З некаторымі бачымся часцей, з некаторымі радзей, але за лёсам кожнага сочым уважліва. Калі можам, дапамагаем матэрыяльна. Калі неабходна – парадай. Даволі часта дастаткова, але не менш важна – проста выслухаць. Так, 27-гадовая Насця атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, жыве ў Мінску, шмат працуе і, на жаль, не можа часта прыязджаць дамоў, але мы гадзінамі размаўляем па тэлефоне. Гэтым летам выдалі замуж Тоню. Абыходзячы з абразам і жытам вясельны картэж, шчыра радаваліся шчасцю нашай дачкі. Да кожнага дзіцяці, як кажуць, прыкіпелі ўсім сэрцам. Нават да тых, што вярнуліся ў родную сям’ю. Кожны, дзе сёння ні знаходзіўся б, застаецца на галінках сямейнага дрэва дома № 15 у Кобрынскай дзіцячай вёсцы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.