У цесным узаемадзеянні

05.08.2019
Задача школы – рыхтаваць вучняў да самастойнага жыцця і працоўнай дзейнасці, ствараць умовы для паспяховай сацыялізацыі і самаразвіцця. На гэта былі накіраваны інавацыйныя праекты, рэалізаваныя ў нашай установе адукацыі: “Укараненне аўтарскай мадэлі сацыяльнай псіхолага-педагагічнай службы” і “Укараненне мадэлі сацыяльна адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае грамадзянскаму і прафесійнаму самавызначэнню вучняў”. Сёння ў школе ажыццяўляецца новы праект, звязаны з укараненнем мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму. Задача праекта – актывізаваць школьнікаў у пабудове ўласнага прафесійнага плана і праектаванні прафесійнай кар’еры.

У сваёй рабоце педагогі мэтанакіравана вывучаюць інтарэсы вучняў і запыты іх бацькоў, улічваюць сацыяльны заказ грамадства. Індывідуальную траекторыю развіцця школьнікаў забяспечваюць факультатывы, гурткі, секцыі, даследчая дзейнасць, алімпіядны рух. Так, у рамках дапрофільнай падрыхтоўкі дзеці наведваюць факультатыўныя заняткі, якія дапамагаюць выбраць прадметы для вывучэння на павышаным узроўні ў старшых класах.

Педагогі інфармуюць вучняў пра існуючыя прафесіі і іх асаблівасці, запатрабаваных спецыялістаў на сучасным рынку працы і ўмовах іх работы. Дапамагае ў гэтым супрацоўніцтва з сацыяльнымі ўстановамі і вытворчымі арганізацыямі школьнага мікрараёна.

На пасяджэннях метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў і класных кіраўнікоў аналізуюцца традыцыйныя і распрацоўваюцца новыя падыходы да арганізацыі прафарыентацыі вучняў, разглядаюцца прапановы сацыяльных партнёраў і сучасныя формы работы з выкарыстаннем ІКТ. Педагогі прымяняюць на ўроках прафесіяграмы і рэкамендацыі да іх у адпаведнасці з каляндарным планаваннем (гісторыя – экскурсавод; працоўнае навучанне – швачка, кухар, сталяр; руская і беларуская мова і літаратура – журналіст, дыктар, сцэнарыст, рэжысёр; англійская мова – фотарэпарцёр, перакладчык). Хлопчыкі і дзяўчынкі спрабуюць сябе ў ролі бібліятэкара, канферансье, медыка, афіцыянта, спартыўнага каментатара і інш. Прафесійныя спробы дазваляюць уявіць характар прафесійнай працы людзей на аснове асабістага вопыту. Спецыялісты гарадскога ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва праводзяць прафарыентацыйныя кансультацыі і дыягностыку па праграме “Профіль”, абнаўляюць інфармацыю пра сучасныя запатрабаваныя прафесіі, расказваюць пра сацыяльныя гарантыі выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі, узровень іх заробку.

На класных гадзінах педагогі актыўна звяртаюцца да інтэрактыўных метадаў, заснаваных на дыялогах настаўніка і вучняў, а таксама вучняў паміж сабой (інтэрактыўная гульня “Кім я хачу быць?” у 8 класе). Школьнікі ўяўляюць сябе праграмістамі-кодзерамі, работнікамі гейм-індустрыі, пажарнымі ратавальнікамі, турагентамі, вадзіцелямі міжнародных перавозак, бізнесменамі, юрыстамі, мадэльерамі, футбалістамі, менеджарамі, педыятрамі, настаўнікамі і інш. Паколькі ўяўленні вучняў пра будучую прафесію няпоўныя і не зусім правільныя, арганізоўваюцца гутаркі, дыспуты, дыскусіі, анкетаванні, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Важную ролю ў фарміраванні прафесійных інтарэсаў школьнікаў адыгрывае даследчая дзейнасць. Так, дзесяцікласнікі вывучылі гісторыю развіцця рэкламы і спосабы яе псіхалагічнага ўздзеяння на педагогаў, дзяцей і бацькоў. Даследчая работа павысіла аўтарытэт вучняў сярод равеснікаў, пашырыла кола іх зносін. Вынікі даследавання выкарыстоўваюцца на класных гадзінах і факультатыўных занятках па псіхалогіі.

Праект “Мультымедыйная сістэма “Ваенная справа Напалеона” з выкарыстаннем маўленчага рэжыму дыялогу” дапамог сфарміраваць уменні, актуальныя ў прафесіях вэб-дызайнера, праграміста, гісторыка, мастака, педагога і сцэнарыста. Даследаванне “Віртуальныя зносіны юнакоў і дзяўчат” дазволіла вучням далучыцца да прафесіі псіхолага, сацыяльнага педагога, статыста і юрыста.

Цікавасць да пэўнага прадмета можа скіраваць да будучай прафесіі. Так, Уладзімір Грыцэвіч з 5 класа цікавіўся гісторыяй. Актыўна ўдзельнічаў у школьных і гарадскіх алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. Школьніка цікавілі тэмы, звязаныя з развіццём праваслаўных традыцый на тэрыторыі роднага краю. Уладзімір напісаў даследчую работу “Праваслаўныя храмы нашага краю” і на яе аснове стварыў сайт “Спасцігаем асновы праваслаўя”. Хлопчык вывучаў асаблівасці праваслаўнага веравучэння, жыццё і дзейнасць праваслаўных святых і вялікіх пакутнікаў. Работы, прысвечаныя Сергію Раданежскаму і князю Уладзіміру Святому, былі адзначаны Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ. У 14-гадовым узросце Уладзімір стаў рэгулярна наведваць царкоўныя службы ў адным з храмаў Баранавіч, дзе паказаў сябе добрым званаром. Мара школьніка ажыццявілася: ён паступіў у Жыровіцкую духоўную семінарыю, дзе экстэрнам здаў экзамены пасля першай сесіі і быў пераведзены на другі курс. Пасля семінарыі юнак плануе паступаць у Мінскую духоўную акадэмію.

Ягор Барзілаў упершыню паспрабаваў сілы ў гісторыі на рэспубліканскім конкурсе “Кентаўрык”, пасля чаго стаў пастаянным удзельнікам і прызёрам гарадской прадметнай алімпіяды “Юны гісторык”. Яго даследчыя работы “Афганістан: погляд скрозь дзесяцігоддзі” і “Гістарычная памяць як крыніца фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі” былі адзначаны на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі і канферэнцыі ў БарДУ. Разам з універсітэцкімі выкладчыкамі Ягор актыўна ўдзельнічаў у круглых сталах і гістарычных чытаннях, спрабуючы сябе ў ролі выкладчыка. Мэтанакіраваная праца, самаадукацыя і глыбокія прадметныя веды дазволілі юнаку перамагчы ў Рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі і стаць студэнтам гістарычнага факультэта БДУ.

Яўген Кузьмянкоў таксама змалку цікавіўся гісторыяй. Маючы добрыя артыстычныя і аратарскія здольнасці, удзельнічаў у правядзенні гістарычных вечарын рознай тэматыкі. Паказваў высокія вынікі ў алімпіядным руху і даследчай дзейнасці. Сёння юнак вучыцца ў МДЛУ, дзе асвойвае прафесію ваеннага перакладчыка.

У тым, што многія выпускнікі школы выбіраюць гістарычную адукацыю, няма нічога дзіўнага. На базе ўстановы дзейнічае філіял кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін БарДУ. Прафарыентацыя старшакласнікаў – адзін з важных напрамкаў яе работы. Выкладчыкі кафедры праводзяць для школьнікаў прафарыентацыйныя экскурсіі і камп’ютарнае тэсціраванне па вызначэнні прафесійных схільнасцей.

Інжынер па ахове навакольнага асяроддзя, зааінжынер, ветэрынар, дрэсіроўшчык, грумер, лабарант, біяхімік, садавод, кветкавод – гэтымі прафесіямі цікавяцца дзеці, захопленыя хіміяй і біялогіяй. Не абыходзяць увагай вучні і прафесію сацыяльнага работніка, з якой знаёмяцца падчас валанцёрскай дзейнасці. Вялікім прафарыентацыйным патэнцыялам валодаюць летняя працоўная практыка ў Эколага-біялагічным цэнтры Баранавіч, экскурсіі на малочна-таварныя комплексы мясцовых СВК і Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, дзе школьнікі ўдзельнічаюць у майстар-класах па доглядзе за дрэвамі, назіраюць аперацыі ў жывёл, знаёмяцца з селекцыйнымі распрацоўкамі.

У рамках прафарыентацыйнай работы вучні займаюцца актыўнай творчай дзейнасцю па пэўнай прафесіі. Так, мерапрыемства “Назад у СССР. Шасцідзясятнікі” аб’яднала прыхільнікаў кіно, тэатра і паэзіі. Дзеці праводзілі даследаванні, вучыліся дэкламаваць вершы і танцаваць, спрабавалі сябе ў ролі артыстаў, дызайнераў, сцэнарыстаў, эстрадных выканаўцаў і фатографаў. Навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання дапамаглі школьнікам аднавіць атмасферу 60-х гадоў мінулага стагоддзя, правялі майстар-класы па цырульніцкім мастацтве, падчас якіх расказалі пра сваю ўстанову.

Наладжана даволі плённае супрацоўніцтва з Баранавіцкім дзяржаўным каледжам лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова, Баранавіцкім тэхналагічным каледжам Белкаапсаюза і Баранавіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем будаўнікоў. Іх выкладчыкі ладзяць профільныя майстар-класы для вучняў.

Прафарыентацыйнай скіраванасцю вылучаецца праект па арганізацыі шостага школьнага дня “Город дорОг и город дОрог”, адзначаны дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе. Паколькі Баранавічы – горад чыгуначнікаў, акцэнт у ім зроблены на мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду чыгуначных спецыяльнасцей.

Цеснае і шматгадовае супрацоўніцтва звязвае школу і Баранавіцкі станкабудаўнічы завод ААТ “Атлант”. Сустрэчы з яго спецыялістамі і экскурсіі дапамагаюць прафесійнаму самавызначэнню школьнікаў у машынабудаўнічай сферы. На гэта накіравана і ўзаемадзеянне з Баранавіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем машынабудавання. Па суботах у школе ладзяцца прафесійныя спробы і майстар-класы па прафесіях слесара-рамонтніка, фрэзероўшчыка і інш.

Вольга МІКУШКА,

настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 19 Баранавіч.