Ствараем камунікатыўнае беларускамоўнае асяроддзе

21.04.2020
Родная мова – важны сродак засваення культуры свайго народа, фармiравання пачуцця нацыянальнай годнасцi. Для многіх дашкольнікаў першай мовай зносін з’яўляецца руская. Менавіта на ёй дзеці чуюць і вымаўляюць першыя словы, думаюць. Беларускую мову малышы чуюць па радыё і тэлебачанні, у побыце, але больш глыбока знаёмяцца з ёй, як правіла, у дашкольнай установе.
У нашым яслях-садзе, які наведваюць 45 хлопчыкаў і дзяўчынак, створаны добрыя ўмовы для творчай дзейнасцi педагогаў i ўсебаковага развiцця выхаванцаў. Адукацыйны працэс арганізаваны на беларускай мове, за выключэннем гадзін, адведзеных на развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін, згодна з вучэбнай праграмай.

Работа па фарміраванні гутарковага беларускага маўлення ў дзяцей уключае іх паступовае пагружэнне ў адпаведнае камунікатыўнае асяроддзе з мэтай неўсвядомленага засваення беларускай мовы ў штодзённых зносінах і навучанне спосабам пабудовы выказванняў на беларускай мове падчас спецыяльна арганізаванай дзейнасці.

Выхавальнікі, ведаючы ўзровень развіцця зносін і маўлення дзяцей сваёй групы, удасканальваюць іх набытыя навыкі і ўменні, дапамагаюць авалодаць больш складанай формай зносін. Асноўная задача заключаецца ў паэтапным развіцці беларускага маўлення, пачынаючы з паступовага ўвядзення роднай мовы ў розныя віды дзейнасці дзяцей ранняга ўзросту.

Работа пачынаецца з развіцця ў малышоў першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за педагогам і па меры магчымасці самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія пацешкі, песенькі, лічылкі і інш.), што фарміруе пачуццёвую аснову руска-беларускага двухмоўя. З гэтай мэтай адукацыйнае асяроддзе рознаўзроставых груп папаўняецца тэматычнымі руска-беларускімі міні-слоўнікамі “Па-беларуску маё імя гучыць так...”, “Апранаемся па-беларуску” і іншымі, якія актыўна выкарыстоўваюць не толькі выхавальнікі, але і бацькі.

Далей выхаванцы малодшага і сярэдняга ўзросту авалодваюць рэпрадуктыўным (пераказ, завучванне і ўзнаўленне кароткіх паэтычных твораў) і прадуктыўным (аповед па карціне, пра цацку ці прадмет, з асабістага вопыту) беларускім маўленнем.

Якасць дашкольнай адукацыі залежыць ад якасці ўсяго таго, што акружае дзяцей, з чым яны гуляюць і ў якім асяроддзі знаходзяцца. Таму кожная рознаўзроставая група мае свой інтэр’ер. Выхавальнікі з густам афармляюць і абсталёўваюць групы з улікам узроставых асаблівасцей дашкольнікаў і патрабаванняў вучэбнай праграмы. У кожнай рознаўзроставай групе ёсць куткі кнігі і тэатральна-мастацкай дзейнасці, а таксама “Беларускі куточак” з інфармацыяй пра Беларусь і родную вёску, глобусам і картай краіны, вучэбнымі нагляднымі дапаможнікамі з серыі “Старонкі роднай зямлі”.

Гульня – вядучы від дзейнасці дашкольнікаў, у тым ліку ў моўным развіцці. Падчас гульняў удасканальваецца дыялагічнае маўленне, набываюцца навыкі маналагічнага.

У кутках кнігі дзеці знаёмяцца з ілюстрацыямі да народных казак, партрэтамі і творамі беларусскіх пісьменнікаў, асаблівасцямі літаратурных жанраў. Перыядычна ладзяцца тэматычныя выставы.

Няма больш каштоўнага матэрыялу для развіцця мастацкіх здольнасцей дзяцей, чым беларускія казкі, песні і гульні, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пястушкі. Дзякуючы ім выхаванцы пачынаюць разумець прыгажосць беларускага арнаменту, незвычайны каларыт народных песень, хараство карагодаў. Пад уздзеяннем фальклору дзіцячыя малюнкі, песні і танцы становяцца выразнымі і вобразнымі.

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства неабходна творча падыходзіць да вывучэння народнай культуры і сваёй спадчыны, каб зацікавіць выхаванцаў. Акунуцца ў эпоху старажытнай беларускай культуры, дакрануцца да жывой гісторыі народа, ажыццявіць падарожжа па часе дапамагаюць розныя тэматычныя мерапрыемствы. Так, міні-праект “Знаёмства з батлейкай” знаёміць дзяцей з беларускім народным тэатрам. Педагогі самастойна вырабілі лялечны тэатр – дзвюхпавярховую батлеечную скрыню і персанажаў (Казу, Мядзведзя, Лісу, Дзядулю, Бабулю, Сына, Дачку і інш.). Лялечныя касцюмы шылі з улікам народных традыцый.

Тэатральныя хвілінкі “Пагуляем у батлейцы”, тэматычныя вечарыны “Літаратурная віктарына”, “У гасцях у казкі” і “Вандроўка ў мінулае”, разнастайная мастацка-маўленчая і тэатральна-гульнявая дзейнасць дапамагаюць раскрыць і развіць мастацкія здольнасьці дзяцей, самастойна вызначыць змест рэжысёрскіх самадзейных гульняў. Дашкольнікі, гуляючы з лялькай, незаўважна спасцігаюць таямніцы тэатра і чалавечага жыцця. Праз лялечных персанажаў дзеці знаёмяцца з мовай народа і яго лепшымі якасцямі: дабрынёй, спагадлівасцю, працавітасцю, сумленнасцю... Акрамя таго, тэатралізаваная дзейнасць актывізуе беларускамоўныя зносіны выхаванцаў, паколькі спектаклі праводзяцца толькі па-беларуску. Перад іх паказам педагогі тлумачаць дзецям гістарычныя моманты, характэрныя асаблівасці народных свят.

Асаблівую ролю ва ўдасканаленні моўных уменняў выхаванцаў адыгрывае этнаграфічны міні-музей “Беларуская хатка”, матэрыялы якога знаёмяць іх з гісторыяй і прыродай роднага краю, беларускай нацыянальнай культурай, народнымі традыцыямі і фальклорам. Дашкольнікі ведаюць, як выглядаюць старадаўнія побытавыя рэчы: жорны, прас, гляк і інш. Важна, што выхавальнікі не толькі знаёмяць дзяцей з гісторыяй іх паходжання, але і дэманструюць вырабы сучасных народных умельцаў.

Педагогі лічаць, што дашкольнікі павінны ведаць народныя песні і танцы. Перш чым пазнаёміць з імі дзяцей, выхавальнікі самі ўважліва азнаёміліся з імі.

Вялікую каштоўнасць маюць распрацаваныя творча-пазнавальныя праекты “Вёска, вёсачка мая…”, “Выхоўваем маленькага грамадзяніна” і “Народныя святы і абрады як форма этнакультурнага выхавання дзяцей старшага дашкольнага ўзросту”.

Вялікая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню з бацькамі, бо менавіта дзякуючы іх адносінам да роднай мовы ў дзяцей фарміруюцца першыя ўражанні ад мясцін, дзе яны нарадзіліся. З мэтай далучэння выхаванцаў да беларускага маўлення арганізоўваюцца сумесныя тэматычныя вечарыны “Лялечная майстэрня” і “Бабуліны казкі”. Для бацькоў праводзяцца семінары-практыкумы “Хутка ў школу” і “З пальчыкамі гуляем – мову развіваем”, тэматычныя кансультацыі, дні адкрытых дзвярэй і інш. У кожнай рознаўзроставай групе ёсць інфармацыйныя стэнды “Для вас, бацькі” з беларускамоўнай інфармацыяй пра жыццё групы.

Нашы намаганні прыносяць плён. Выхаванцы сталі больш актыўнымі і эмацыянальнымі, пашырыліся іх уяўленні пра навакольны свет, узбагаціўся слоўнікавы запас, павысілася цікавасць да роднай мовы. Але любоў да яе і неабходныя моўныя навыкі фарміруюцца не дзякуючы розным мерапрыемствам, няхай і сістэматычным, а падчас штодзённых зносін. Нашы педагогі размаўляюць з дзецьмі па-беларуску на працягу ўсяго дня.

Нельга вывучыць мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі непрыкметна і лёгка. Для гэтага трэба спалучаць розныя формы работы, якія не прымушалі б дзяцей завучваць словы, а падштурхнулі да свядомага жадання запомніць новае слова ці яркі паэтычны радок, падзяліцца радасцю адкрыцця з сябрамі і бацькамі.

Людміла БАНЦЭВІЧ,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Пагост-Загародскага ясляў-сада Пінскага раёна.