Інтэрактыўная матэматыка

17.05.2018
Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя зніжэння вучэбнай матывацыі, якая з’яўляецца адной з асноўных умоў эфектыўнага засваення матэрыялу. Прычына гэтага тоіцца ў пасіўнай рабоце навучэнцаў. Таму настаўніку даводзіцца вырашаць праблему прыцягнення ўвагі дзяцей і развіцця іх пазнавальных інтарэсаў, каб павысіць вучэбную матывацыю.
На дапамогу прыходзяць інтэрактыўныя метады навучання. Галоўная іх перавага заключаецца ў пастаянным узаемадзеянні педагога і навучэнцаў. Гэта дазваляе ўсім актыўна ўдзельнічаць у адукацыйным працэсе, свабодна выказваць уласныя меркаванні і аналізаваць свае рашэнні, атрымліваць зваротную сувязь не толькі ад выкладчыка, але і ад аднакласнікаў, аблегчыць працэс запамінання новай інфармацыі.

Інтэрактыўнае навучанне можна арганізаваць на любым этапе вывучэння тэмы. У залежнасці ад зместу вучэбнага матэрыялу і ўзроўню падрыхтоўкі класа выкарыстоўваю розныя метады навучання. Так, у пачатку ўрока матэматыкі праводжу размінку ў выглядзе вуснага лічэння, якая канцэнтруе ўвагу навучэнцаў на тэме заняткаў. У сярэдзіне ўрока такая размінка праходзіць для таго, каб даць дзецям разрадку.

Размінкай з’яўляецца любое цікавае практыкаванне ці гульня. Напрыклад, заданні для вуснага лічэння запісваюцца на дошцы. Да кожнага задання прапаноўваюцца варыянты адказаў (адзін з іх правільны). Кожны адказ падпісаны пэўным дзеяннем: “папляскаць у далоні”, “узяць сябе за нос”, “закрыць вочы”, “прысесці ля стала”, “скрыжаваць рукі на грудзях”, “пракрычаць “ку-ка-рэ-ку!” і інш. Навучэнцы рашаюць заданне, знаходзяць правільны адказ і выконваюць дзеянне. Заданні-дзеянні можна замяніць забаўнымі фігурамі, якія паказваюць гэтыя дзеянні: чалавек з узнятымі рукамі, чалавек прысеў ля парты, чалавек стаіць на адной назе і г.д. Такое інтэрактыўнае вуснае лічэнне з’яўляецца добрай матывацыяй для вывучэння новай тэмы, паказвае важнасць уважлівасці і сумеснасці дзеянняў.

Інтэрактыўная гульня “Трыццаць тры”, якую праводжу падчас вывучэння тэмы “Прыкметы дзялімасці” ў 5 класе, актывізуе ўвагу і дазваляе фізічна размяцца. Правілы гульні простыя. Мы пачынаем лічыць. Тыя ўдзельнікі, якім трэба сказаць лік, што ўтрымлівае 3 (напрыклад, 3, 13, 23 і г.д.) і лік, кратны тром, павінны замест лічэння выканаць пэўныя дзеянні. Той, хто памыліўся і сказаў услых лік, выбывае з гульні. Пры гэтым лічэнне працягваецца з наступнага ўдзельніка ці пачынаецца зноў.

Для праверкі тэарэтычнага матэрыялу выкарыстоўваю гульню “Матэматычнае лато”. На картцы ў кожнага навучэнца ўтрымліваецца адказ на пытанне па пэўнай тэме і наступнае пытанне. Гэтая гульня дапамагае актывізаваць увагу і паўтарыць тэарэтычны матэрыял, а таксама вучыць слухаць і чуць адно аднаго.

Інтэрактыўны метад “кожны вучыць кожнага” выкарыстоўваю на ўроку пры вывучэнні новага матэрыялу ці пры абагульненні асноўных паняццяў і ідэй. Навучанне адно аднаго – адзін з самых эфектыўных спосабаў засвоіць інфармацыю па прадмеце і прымяніць на практыцы важныя навыкі і ўменні, растлумачыць цяжкі матэрыял, задаць пытанні, выслухаць, пастасавацца і інш.

Групавая форма арганізацыі ўрока матэматыкі мае складаную структуру. Падчас вучэбных узаемадзеянняў усталёўваюцца прадуктыўныя сувязі не толькі паміж настаўнікам і навучэнцамі, але і ўнутры вучнёўскага калектыву. Такім чынам, з пункта гледжання інтэрактыўнасці менавіта групавая форма аказваецца больш эфектыўнай і насычанай, хаця гэта па-рознаму можа паўплываць на выніковасць вучэбнага працэсу. Групавая работа як форма калектыўнай вучэбнай дзейнасці – гэта спосаб арганізацыі сумесных намаганняў навучэнцаў па рашэнні пастаўленых на ўроку задач.

Падчас групавой работы кантралюю ход работы ў групах, адказваю на пытанні, рэгулюю спрэчкі, парадак работы, а пры неабходнасці аказваю дапамогу асобным навучэнцам ці групе. Вельмі важным у такой дзейнасці з’яўляецца псіхалагічны фактар. Неабходна, каб дзеці бачылі ў настаўніку надзейнага памочніка, давяралі яму, ішлі насустрач патрабаванням і ўстаноўкам педагога, верылі ва ўласныя сілы і магчымасць дасягнення лепшых вынікаў.

Пры першасным замацаванні тэарэм, азначэнняў і ўласцівасцей (адпрацоўка асноўных паняццяў, вучэбных уменняў і навыкаў) выкарыстоўваю работу ў парах. Такая дзейнасць носіць рэпрадуктыўны характар. Выкарыстоўваю пары пастаяннага і зменнага складу, дынамічныя і статычныя.

На этапе вуснай самастойнай работы, якая выконваецца ў пары пад умоўнай назвай “навучэнец – настаўнік”, выкарыстоўваю карткі. У пэўны момант часу кожны ў пары адыгрывае то ролю настаўніка, то ролю навучэнца. На работу адводзіцца да 10 хвілін урока. У гэты час ажыццяўляю ўключаны кантроль: слухаю адказы то аднаго, то другога навучэнца ў розных парных групах і адпаведна ацэньваю іх, дапамагаю навучэнцу, які ў дадзены момант выконвае функцыю настаўніка, карэкціраваць памылкі ў час іх узнікнення, ацэньваю не толькі таго, хто адказвае, але і якасную работу “настаўніка”. Станоўчым момантам такой работы з’яўляецца тое, што палова навучэнцаў класа адначасова вучыцца гаварыць, бачыць, слухаць, выпраўляць памылкі іншых, тым самым абагачаючы і замацоўваючы свае веды. Кожнае дзіця павінна мець магчымасць выказаць сваё меркаванне і быць пачутым.

Пасля завяршэння самастойнай работы прадстаўнікі груп адказваюць па картках перад класам. Такім чынам за невялікі прамежак часу можна ацаніць работу 10 – 12 навучэнцаў, што пры традыцыйным франтальным апытанні немагчыма.

Акрамя статычнай формы работы ў парах, калі на працягу пэўнага часу стасуюцца два навучэнцы за адной партай, выкарыстоўваю таксама і дынамічную, калі паміж сабой па чарзе стасуюцца навучэнцы, якія сядзяць за дзвюма суседнімі партамі (гэта ўжо малая група з 4 чалавек). Кожны ўдзельнік гэтай групы атрымлівае картку з заданнем, на адвароце якой змешчаны мэтазгодныя пытанні, а таксама мяркуемыя адказы на іх (ключы да рашэння задачы). Атрымаўшы такія карткі, удзельнікі павінны разабрацца ў рашэнні пастаўленых задач. Пасля гэтага пачынаюцца зносіны паміж членамі групы. Такім чынам кожны ўдзельнік групы рашыць 3 задачы, а адну, разабраўшы папярэдне, прапануе кожнаму з членаў яго групы.

Карткі прапануюцца ў чатырох варыянтах для чатырох навучэнцаў групы. Падчас гэтай групавой работы, як і пры рабоце ў статычнай пары, ажыццяўляю ўключаны кантроль. Работа доўжыцца 20 – 25 хвілін, пасля чаго навучэнцы пачынаюць пісьмовую самастойную работу па варыянтах. Затым надыходзіць чарга індывідуальнай работы (этап адключанага кантролю). Запрашаю па чарзе навучэнцаў да стала ці дошкі для рашэння задач і практыкаванняў.

Пры фарміраванні ведаў, уменняў і навыкаў па тэме выкарыстоўваю таксама дзяленне на групы па тры-чатыры чалавекі, якія на тэарэтычныя пытанні могуць адказваць сумесна, а практычныя заданні рашаюць індывідуальна (адразу з праверкай настаўніка). Групавыя і прыватныя вынікі заносяцца на “экран дасягненняў”. Каштоўнасць гэтага ўрока заключаецца ў актыўнай пазіцыі навучэнцаў і фарміраванні ўпэўненасці, што кожны іх крок значны для агульнай справы. Вынікі адкрыты для ўсіх, а гэта стымулюе групавую работу. У настаўніка ёсць магчымасць ацаніць работу як кожнага навучэнца паасобку, так і работу групы ў цэлым.

Інтэрактыўныя метады навучання садзейнічаюць лепшаму засваенню матэрыялу, фарміруюць і развіваюць ключавыя кампетэнцыі. Канечне, і педагогу, і навучэнцам неабходна прызвычаіцца да такіх метадаў і атрымаць пэўны вопыт іх выкарыстання. Лепш дасканала падрыхтаваць некалькі інтэрактыўных заняткаў у навучальным годзе, чым часта праводзіць наспех падрыхтаваныя “гульні”.

Таццяна ЛОСЬ,

настаўніца матэматыкі гімназіі Іванава.