Гуляем з табліцай множання

10.09.2019
Табліца множання суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця. Ужо другакласнікі пераконваюцца, што складаць аднолькавыя складаемыя даволі доўга, ды і ў вылічэннях можна памыліцца. Таму ўзнікае неабходнасць у вывучэнні табліцы множання, што прадугледжана вучэбнай праграмай па матэматыцы. Як дапамагчы дзецям запомніць яе, не ператварыўшы вучобу ў сумны занятак, а матэматыку ў самы нелюбімы і цяжкі прадмет у школе?
Агульнавядома, што таблічнае множанне засвойваецца пры шматразовым паўтарэнні. Пры гэтым вучні затрачваюць больш за ўсё намаганняў на засваенне таблічнага дзялення, чым множання. Механічнае паўтарэнне не такое прадуктыўнае.

У сваёй рабоце, акрамя традыцыйных прыёмаў запамінання таблічнага множання, актыўна выкарыстоўваю інтэрактыўныя гульні, у прыватнасці комплекс дэманстрацыйных наглядных дапаможнікаў Н.У.Пяткевіч. Гульня “Пешаходы”, распрацаваная ёй, дазваляе замацаваць веданне табліцы множання. Так, побач з каляровай сігнальнай стужкай запісваю на дошцы адказы (8, 12, 16, 20… 36). Паказваю на дэманстрацыйнай табліцы “Цвецік-сяміцвецік” прыклад 4×5. Вучні бачаць, што адказ “20” запісаны, напрыклад, побач з зялёным колерам каляровай сігнальнай стужкі, і паказваюць мне гэты колер з дапамогай каляровых сігнальных картак. Абводжу гэты колер кружком – шлях свабодны. Калі хаця б адзін вучань паказаў няправільны адказ, побач са здабыткам ставіцца пытальнік, а праз некалькі прыкладаў ён паўтараецца. Такім чынам пераконваюся, што ўсе дзеці засвоілі множанне ліку 4.

Для паўтарэння табліцы множання выкарыстоўваю гульню “Рэшата”. Вучні аднаго рада па чарзе ўзнаўляюць табліцу множання. Той, хто правільна назваў прыклад, садзіцца на месца, а той, хто памыліўся ці доўга думае, стаіць (застаецца ў рэшаце). Перамагае каманда, якая не дапусціла ніводнай памылкі і найхутчэй справілася з заданнем.

Інтэрактыўныя гульні дапамагаюць ажывіць урок, павышаюць рухальную актыўнасць. Вучням вельмі падабаецца гульня “Жывая матэматыка”. Да пачатку ўрока раздаю па радах карткі ад 0 да 9 (некаторыя атрымліваюць 2 карткі). Папярэджваю, што ўслых нельга нічога агучваць. Рыхтую карткі, дзе запісаны вынікі множання пэўных лікаў, напрыклад,  24. Паказваю картку, а вучні, у якіх ёсць адпаведныя множнікі, устаюць, выходзяць да дошкі і паказваюць, як атрымаць гэты лік. У такім выпадку добра засвойваецца перамяшчальны закон множання. Хвалю дзяцей за актыўнасць. Разам вызначаем рад-пераможцу.

Для замацавання таблічных выпадкаў множання і дзялення звяртаюся да гульняў “Знайдзі сваё месца” і “Матэматычны наборшчык”. Раздаю дзецям аркушы з заданнямі. У кожнага вучня ёсць адказы. Задача – выканаўшы вылічэнні, стаць у шарэнгу па сваім нумары. У кожнай каманды па 7 заданняў (значыць, павінны стаяць 7 чалавек).

Падчас гульні “Матэматычны наборшчык” вучні кожнага рада запісваюць прыклады па адказах.

Даволі цікавымі з’яўляюцца гульні “Пападзі ў цэль” і “Маўчанка”. Мэта гульні “Пападзі ў цэль” заключаецца ў замацаванні ведання табліцы дзялення на адзін лік ці некалькі лікаў адначасова. Загадзя паведамляю вучням, што пасля вывучэння табліцы множання адбудзецца спаборніцтва паміж камандамі, таму ўсім трэба вельмі добра вывучыць табліцу, каб не падвесці таварышаў. Гульня праводзіцца з дапамогай табліцы, у першым гарызантальным радзе якой запісаны лікі на фоне белага колеру. Гэта дзельнік, ён жа множнік. Напрыклад, першы дзельнік 2, пад ім знаходзяцца дзялімыя (здабыткі табліцы на 2). Справа ў вертыкальным радзе знаходзяцца адказы – дзелі (другі множнік). 

Паведамляю вучням, што на ўроку яны будуць правяраць адно ў аднаго веданне табліцы дзялення, напрыклад, на 2, 3 і 4, з выкарыстаннем інтэрактыўнай гульні “Пападзі ў цэль”. Фіксую спіс з 3 тэм на дошцы: табліца дзялення на 2, табліца дзялення на 3, табліца дзялення на 4. Па радах фарміруюцца 3 вучнёўскія каманды. У кожнай з іх выбіраецца капітан (ён добра валодае табліцай), які дастае канверт з тэмай, і суддзя, які сочыць за самастойнасцю выканання задання. Дзеці паўтараюць табліцу множання і дзялення, пасля чаго разыходзяцца па групах.

Кожная каманда атрымлівае роўную колькасць фішак ці магнітаў (“патронаў”), якая супадае з колькасцю ўдзельнікаў большай каманды. У камандзе з меншай колькасцю гульцоў хтосьці страляе двойчы. Па гатоўнасці каманды выстройваюцца ў чаргу. Так, капітан другой каманды правярае першы рад і паказвае любое дзялімае. Разам з суддзёй ён сочыць за самастойнасцю выканання задання (суддзя можа мець падказку-табліцу). Удзельнік гульні, які парушыў правілы, атрымлівае чырвоную картку і пакідае гульню. Вучні павінны разумець: чым менш членаў у камандзе, тым цяжэй змагацца за перамогу. Удзельнік каманды (справа) паказвае адказ. Калі ён правільны, дзялімае закрываецца магнітам (трапіў). Вучань, які не ведае адказу ці паказаў няправільную дзель, кладзе магніт побач з табліцай (халасты выстрал). За яго адказвае наступны вучань. Затым падводзяцца вынікі: вызначаецца рад, які справіўся хутчэй і даў большую колькасць правільных адказаў. Абавязкова праводзіцца рэфлексія. Увага вучняў звяртаецца на дапушчаныя памылкі. Задача настаўніка – паказаць найбольш эфектыўныя прыёмы запамінання складаных выпадкаў таблічнага множання і дзялення.

Даволі часта прапаноўваю вучням пагуляць у гульню “Хто больш”, дзякуючы якой замацоўваецца веданне табліцы множання і адпаведных выпадкаў дзялення. На картках запісваюцца здабыткі лікаў, напрыклад, 5×8. На адваротным баку карткі – адказ (алоўкам). Гуляюць двое. Адзін вучань чытае прыклад на картцы і адказвае. Калі правільна, забірае картку сабе. Калі памыляецца, картка вяртаецца ў калоду (кладзецца ўніз). Другі вучань бярэ новую картку. Перамагае той, у каго больш картак.

Гульні дапамагаюць пазбегнуць пасіўнасці дзяцей на занятках, забяспечваюць шматразовае паўтарэнне табліцы множання і дзялення. Звяртаюся да гульняў і ў пазаўрочнай дзейнасці. Перад кожнай гульнёй абавязкова паўтараюцца правілы работы ў парах ці групе. Дзякуючы гэтаму выпрацоўваюцца камунікатыўныя навыкі і выхоўваюцца такія важныя якасці, як настойлівасць, адказнасць, самастойнасць, калектывізм і ўзаемадапамога.

Святлана ПРАКАПОВІЧ,

настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №5 Пружан.