Для развіцця творчых здольнасцей

05.06.2020
На працягу многіх гадоў работы ў пачатковых класах назіраю, што ўрокі літаратурнага чытання не выклікаюць у дзяцей вялікай цікавасці. Гэта звязана з іх захапленнем камп’ютарамі і гаджэтамі, праглядам нізкаякасных мультфільмаў. Як правіла, дзеці, чые бацькі захапляюцца чытаннем кніг, самі становяцца актыўнымі чытальнікамі. Але такіх сем’яў усё менш і менш. Таму я вырашыла разнастаіць урокі чытання, зрабіць іх максімальна цікавымі і карыснымі.

Спачатку вызначаю ўзровень развіцця творчых здольнасцей першакласнікаў. Для гэтага звяртаюся да тэсціравання, назірання, методык “Тры словы” і “Наборшчык”. Далей падбіраю гульнявыя практыкаванні, якія ўлічваюць узроставыя асаблівасці вучняў, узровень развіцця іх маўленчых і творчых здольнасцей. Большасць з гэтых практыкаванняў дубліруецца з класа ў клас, але іх змест ускладняецца.

“Мая літара”. Дзеці малююць, вырабляюць з пластыліну, цеста, тканіны ці іншых матэрыялаў літару, з якой пачынаецца іх імя.

“Пачытайка”. На вялікім аркушы (пажадана на некалькіх) малюю герояў мультфільма “Маша і Мядзведзь” Машу і Зайца на фоне градкі. Кожнаму вучню выдзяляю сваю градку, дзе ён у спецыяльныя проразі “саджае” папяровую моркву. Каб “пасадзіць” яе, трэба прачытаць адзін твор. Калі на градцы набіраецца 10 моркавак, вучань атрымлівае пучок.

“Жывая літара”. Пры вывучэнні літар прашу дзяцей паказаць літару ў парах ці паасобку.

“Магнітны эцюд”. На індывідуальных магнітных дошках дзеці ствараюць малюнкі ўласнага настрою і настрою галоўнага героя, з неіснуючымі чароўнымі прадметамі, а таксама малюнкі да казак.

“Калаж”. Вучні ствараюць карцінку ці серыю карцінак да твора шляхам наклейвання на аснову гатовых выяў. У 1 класе падбіраю карцінкі сама, у 2 класе дзеці гэта робяць самі.

“Дрэва пытанняў”. Малюю дрэва без лісця. На маленькіх аркушах вучні пішуць пытанні да тэксту і прымацоўваюць іх да галінак дрэва.

“Кадраплан”. Гэта серыя карцінак, якія ілюструюць развіццё сюжэту. Прапаноўваю пасля складання плана да тэксту стварыць да кожнага яго пункта адпаведны кадр. Работа выконваюцца ў групах ці індывідуальна (як дамашняе заданне).

“Упрыгож слова”. У цэнтры намаляванага рамонка запісваю слова, якое падыходзіць да тэмы твора. На рамонкавых пялёстках прашу напісаць прыметнікі, якія не павінны паўтарацца. Практыкаванне можа быць групавым, парным і індывідуальным.

“Драматызацыя”. З 1 класа выкарыстоўваю тэатр-экспромт. Выбіраю дзеючых персанажаў і чытаю твор, а дзеці-акцёры выконваюць рухі.

Больш за ўсё вучням падабаецца ўдзельнічаць у батлейцы. Рыхтую двухпавярховы домік з проразямі ў дне сцэны, па якіх рухаюцца лялькі на палачках. Дзеці вырабляюць лялькі з кавалкаў матэрыі ці выразаюць карцінкі з імі з паштовак ці часопісаў. Вучні-акцёры павінны не толькі выразна чытаць свае ролі, але і ўмела кіраваць лялькамі.

“Пошта”. Загадзя рыхтую карткі з рознымі словамі і канверты па колькасці вучняў. У кожны канверт кладу некалькі слоў, не звязаных па сэнсе. У класе выбіраецца “паштальён”, які “разносіць” пісьмы вучням. Задача дзяцей – скласці невялікі звязны тэкст, выкарыстоўваючы ўсе прапанаваныя словы.

“Казачная аб’ява”. Вучні складаюць аб’яву ці тэлеграму ад імя персанажа апавядання ці казкі. Напрыклад: “Падкажыце рэцэпт смачнай маннай кашы”.

“Юны паэт”. Малодшыя школьнікі любяць займацца вершаскладаннем. Прапаноўваю вучням прыдумаць словы з канчаткамі -чык, -чка, -йка, рыфму да слова, сачыніць верш па рыфмаваных канчатках (лёд, карагод, палёт, Новы год), дапісаць верш па яго пачатку (“Показалось Маше вдруг, что на грядке вырос лук…”).

“Прэс-канферэнцыя”. Гэтае гульнявое практыкаванне вучыць не толькі задаваць цікавыя і незвычайныя пытанні героям, але і даваць поўныя адказы. У якасці “героя” выбіраем вучня, які садзіцца за стол тварам да дзяцей-“журналістаў”, і ставім перад ім таблічку з адпаведным надпісам і мікрафон.

“Рэкламны агент”. Прапаноўваю дзецям уявіць сябе рэкламнымі агентамі, якім неабходна скласці рэкламу да вывучанага твора.

Творчыя заданні не толькі стымулююць творчыя здольнасці вучняў, павышаюць іх цікавасць да чытання, але і робяць урокі эмацыянальнымі і дынамічнымі.

Таццяна ЛІНКЕВІЧ,

настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 2 Пінска.