Вывучаем нямецкую мову з дапамогай відэаматэрыялаў

09.08.2019
Урокі з відэафрагментамі – эфектыўны сродак вывучэння замежнай мовы, дзякуючы вялікай інфарматыўнасці і нагляднасці. Сітуацыйнасць і дынамізм выявы аблягчаюць маўленчыя зносіны.
Сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць наглядным чынам паказаць вучням іншыя краіны і носьбітаў замежнай мовы. Яркія зрокавыя вобразы навакольнай рэчаіснасці, якія змяшчаюць відэаматэрыялы, павышаюць цікавасць да заняткаў, пашыраюць веды, зніжаюць стамляльнасць. Гэта важная крыніца фарміравання не толькі камунікатыўнай, але і сацыякультурнай кампетэнцыі.

Выкарыстанне відэафрагментаў у якасці эфектыўнага сродку іншамоўнага навучання дазваляе аптымізаваць працэс авалодання маўленчымі зносінамі. Рыхтуючы ўрокі з відэафрагментамі, вызначаю іх структуру і змест, ролю і месца, выбіраю прыёмы навучання дыялагічнаму і маналагічнаму маўленню, пасля чаго рэалізоўваю іх на практыцы.

За многія гады работы ў старшых класах назапасіла матэрыялы да 19 вучэбных тэм: “Германія”, “Вядомыя людзі Германіі”, “Асаблівасці нацыянальнага характару немцаў”, “Еўропа”, “Здаровае харчаванне”, “Спорт у жыцці моладзі”, “Сям’я”, “Міжнароднае супрацоўніцтва” і інш. Відэафрагменты выконваюць на занятках навучальную, інфармацыйную, развіццёвую, стымулюючую і кантралюючую функцыю. Іх выкарыстанне носіць комплексны характар. Яны павінны адпавядаць вучэбнай праграме і ўлічваць інтарэсы школьнікаў.

Відэафрагменты мадэлююць пэўны тып маўленчых паводзін у пэўных умовах зносін, якія ўлічваюць сітуацыю, склад удзельнікаў, іх сацыяльна-псіхалагічныя і індывідуальна-асобасныя характарыстыкі. Акрамя таго, відэафрагменты фарміруюць у маўленчай свядомасці вучняў трывалую асацыятыўную сувязь паміж характарыстыкамі вывучаемай маўленчай формы і сітуацыяй зносін, дзе яна выкарыстоўваецца. Відэафрагменты не ўздзейнічаюць непасрэдна на якасць навыкаў і ўменняў маўленчых паводзін, але ствараюць неабходны для іх фарміравання ўзровень вучэбна-пазнавальнай і маўленча-мысліцельнай актыўнасці дзяцей.

Больш за 10 гадоў наша школа супрацоўнічае з Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія). Падчас паездак у гэтую краіну набываю матэрыялы пра яе, нямецкамоўныя дакументальныя і мастацкія фільмы, да якіх распрацоўваю заданні і падбіраю лексіку. Носьбіты замежнай мовы здымаюць відэасюжэты і дасылаюць іх нам з каментарыямі. Цікавыя і карысныя відэаматэрыялы можна атрымаць у Інстытуце Гётэ ў Мінску. Актыўна звяртаюся за матэрыялаў, размешчаных на сайце www.dw.com.de. Там ёсць добрыя маладзёжныя серыялы і заданні да іх.

Даволі часта практыкую на ўроках творчыя заданні ў групах, агучванне тэкстаў, праектную работу, звязаную з самастойнай падрыхтоўкай відэасюжэтаў на розныя тэмы і ролевыя гульні, у аснове якіх – сюжэт ці сітуацыя, узятыя з відэафільма. Вучні самі распрацоўваюць заданні, рыхтуюць плакаты, крыжаванкі.

Вынікі работы радуюць. За апошнія 3 гады правяла для настаўнікаў вобласці 12 адкрытых урокаў. Штогод мае выхаванцы працягваюць вывучаць нямецкую мову ва УВА. Школьнікі – актыўныя ўдзельнікі Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў у адпаведнай секцыі, міжнародных канферэнцый у Германіі. Некаторыя вучні заахвочаны прэміяй спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі.

Святлана ШЛОМА,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,

настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.