Праз тэатр – да замежнай мовы

20.04.2018
Сёння вывучэнне замежнай мовы адыгрывае важную ролю ў чалавечай жыццядзейнасці. У сучасным свеце з яго бязмежнымі камунікатыўнымі магчымасцямі цяжка ўявіць свабоднага, адукаванага і паспяховага чалавека, здольнага жыць і займацца стваральнай працай ва ўмовах зменлівых абставін, без ведання замежнай мовы. Асваенне яе асноў дазваляе навучэнцам далучыцца да крыніцы інфармацыі пра сучасны свет і з’яўляецца добрым сродкам міжкультурных зносін.

 Канечне, у рамках урока нельга вырашыць увесь спектр задач, якія стаяць перад настаўнікам і навучэнцамі, асабліва калі размова ідзе пра вывучэнне замежнай мовы. Таму пазакласная работа па прадмеце мае вялікае адукацыйнае, выхаваўчае і развіццёвае значэнне. Гэты від дзейнасці паглыбляе і пашырае веданне замежнай мовы, павышае матывацыю да яе вывучэння і вывучэння культуры іншай краіны.

 Адным з відаў пазакласнай работы з’яўляецца дзейнасць тэатральнага гуртка ці клуба. Важна, што, займаючыся ў іх, дзеці вучацца камунікацыі праз калектыўную працу, супрацоўніцтву адно з адным, зносінам з гледачамі і інш.

 Штогод у Пінску праходзіць конкурс школьных тэатральных пастановак на замежнай мове. Усе навучальныя ўстановы прымаюць у ім актыўны ўдзел. Наша школа не з’яўляецца выключэннем. Ва ўстанове ўжо тры гады дзейнічае тэатральны гурток.

 Тэатр – гэта вялікая праца. У школе пастаўлены “Прыгажуня і пачвара”, “Пасха” і “Рэпка”. Удзел у тэатральных пастаноўках выхоўвае ў навучэнцаў імкненне да пазнання навакольнага свету і саміх сябе, садзейнічае праяўленню творчых здольнасцей дзяцей, іх музычнага таленту, а найперш – паказвае ўзровень валодання замежнай мовай.

 Важную ролю ў арганізацыі тэатральных пастановак адыгрываюць бацькі, якія дапамагаюць настаўнікам з дэкарацыямі і касцюмамі, наведваюць гурток разам з дзецьмі. Супрацоўніцтва школы і сям’і дазваляе дасягнуць высокіх вынікаў не толькі ў навучанні і выхаванні, але і садзейнічае станаўленню гарманічна развітай асобы, згуртаванага калектыву аднадумцаў. Тэатр – добры сродак для гэтага.

Таццяна ВАКУЛІЧ,

настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 8 Пінска.