Калі школа – агульны дом

05.08.2019
Узаемадзеянне з бацькамі вучняў – адна з актуальных і складаных праблем сучаснай школы. У кожнай сям’і свае асаблівасці, якія ўплываюць на характар супрацоўніцтва з педагогамі. Задача школы – пабудаваць узаемаадносіны з мамамі і татамі на аснове сумеснай дзейнасці і з улікам агульных інтарэсаў.
З 2015 года ў гімназіі Ляхавіч працуе бацькоўскі клуб “Школа – наш дом”. Яго мэта – павышэнне педагагічнай культуры бацькоў, далучэнне іх да выхаваўчага працэсу як раўнапраўных і адказных партнёраў. Клуб аказвае псіхолага-педагагічную дапамогу мамам і татам, прапагандуе станоўчы вопыт сямейнага выхавання і здаровы лад жыцця, павышае педагагічную культуру і псіхалагічную асвету бацькоў, абагачае сямейны адпачынак цікавымі і карыснымі мерапрыемствамі.

Пасяджэнні клуба праходзяць адзін раз у чвэрць на добраахвотнай аснове. Склад удзельнікаў мяняецца ў залежнасці ад іх патрэб. Тэматыка пасяджэнняў разнастайная. Формы работы – круглыя сталы, трэнінгавыя заняткі, гутаркі, дыспуты, рашэнні педагагічных сітуацый, абмеркаванне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту сямейнага выхавання, прагляд відэаролікаў, прэзентацыі і інш.

На першым пасяджэнні праводзіцца анкетаванне бацькоў, якое дапамагае выявіць іх інтарэсы, выхаваўчы патэнцыял, педагагічныя запыты і інш. Трэба адзначыць, што спачатку мамы і таты даволі пасіўныя на занятках, але паступова становяцца больш разняволенымі і адкрытымі.

На пасяджэннях клуба бацькі даведваюцца шмат новага пра сябе і сваіх дзяцей, вучацца разумець іх, знаёмяцца з новымі падыходамі да выхавання. Дапамагаюць у гэтым практычныя заняткі “Бацькі – гэта прафесія”, “Навучымся чуць адно аднаго, ці Як вырашыць канфлікт?”, “Пра бяспеку дзяцей у інтэрнэце”, “Роля сям’і ў выхаванні дзіцяці”, “Прыгажосць дзіцячай душы”, “Захавай сваё здароўе”, “Узаемапаразуменне ў сям’і”, “Ці ўмеем мы наладжваць зносіны”, “Шлях даверу”, “Выхаванне без пакарання”, “Непаслухмянасць”, “Шляхі вырашэння праблемы” і інш. Падчас іх мамы і таты актуалізуюць праблемы, якія ўзнікаюць у зносінах з дзецьмі, усведамляюць свае магчымасці, выхоўваюць пазітыўныя адносіны да сябе і сваіх дзяцей, кампенсуюць прабелы сямейнага выхавання, паляпшаюць псіхолага-педагагічныя веды. Акрамя таго, бацькі знаёмяцца з творчасцю дзяцей на сямейную тэматыку, вынікамі анкетаванняў вучняў “Узаемаадносіны ў сям’і”, “Лепшыя бацькі” і “Мае інтарэсы”.

На пасяджэннях праводзяцца тэсціраванні, апытанні, анкетаванні, разглядаюцца розныя жыццёвыя сітуацыі. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца сустрэчы з праваслаўнымі святарамі. Па выніках пасяджэнняў мамы і таты атрымліваюць памяткі, парады і рэкамендацыі, падрыхтаваныя спецыялістамі СППС.

Да работы клуба актыўна далучаюцца мнагадзетныя, няпоўныя і нядобранадзейныя сем’і. Пры неабходнасці з імі арганізоўваюцца індывідуальныя кансультацыі педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога, нарколага, псіхіятра, спецыялістаў СПЦ Ляхавіцкага раёна.

Напрыканцы навучальнага года актыўныя ўдзельнікі клуба адзначаюцца падзякамі, дзеляцца ўражаннямі і меркаваннямі наконт далейшай работы.

Дзякуючы бацькоўскаму клубу наладзілася трывалая ўзаемасувязь з сем’ямі вучняў. Мамы і таты сталі больш цікавіцца развіццём і выхаваннем дзяцей, уносіць прапановы ў змест выхаваўчага працэсу, з большай адказнасцю падыходзіць да міжасобасных зносін.

Алена ПОГАС,

сацыяльны педагог гімназіі Ляхавіч.