Мультымедыйныя прэзентацыі на ўроках матэматыкі

26.11.2018
Сучасныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Камп’ютар стаў незаменным памочнікам настаўніка на ўроку. З 2008 года працую над тэмай для самаадукацыі “Выкарыстанне ІКТ на ўроках матэматыкі”. За час работы ў гэтым кірунку сабрала вялікую калекцыю лічбавых адукацыйных рэсурсаў і правяла шмат заняткаў розных тыпаў з прымяненнем ІКТ (у тым ліку ў рамках раённых конкурсаў) і майстар-класаў для калег.

На ўроках выкарыстоўваю мультымедыйныя прэзентацыі, створаныя з дапамогай праграмы Microsoft Power Point ці часткова запазычаныя з інтэрнэту. Чаму часткова? Як настаўнік маю сваё бачанне тэмы ўрока і методыку яе выкладання. У мяне можа быць іншы падбор вучэбных і метадычных матэрыялаў, таму не заўсёды задавальняюць напрацоўкі калег.

Працуючы над чарговай прэзентацыяй, даводзіцца шукаць адказы не толькі на пытанні тэхнічнага характару (як зрабіць? як уставіць? дзе ўзяць? як лепш паказаць?), але і зместавага (ці дарэчы выкарыстоўваць прэзентацыю менавіта на гэтым уроку ці яго частцы? ці не празмерна прэзентацыя перагружана матэрыялам? ці ўсё ўлічана ў ёй? ці зразумела пабудаваны схемы і чарцяжы? ці не занадта ўсё даступна?).

Не любая прэзентацыя павышае якасць вучэбнага працэсу. Так, непрадуманае выкарыстанне прэзентацый можа прывесці да перанасычэння вучняў інфармацыяй, з-за чаго не будзе дасягнута мэта ўрока. Акрамя таго, няўмела пабудаваная прэзентацыя пагаршае ўспрыманне новага матэрыялу.

Трэба ўлічваць, што прэзентацыя для пяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў – гэта дзве розныя работы, накіраваныя на пэўную ўзроставую аўдыторыю і яе пазнавальныя інтарэсы. Пры стварэнні прэзентацыі варта адказаць на пытанні: “Хто мая аўдыторыя?”, “Колькі дзяцей будзе праглядаць слайды?”, “Ці спатрэбіцца вучням нешта запісваць падчас прагляду прэзентацыі?”, “Як далёка дзеці будуць знаходзіцца ад экрана?” і інш.

Пры стварэнні прэзентацыі важна знайсці правільны баланс паміж новым матэрыялам і мультымедыйнымі элементамі, якія яго суправаджаюць, каб не знізіць вучэбную выніковасць заняткаў. Слайды – гэта не сродак, што дапамагае настаўніку не адхіляцца ад плана ўрока, а толькі адзін з інструментаў, што дапамагае па-новаму асвятліць тэму заняткаў.

Выкарыстанне камп’ютара на ўроку – гэта не проста даніна модзе. Прэзентацыі дапамагаюць разнастаіць формы работы на занятках, дазваляюць вучням убачыць якасныя чарцяжы і графікі, “ажывіць” задачы і нават сэканоміць час. Выкарыстанне мультымедыйнай прэзентацыі робіць урок нетрадыцыйным, яркім і насычаным. На такіх уроках многія вучні працуюць актыўна і захоплена. У дзяцей развіваюцца цікаўнасць і пазнавальныя інтарэсы. У выніку павышаецца не толькі ўзровень ведаў вучняў, але і іх самаацэнка.

На маю думку, на ўроках матэматыкі найбольш эфектыўна і мэтазгодна выкарыстоўваць вучэбныя прэзентацыі пры актуалізацыі ведаў вучняў, вывучэнні новага, замацаванні і абагульненні вывучанага матэрыялу, праверцы ведаў. Так, калі планую на ўроку асвяжыць веды вучняў у выглядзе гутаркі, то візуалізую пытанні ў слайдах і прадстаўляю іх вучням як невялікі відэарад, чарцяжы ці схемы з падручніка, якія патрабуюць каментарыя, і інш. На гэтым этапе добра працуюць слайды з рознымі вуснымі вылічэннямі ці задачкамі па тэме, што паўтараецца. Прычым адказы мэтазгодна заўсёды паказваць вучням, але толькі пасля таго, як яны прапанавалі свае.

Вельмі зручна праводзіць з дапамогай прэзентацый розныя матэматычныя дыктоўкі з сама- ці ўзаемаправеркай. Такая работа выхоўвае ў вучняў сумленнасць. Упэўнена, што заўсёды можна знайсці словы, каб пераканаць дзяцей працаваць сумленна.

Люблю прапаноўваць вучням прыклад ці задачу, рэшаныя з памылкай. Логіка рашэння распісваецца пакрокава ці на асобных слайдах. Задача вучняў – убачыць, на якім этапе дапушчана памылка ў разважаннях, здолець абгрунтаваць выбар і прапанаваць правільны варыянт. Бывае, што такую прэзентацыю даводзіцца паўтараць некалькі разоў, перш чым дзеці заўважаць памылку. Але тое, што атрымана з вялікімі намаганнямі, цэніцца даражэй.

Надзвычай карысна выкарыстоўваць слайды прэзентацыі для праверкі правільнасці выканання і афармлення дамашніх заданняў усіх вучняў. Часта пры праверцы заданняў шмат часу траціцца на іх аднаўленне на дошцы. А трэба ж яшчэ і растлумачыць фрагменты, якія выклікалі цяжкасці. Слайд з правільна аформленым рашэннем дазваляе маментальна выканаць такую праверку, паказаўшы ўзоры афармлення практыкаванняў і іх іншыя рашэнні. Канечне, падрыхтоўка падобных слайдаў патрабуе дадатковага часу пры падрыхтоўцы да ўрока, але вынік варты таго.

Не сакрэт, што многім школьнікам цяжка даецца геаметрыя. Педагогі часта прапануюць вучням: “Уявіце сабе…”, “Укладзем мысленна мнагаграннік…” і інш. А калі дзіця не можа ўявіць, не можа мысленна ўкласці мнагаграннік? У такой сітуацыі на дапамогу прыходзіць камп’ютар. Так, чарцяжы, прадстаўленыя на слайдах, выконваюцца не толькі рознымі лініямі, але і колерамі, што робіць іх больш інфарматыўнымі. З дапамогай праграмнага інструментарыя статычны чарцёж аніміруецца. Атрыманы дынамічны чарцёж паказвае паслядоўныя крокі яго пабудовы, этапы доказу ці рашэння задачы. Так, напрыклад, паказваецца, як атрымліваюцца целы кручэння: цыліндр і конус. У выніку кручэння прамавугольніка вакол свайго боку атрымліваецца цыліндр. Вучні гэта бачаць, а значыць лепш успрымаюць новы матэрыял.

Калі прыдумаць пэўныя візуальныя падказкі, можна зрабіць вучэбны матэрыял даступным для разумення большасці школьнікаў. Для стварэння такіх слайдаў зручна мець набор розных малюнкаў, каб можна было капіраваць слайды для стварэння задач з іншым зместам. І тут важна памятаць, што вучань павінен быць не пасіўным назіральнікам, а актыўным удзельнікам вучэбнага працэсу. Таму трэба прапаноўваць дзецям творчыя заданні па стварэнні прасцейшых слайдаў па тэксце задачы і назапашваць гатовыя работы для далейшай дзейнасці.

На ўроках абагульнення і сістэматызацыі ведаў выкарыстоўваю прэзентацыю толькі тады, калі гэты від нагляднасці прымяняўся пры вывучэнні тэмы, якая абагульняецца. Найчасцей выніковая прэзентацыя, акрамя падагульняючых матэрыялаў, уключае перагрупіраваныя фрагменты папярэдняй версіі. Гэта вядомы прыём, калі найбольш важны матэрыял паказваецца вучням некалькі разоў, але з рознымі матывамі: глядзелі, бо вывучалі; глядзім цяпер і правяраем сябе. Такая прэзентацыя, дарэчы, можа не адрознівацца логікай і нават не з’яўляцца адзіным цэлым.

Як правіла, у класе заўсёды знаходзяцца дзеці, якія жадаюць падрыхтаваць слайды да падобных урокаў. Ініцыятыва заахвочваецца і ацэньваецца з майго боку. Але каб не атрымаць набор ідэнтычных матэрыялаў, варта дакладна інструктаваць кожнага вучня пра змест яго работы. Імкнуся прыцягваць да такой работы дзяцей, якім цяжка сканцэнтравацца на ўроку, непаседлівых вучняў і тых, хто хутка страчвае ўвагу. Роля чалавека, што дэманструе класу ўласны прадукт дзейнасці, захапляе дзяцей і дапамагае ім сачыць за ходам урока.

Электронныя прэзентацыі на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці пашыраюць творчыя магчымасці настаўніка і вучняў, павышаюць інтарэс дзяцей да прадмета і стымулююць іх да асваення сур’ёзных тэм.

Святлана ЗАВАДСКАЯ,

настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 2 Маларыты.