Прафарыентацыя па-сучаснаму

20.08.2019
Кожнаму чалавеку даводзіцца выбіраць прафесію. Фінансавы стан сям’і, наяўнасць/адсутнасць пэўнай установы адукацыі па месцы жыхарства, прыклад бацькоў – гэтыя і многія іншыя прычыны ўплываюць на прафесійны выбар дзяцей. Зрабіць яго – складаны і адказны крок у жыцці, бо ад правільнасці выбару залежыць далейшы лёс. На жаль, даволі часта падобны выбар ажыццяўляецца без належнага абдумвання, на аснове інтуіцыі, жаданняў і захапленняў, пад уплывам сяброў ці бацькоў.

Прафарыентацыя ў нашай школе арганізавана праз адукацыйны працэс, пазаўрочную і пазашкольную работу з вучнямі. Паколькі прафесію выбіраюць не імгненна, а на працягу доўга часу, прафарыентацыя вядзецца пастаянна. Яе выніковасць залежыць ад удзелу ў гэтай рабоце ўсяго калектыву і сучасных падыходаў да прафарыентацыйнай дзейнасці.   

У школе створаны прафарыентацыйны кабінет, дзе можна азнаёміцца з інфармацыяй пра розныя прафесіі, установы адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі раёна. У кабінеце, аснашчаным неабходным  абсталяваннем, праводзяцца прафарыентацыйныя заняткі, масавыя мерапрыемствы, конкурсы па прафесійным самавызначэнні, прафесійныя спробы, прэзентацыі спецыяльнасцей, сустрэчы з бацькамі.

У кабінеце назапашаны прафесіяграмы і апісанні прафесій, даведачная, навукова-папулярная і іншая літаратура пра іх, звесткі пра ПТНУ і ССНУ, галіны народнай гаспадаркі і людзей працы, вучэбныя і інфармацыйныя фільмы (відэапрэзентацыі) пра ўстановы прафесійнай адукацыі і вытворчыя прадпрыемствы, прыкладная тэматыка і метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў для вучняў і іх бацькоў, сцэнарыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў, гульняў і клубных заняткаў, метадычныя распрацоўкі ўрокі па розных прадметах з рэкамендацыямі па іх прафарыентаванасці, матэрыялы з вопыту работы, тэсты, анкеты, апытальнікі і інш.  

З’яўляюся класным кіраўніком 9 класа, выкладаю факультатыўныя курсы “Уводзіны ў педагагічныя прафесіі” ў 10 – 11 класах і “Мая прафесійная будучыня” ў 9 класе. Сённяшнія дзеці больш актыўныя і абазнаныя ў розных сферах жыцця, смелыя і самаўпэўненыя. Яны не ўяўляюць жыццё без інтэрнэту, смартфонаў і сацыяльных сетак. Сучасная адукацыя павінна ўлічваць гэта і шукаць новыя падыходы да прафарыентацыі.

Для павышэння яе эфектыўнасці выкарыстоўваю розныя метады і тэхналогіі пры падрыхтоўцы да класных гадзін і факультатыўных заняткаў. Сярод іх – гейміфікацыя, якая далучае да дзейнасці праз гульню і дазваляе мадэляваць сваю будучыню. Гэты метад зразумелы і даступны пакаленню Z. На дапамогу прыходзяць таксама ІКТ, анлайн-сервісы, вучэбна-гульнявыя імітацыі.

Гейміфікаваны адукацыйны рэсурс – гэта не камп’ютарная гульня, нягледзячы на пэўнае падабенства. Падчас курса вучні выконваюць адукацыйныя і гульнявыя задачы. Першыя – у прыярытэце, другія – накіраваны на матывацыю да ажыццяўлення першых.

Існуе шмат сімулятараў прафесій, дзякуючы якім вучні могуць паспрабаваць сябе ў ролі пілота самалёта, верталёта і планера, машыніста цягніка, фермера, вадзіцеля аўтобуса, пажарнага ратавальніка, работніка дарожнай службы.

Даволі часта падлеткі пры прыняцці рашэнняў абапіраюцца на парады бацькоў і сяброў, рэкламу. Задача педагогаў – навучыць прымаць рашэнні самастойна, быць лідарамі ў жыцці, не баяцца адказнасці. Для выяўлення лідарскіх якасцей у вучняў распрацаваны тэсты ў дыстанцыйнай праграме moodle.boiro.by. Кожны школьнік, зарэгістраваны ў ёй, можа прайсці тэст і атрымаць пасля яго адказы на пастаўленыя пытанні.

З дапамогай фарсайт-тэхналогіі праектуецца вобраз будучыні і вызначаюцца канкрэтныя дзеянні па яе дасягненні. На факультатыўныя заняткі, арганізаваныя па гэтай тэхналогіі, запрашаюцца эксперты ў пэўнай галіне, якія ведаюць пра яе развіццё ў будучыні. Формы работы – сімуляцыі, дзелавыя гульні, квесты, рашэнне сітуацый і інш. Перавага такіх заняткаў – у актыўным абмеркаванні інфармацыі.

Пры падрыхтоўцы заняткаў звяртаюся да афіцыйных сайтаў дзяржаўных ведамстваў і ўстаноў. У рабоце абапіраюся на “Атлас новых прафесій”.

Вікторыя ТАРКАЙЛА,

настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы №2 Ляхавіч,

каардынатар клуба будучых педагогаў “Лідар”.