Школьны двор – тэрыторыя радасці

26.11.2018
Школа – наш агульны дом, які мы любім і жадаем бачыць прыгожым не толькі ўнутры, але і звонку. Прыгажосць школьнай тэрыторыі дазваляе настроіцца на добры лад і атрымаць зарад радаснага настрою.
Навучыць бачыць прыгажосць вакол сябе ў рамках урока цяжка. Але калі штодзень вучняў сустракае ўтульны і незвычайны школьны дворык, аформлены ўласнымі рукамі, то гэта ўжо іншая справа. Вядомы педагог В.А.Сухамлінскі пісаў: “Калі дзіця ўклала частку сваёй душы ў працу і знайшло ў ёй асабістую радасць, яно ўжо не зможа стаць злым, нядобрым чалавекам”.

У нашай установе рэалізаваны праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі школьнага двара. Праект пачаўся з апытання вучняў. Педагогі цікавіліся, якім яны хацелі б бачыць школьны двор. Высветлілася, што ў дзяцей вельмі шмат ідэй, прычым вучні хацелі не толькі многае змяніць у афармленні тэрыторыі, але і прыняць у гэтым актыўны ўдзел. Першачарговым жаданнем было абсталяваць месцы адпачынку (альтанку і лаўкі) і працягнуць алею выпускнікоў.

Дзеля чаго пачынаўся праект? Каб выхаваць у дзяцей эстэтычны густ, сфарміраваць пачуццё адказнасці за родную школу і жаданне змяніць яе да лепшага, павысіць рэпутацыю ўстановы. Хацелася, каб яна вылучалася арыгінальным і непаўторным знешнім выглядам, цікавымі ландшафтнымі формамі, стала цэнтрам прыцяжэння і актыўнасці вучняў, выклікала адчуванне цеплыні, утульнасці і прыветлівасці.

Рэалізаваць задуманае ўдалося дзякуючы згуртаванаму калектыву педагогаў і вучняў. Добрую атмасферу ў школьным дворыку стварылі не затрачаныя грошы, а людзі, якія шчыра захацелі ўпрыгожыць родны кавалачак зямлі. Педагогі з залатымі рукамі Сяргей Мікалаевіч Чалей і Сяргей Аляксандравіч Шыкасюк працавалі над малымі архітэктурнымі формамі. Іх намаганнямі былі створаны габіёны, якія ўрачыста стаяць ля цэнтральнага ўваходу, утульная альтанка, дзе можна адпачыць на перапынку, клумбы-кошыкі і г.д. Генератарамі адметных дызайнерскіх ідэй сталі Аксана Юр’еўна Салей і Людміла Сяргееўна Крыўчэня. Значны ўклад у афармленне ландшафту ўнеслі Наталля Васільеўна Штык і Наталля Васільеўна Варанюк.

Нікога не пакідае абыякавым клумба ў форме матылька, створаная татам шасцікласніка Уладзімірам Уладзіміравічам Штыком. Новы выгляд атрымаў і школьны вадаём. Радуе вока відавая разнастайнасць прыбярэжнай расліннасці.

На вялікім зялёным газоне быў створаны куток у стылі кантры – сялянскі падворак. Тут размясціліся вазок, калодзеж з калаўротам, старыя кухонныя прылады і фігуркі свойскіх жывёл. За тынам высаджана каліна, цвітуць геаргіны, каласіцца жыта.

Хочацца верыць, што прышкольная тэрыторыя стане зонай адпачынку і месцам для прагулак (накшталт міні-парка) для маладых мам, пажылых людзей і іншых жыхароў аграгарадка Астромічы. Прыгажосць, створаная ўласнымі рукамі, павінна натхняць і дарыць радасць кожнаму.

Галіна СВЯНЦЕЦКАЯ,

дырэктар Астроміцкай сярэдняй школы Кобрынскага раёна.