Смартфон – саюзнік педагога

16.07.2019
- У час інфармацыйных тэхналогій даволі цяжка ўтрымліваць увагу вучняў на важным і неабходным матэрыяле, - гаворыць настаўніца нямецкай мовы Наталля Васільеўна Бойка з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. – Даводзіцца шукаць сродкі і прыёмы навучання, якія развіваюць пазнавальную актыўнасць дзяцей, вучаць іх самастойна здабываць інфармацыю, выкарыстоўваць атрыманыя веды ў жыцці. Адзін з такіх сродкаў – смартфон. Ім можна паспяхова карыстацца на ўроках нямецкай мовы, у пазакласнай і самастойнай рабоце. Смартфон дапамагае авалодаць усімі відамі маўленчай дзейнасці, дзякуючы доступу да інтэрнэту, наяўнасці відэакамеры, мікрафона, тэкставых і галасавых паведамленняў, карт і адукацыйных дадаткаў.

Педагог апрабавала прыёмы і практыкаванні па развіцці пазнавальнай актыўнасці вучняў праз выкарыстанне BOYD-тэхналогіі. У планах – распрацоўка вучэбных модулей з прымяненнем мабільных дадаткаў Quizlet, накіраваных на трэніроўку і дыягностыку лексічнага і граматычнага матэрыялу.

- BOYD-тэхналогія – даволі эфектыўны сродак навучання і развіцця вучэбна-пазнавальных кампетэнцый школьнікаў пры вывучэнні нямецкай мовы, - расказвае Наталля Васільеўна. – Гэтая тэхналогія забяспечвае сувязь вывучанага матэрыялу са штодзённым жыццём дзяцей, дапамагае разгледзець не толькі вучэбныя, але і рэальныя праблемы, перанесці адукацыйны працэс за межы класа, наладзіць актыўнае ўзаемадзеянне вучняў адно з адным, з педагогамі і іншымі дарослымі. У перакладзе з англійскай мовы BOYD (Bring your own device) – прынясі з сабой сваю прыладу. Гэта можа быць смартфон, ноўтбук, планшэт. Яны партатыўныя і заўсёды пад рукой.

Часцей за ўсё Н.В.Бойка выкарыстоўвае на ўроках магчымасці камеры смартфона для навучання гаварэнню. У тэлефонах вучняў захоўваюцца шматлікія фотаздымкі, да якіх настаўніца звяртаецца пры вывучэнні тэмы “Падарожжа па розных краінах” у 7 класе (дзеці паказваюць фота мясцін, дзе пабывалі, а клас па карцінцы здагадваецца, дзе аўтар зрабіў фота і якія ўражанні засталіся ў яго ад паездкі) і адпрацоўцы ўжывання дзеясловаў у мінулым часе. Прымяняючы функцыю макраздымак, школьнікі робяць фота часткі пэўнага прадмета ў класе, а потым у парах, задаючы пытанне “Іst das ein/eine...?”, вызначаюць гэты прадмет. Такі прыём дапамагае адпрацаваць лексічныя адзінкі па тэмах і патрэніравацца адказваць на агульныя пытанні.

- Асноўная задача пры рабоце з камерай – гаварыць па-нямецку, а не фатаграфаваць, - заўважае Наталля Васільеўна. – У якасці дамашняга задання для трэніроўкі новай лексікі даю вучням спіс аб’ектаў, якія трэба сфатаграфаваць. Заахвочваю абмеркаванне і творчы падыход.

У практыку работы настаўніцы трывала ўвайшлі дзіцячыя фотагісторыі, складзеныя самастойна. У метадычнай скарбонцы педагога – прэзентацыі на тэмы “Знешнасць і характар”, “Спорт”, “Падарожжы па розных краінах” і “Пакупкі” (7 клас), “Школа”, “Музыка”, “Звычаі Беларусі і краіны, чыя мова вывучаецца”, “Кнігі” і “Здаровае харчаванне” (8 клас).

- Вялікім адукацыйным патэнцыялам валодаюць відэаздымкі на камеру смартфона, - гаворыць Н.В.Бойка. – Звяртаюся да іх пры арганізацыі пазакласнай дзейнасці, у тым ліку ў рамках супрацоўніцтва з Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія). Дзецям вельмі падабаецца конкурс “Фотаралі”. Групы вучняў атрымліваюць заданні, звязаныя з пошукам у горадзе пэўнага месца, помніка архітэктуры і г.д. Школьнікі робяць відэсюжэт і расказваюць класу пра сваю работу. Такім чынам дзеці не толькі вучацца ўзаемадзейнічаць, але і лепш пазнаюць родны горад і яго гісторыю, удасканальваюць камунікатыўныя навыкі.

Пры вывучэнні замежнай мовы некаторыя школьнікі саромеюцца гаварыць, баючыся памыліцца. На дапамогу прыходзіць дыктафон, які пазбаўляе ад стрэсу.  Дзеці могуць запісаць сваё маўленне, праслухаць яго і параўнаць з аўтэнтычным. Гэта знімае псіхалагічныя цяжкасці гаварэння, развівае размоўнае маўленне, фанетычныя навыкі. Пры завучванні вершаў на памяць школьнікі запісваюць іх чытанне на смартфоны, пасля чаго праслухоўваюць яго і аналізуюць.

- Самымі неабмежаванымі магчымасцямі валодае інтэрнэт, - адзначае Н.В.Бойка. – Дзякуючы яму можна працаваць з электронным слоўнікам, шукаць неабходную інфармацыю, працаваць з флэш-картамі Quizlet, стасавацца ў сацыяльных сетках, чытаць аўтэнтычныя матэрыялы. Так, з дапамогай дадатку WhatsApp васьмікласнікі арганізавалі групу, дзе ў цікавай форме вывучаюць тэму “Новы год у маёй сям’і”. Дзеці выкладваюць святочныя фота, а ўдзельнікі групы каменціруюць іх, задаюць пытанні, параўноўваюць звычаі і традыцыі святкавання ў розных краінах і сем’ях. Такім чынам удасканальваюцца камунікатыўныя навыкі шляхам візуалізацыі, зносіны праходзяць нязмушана.

Вывучаючы тэму “Падарожжы па розных краінах”, сямікласнікі распытваюць пра знаходжанне аб’ектаў у горадзе, складаюць маршруты, выкарыстоўваючы Google-карты. Quizlet дазваляе вывучаць словы па флэшкартках, на адным баку якіх слова, а на другім – пераклад (карцінка). Словы ў Quizlet можна не проста вучыць, але і тэсціраваць з дапамогай гульняў і розных заданняў.

- Смартфон паказаў сябе эфектыўным сродкам навучання, дзякуючы якому павысілася цікавасць дзяцей да нямецкай мовы. Безумоўна, мабільнае навучанне не заменіць традыцыйныя сродкі і прыёмы. Адукацыйныя магчымасці ІТ-тэхналогій вялікія, неабходна актыўна выкарыстоўваць іх у педагагічнай дзейнасці, - падагульняе Н.В.Бойка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.