Адукацыйны эфект рэфлексіўнага навучання

16.07.2019
Калі вучань добра ведае, што ён павінен зрабіць, але не ведае, як, нельга разлічваць на якаснае выкананне задання. На жаль, адукацыйны працэс пабудаваны такім чынам, што дзеці набываюць веды з устаноўкай, нібыта іх выкарыстанне ў дзейнасці адбываецца само сабой, без рэфлексіі.

Аналізуючы сваю работу, вылучыла некалькі актуальных праблем. Па-першае, цяжкасці, якія ўзнікаюць у школьнікаў падчас вучобы, назапашваюцца і прыводзяць да страты цікавасці да яе, нежадання вучыцца ўвогуле. Па-другое, не ведаючы прычын цяжкасцей, вучні не могуць займацца новай дзейнасцю ці адкарэкціраваць іх. Без рэфлексіі немагчыма развівацца і ставіць адэкватныя мэты. Па-трэцяе, паміж настаўнікам і вучнямі наладжана недастатковая зваротная сувязь.

Пры слове “рэфлексія” ў многіх педагогаў узнікаюць асацыяцыі, звязаныя з яркімі карцінкамі (сонейкамі, смайлікамі, хмаркамі), якія нібыта толькі марнуюць час на ўроку. Як правіла, рэфлексія выкарыстоўваецца на адкрытых занятках, а ў штодзённай практыцы – рэдка. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра рэфлексію эмацыянальнага стану ці рэфлексію дзейнасці. Але я разумею яе шырэй. Рэфлексія – гэта мысліцельны працэс, накіраваны на самапазнанне, аналіз сваіх эмоцый і пачуццяў, станаў, здольнасцей і паводзін і арыентаваны на тлумачэнне спосабаў пабудовы новых ведаў. Найчасцей рэфлексія суадносіць пастаўленыя мэты з дасягнутымі вынікамі і з’яўляецца адным са спосабаў вырашэння вучэбных праблем. Так, калі вучань ці ўвесь клас не могуць вырашыць вучэбную задачу, неабходна спыніцца і спытаць, чаму мы не можам гэта зрабіць. Пошук адказаў на такое пытанне пераводзіць дзейнасць школьнікаў з прадметнага ўзроўню на рэфлексіўны. Пасля выяўлення прычын цяжкасцей і знаходжання спосабаў іх пераадолення вучні вяртаюцца да ранейшай дзейнасці.

Рэфлексіўнае навучанне дапамагае дзецям кіраваць уласнай інтэлектуальнай дзейнасцю і займацца самаадукацыяй. Самую важную ролю адыгрывае рэфлексія зместу матэрыялу, якая дазваляе ўсвядоміць яго, ацаніць эфектыўнасць уласнай работы на ўроку. Гэты від рэфлексіі дапамагае фарміраваць самакантроль вучэбнай дзейнасці.

У свой час я ўдзельнічала ў рэспубліканскім эксперыменце па ўкараненні модульнай тэхналогіі. У рамках яго рэалізацыі распрацавала ўрокі па пэўных тэмах арганічнай і неарганічнай хіміі. Адным з важных элементаў гэтых урокаў з’яўляецца самаправерка (узаемаправерка) на розных яго этапах. Напрыканцы заняткаў кожны вучань мог ацаніць сваю дзейнасць і выставіць сабе выніковую адзнаку. Напрацаваныя матэрыялы выкарыстоўваю і сёння, дапрацоўваючы з улікам змен у праграмах і падручніках.

Самакантроль вучэбнай дзейнасці прысутнічае і ў тэхналогіі актыўнай ацэнкі ў якасці ўваходнага і выхаднога кантролю. Гэты этап урока лёгка арганізаваць на традыцыйных і нетрадыцыйных занятках у розных формах: тэставыя заданні, задачы, хімічныя дыктоўкі і інш.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю методыку, якая нагадвае модульную тэхналогію і тэхналогію поўнага засваення. Падаю матэрыял блокамі з прымяненнем картак з рознаўзроўневымі заданнямі ў 4 варыянтах для замацавання матэрыялу і рэфлексіі сваёй дзейнасці. Пасля тлумачэння кожнага блока тэмы вучні выконваюць заданні аднаго ці некалькіх узроўняў, ацэньваюць сваю дзейнасць балам на палях, мяняюцца сшыткамі і правяраюць, выпраўляюць магчымыя памылкі алоўкам і побач з балам самаацэнкі выстаўляюць бал узаемаацэнкі, вяртаюць сшыткі, аналізуюць і карэкціруюць атрыманыя вынікі, выстаўляючы канчатковую адзнаку. Сшыткі здаюцца настаўніку. Праглядаю іх і побач з баламі самаправеркі і самаацэнкі выстаўляю свае і выніковую адзнаку, якая, як правіла, супадае з вучнёўскай. Такая методыка дапамагае дзецям аб’ектыўна ацэньваць сваю работу, планаваць сваю дзейнасць, выбудоўваць праграму самаразвіцця.

Дзякуючы метадам рэфлексіўнага навучання павышаецца цікавасць школьнікаў да хіміі, паляпшаюцца вынікі алімпіяднага руху, ЦТ і паступлення ва УВА па хіміка-біялагічным профілі.   

Умовамі паспяховага развіцця рэфлексіўных уменняў вучняў з’яўляюцца сістэмная і планамерная работа ў гэтым кірунку, улік узроставых асаблівасцей дзяцей, іх колькасці і якасці засваення матэрыялу. У невялікіх групах і класах рэфлексіўнае навучанне больш эфектыўнае.

З мэтай фарміравання рэфлексіўных уменняў і навыкаў самакантролю вучэбнай дзейнасці распрацавала дыдактычныя заданні да ўрокаў. Вопытам работы ў гэтым кірунку дзялюся з калегамі. Уваходзіла ў склад групы па рэалізацыі інавацыйнага праекта па ўкараненні методыкі фарміравання метадалагічнай культуры педагога ў сістэме бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Правяла шэраг адкрытых урокаў для настаўнікаў школы і раёна.

Наталля КАРПЫЗА,

настаўніца хіміі сярэдняй школы №5 Пружан.