У няспынным творчым палёце

05.03.2019
Даўно хацелася пабываць на ўроку абслуговай працы ў настаўніцы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Лідзіі Барысаўны Некрашэвіч з Ланской сярэдняй школы Маларыцкага раёна. Але ўсё ніяк не выпадала. І вось нарэшце пашчасціла.
На ўроку ў 9 класе я і дзве вучаніцы. Сяджу затаіўшы дыханне. Стараюся нічога не ўпусціць і пераняць хоць невялікую частку багатага вопыту работы аднаго з лепшых педагогаў Маларытчыны. Адразу здзівілі нязмушаныя зносіны, псіхалагічны камфорт, створаны за некалькі хвілін. З Лідзіяй Барысаўнай заўсёды прыемна знаходзіцца побач. Прывабліваюць яе сціпласць, тактоўнасць, спакойны і ласкавы голас, дабрыня, інтэлігентнасць, душэўнасць...

За плячыма Л.Б.Некрашэвіч – чвэрць стагоддзя, аддадзенага педагогіцы. Настаўніца адзначана мноствам грамат і падзяк за добрасумленную і самаадданую працу. На рахунку выхаванцаў Лідзіі Барысаўны – 8 дыпломаў рознай вартасці і 2 пахвальныя водзывы, атрыманыя на абласных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

- У мяне кожны вучань навідавоку, а кожны ўрок – індывідуальны, - гаворыць педагог. – Адна з прычын – у невялікай напаўняльнасці класаў. Так, сёння ў 5 класе вучыцца 4 дзяўчынкі, у 6-м – 2, у 7-м – 3, у 8-м – адна, у 9-м – 2. Каб ім было цікава на занятках, імкнуся рознымі метадамі, прыёмамі і сродкамі стварыць сітуацыю поспеху, што матывуе да ўсвядомленага і грунтоўнага засваення новых ведаў, уменняў і навыкаў. Кожны ўрок хочацца зрабіць практыка-арыентаваным, каб ён выхоўваў працавітасць, культуру працы, эстэтычны густ, акуратнасць і беражлівасць. Дапамагае ў гэтым змена форм і метадаў навучання. Мая задача ‒ зацікавіць і здзівіць, захапіць і далучыць да прыгожага і таямнічага свету творчасці. Паказваю дзяўчатам важнасць працоўных ведаў, уменняў і навыкаў у жыцці.

Педагог лічыць, што ўрокам абслуговай працы належыць асаблівая роля ў станаўленні моладзі, раскрыцці здольнасцей, развіцці творчага патэнцыялу і самастойнасці. Лідзія Барысаўна вучыць дзяўчат працаваць і ствараць прыгажосць уласнымі рукамі, перадае сакрэты жаноцкасці і падштурхоўвае выглядаць модна, сучасна, стыльна.

Л.Б.Некрашэвіч нарадзілася і вырасла ў Брэсце. Калі надышоў час выбіраць прафесію, яна не вагалася. Цвёрда вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў яшчэ ў 7 класе. Дакументы падала ў тагачасны Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Але мара дзяцінства не збылася: не прайшла па конкурсе.

- Шкадавання не было, - успамінае Лідзія Барысаўна. ‒ Бацькі суцешылі, падтрымалі. Разам прынялі рашэнне, каб паступала ў Брэсцкае ПТВ № 26 імя Д.М.Карбышава, якое рыхтавала спецыялістаў для швейнай вытворчасці. Гэтая ўстанова і вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Пасля яе заканчэння, набыўшы спецыяльнасць краўца мужчынскага і дзіцячага верхняга адзення, пэўны час працавала на Брэсцкай фабрыцы індпашыўадзення.

Дзяўчына была неверагодна шчаслівая, калі касцюм, пашыты бацьку, вельмі спадабаўся не толькі яму, але і іншым родным. Гэта надало сілы і жаданне для творчасці і пошукаў свайго месца.

Адвучыўшыся яшчэ і ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, Лідзію Барысаўну, выдатніцу вучобы, запрасілі ў Брэсцкае ПТВ № 26. Там яе добра памяталі як адказную старасту групы і здольную навучэнку, якая добрасумленна адносілася да любой даручанай справы. Так Л.Б.Некрашэвіч на некалькі гадоў стала майстрам вытворчага навучання.

- Спачатку было цяжка, - расказвае педагог. – Пастаянна думала пра тое, што перадам навучэнцам, чаму і як здолею навучыць? Паступова назапашваўся вопыт, прыходзіла майстэрства. Гэта быў час станаўлення і пошукаў сябе.

Жыццёвыя абставіны прывялі на Маларытчыну. Давялося звольніцца з любімай работы і пераехаць з сям’ёй у вёску.

- Верыла і спадзявалася, што ўсё атрымаецца і наладзіцца на новым месцы, - гаворыць Лідзія Барысаўна. – Спачатку ў Ланской сярэдняй школе не было вакансій. Пры Доме піянераў вяла гурток “Мадэляванне адзення”, які наведвала амаль 20 дзяцей. Праз некаторы час да сябе ў кабінет запрасіла тагачасны дырэктар школы Ганна Шпетная і прапанавала гадзіны абслуговай працы. Пачутае ўзрадавала. Старанна і падоўгу рыхтавалася да ўрокаў. На кожны з іх ішла, ды і да гэтага часу іду, як на своеасаблівае свята. Адчуваю вялікае задавальненне і радасць ад сустрэч з выхаванцамі, іх дапытлівымі вачыма. Урокі абслуговай працы – маё жыццё, цікавае і непаўторнае, напоўненае пошукам і гармоніяй. На занятках чэрпаю сілы для творчасці. А творчасць – гэта палёт, які не спыніць.

Больш за 10 гадоў Л.Б.Некрашэвіч вяла гурток “Мяккая цацка”. Дзеці былі ў захапленні ад таго, што сваімі рукамі са старых футраў шылі розных звяркоў і птушак.

Лідзія Барысаўна – майстар на ўсе рукі. Тэхналогію пашыву любога адзення ведае назубок. Спачатку ўсе неабходныя рэчы жанчына шыла толькі для сябе, мужа, дзяцей і ўнукаў, а потым ужо не магла адмовіць і аднавяскоўцам, якія заказвалі ў яе розныя абноўкі: пальто, касцюмы, штаны. І на кухні яна сапраўдная чараўніца. Сярод калег карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, а сярод вучняў і іх бацькоў ‒ павагай.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.