Ад творчай актыўнасці да пазнавальнай самастойнасці

26.11.2018
Творчая актыўнасць і пазнавальная самастойнасць – нязменныя ўмовы асобаснага развіцця. Пакуль чалавек неабыякавы да навакольнага свету, ён рухаецца наперад. На гэтым шляху важны і асоба настаўніка, і вучнёўскі калектыў.
Інтэлектуальным і творчым асяроддзем для адораных вучняў у нашай школе з’яўляюцца профільныя класы і групы па інтарэсах. Аб’яднаныя агульнай мэтай і арыентаваныя на вынік, юныя філолагі імкнуцца разважаць і даследаваць, лепш засвойваюць матэрыял і атрымліваюць ад работы задавальненне.

Рыхтуючыся да моўных алімпіяд і штогадовага конкурсу “Жураўля”, школьнікі пад кіраўніцтвам педагогаў вывучаюць шмат дадатковых матэрыялаў, дзякуючы чаму перамагаюць. Адораныя вучні праяўляюць актыўную жыццёвую пазіцыю і падчас удзелу ў розных конкурсах сачыненняў: “Дэбют”, “Заявіце пра сябе, юныя паэты”, “Пяро бусляняці”, “Як ваявалі нашы дзяды за перамогу” і “Ёсць такая прафесія – “сеяць разумнае, добрае, вечнае”.

Цікавай формай работы для здольных старшакласнікаў з’яўляюцца літаратурна-музычныя вечарыны, прысвечаныя жыццю і творчасці Роберта Ражджэственскага (“Сачыненне на тэму пад назвай “Жыццё”), Сяргея Ясеніна (“Вершы мае, спакойна раскажыце пра жыццё маё”), Яўгена Еўтушэнкі (“Я – розны”) і Аляксандра Пушкіна (“І паўсюль ракавыя страсці”). Перад іх правядзеннем вывучаецца шмат навуковай і мастацкай літаратуры, падбіраюцца ілюстрацыі, гукавое суправаджэнне, складаецца сцэнарый, праходзяць рэпетыцыі, рыхтуюцца тэатральныя пастаноўкі і мультымедыйныя прэзентацыі. Вечарыны не толькі падштурхоўваюць да развіцця творчых здольнасцей і самастойнасці, але і аб’ядноўваюць вучняў, іх бацькоў і педагогаў. Гэта добрая магчымасць для рэалізацыі міжпрадметных сувязей.

Важнае месца ў фарміраванні творчай, самастойнай і сацыяльна актыўнай асобы займаюць школьныя СМІ. Сёння газеты і альманахі выпускаюцца ў многіх навучальных установах. Мэта нашага выдання “Школьны мерыдыян” заключаецца ў рэалізацыі творчага патэнцыялу здольных вучняў, павышэнні іх пазнавальнай актыўнасці.

Над газетай працуюць настаўнікі і вучні, якія выступаюць у ролі рэдактара, яго памочніка, журналістаў і фотакарэспандэнтаў. Дзеці рыхтуюць матэрыялы ў групах і самастойна. Да кожнага вучня – індывідуальны падыход.

Юныя журналісты наведваюць школьныя і пазашкольныя мерапрыемствы, сустракаюцца з цікавымі людзьмі (пераможцамі конкурсаў, прадстаўнікамі розных прафесій, ветэранамі), пішуць артыкулы для пастаянных і зменных рубрык: “Мне ёсць чым ганарыцца”, “Здаровы лад жыцця”, “Шосты школьны дзень”, “Старонкі гісторыі”, “Беларуская старонка”, “Літаратурная старонка”, “Абмяркуйце на класнай гадзіне” і інш. Вучні любяць рабіць інтэрв’ю і апытанні, праводзіць конкурсы. Артыкулы і фотаматэрыялы абавязкова рэдагуюцца і потым друкуюцца.

Выпуск сучаснай газеты немагчыма ўявіць без выкарыстання тэхнічных сродкаў. У арсенале школьнікаў – дыктафон, фота- і відэакамера, сканер і прынтар. Праз інтэрнэт ідзе электронная перапіска, шукаюцца навіны, знаходзяцца розныя энцыклапедычныя звесткі і ілюстрацыі. Па меры авалодання тэхнічнымі сродкамі і камп’ютарнымі праграмамі павышаецца ступень самастойнасці вучняў. Але галоўным усё ж такі з’яўляецца работа са словам.

Юныя карэспандэнты праяўляюць творчую актыўнасць, выпускаючы відэаролікі і ствараючы прэзентацыі пра школьнае жыццё (пра дзейнасць факультатываў, здаровы лад жыцця) для педагагічных саветаў і канферэнцый, якія праходзяць на базе нашай установы.

Навыкі, набытыя вучнямі пры стварэнні газеты, запатрабаваны на ўроках і па-за школай. Дзеці адбіраюць неабходную інфармацыю, рыхтуюць паведамленні, афармляюць іх, ствараюць тэматычныя прэзентацыі для заняткаў, графікі, табліцы і схемы ў электронным выглядзе. Акрамя таго, школьнікі вучацца задаваць пытанні і адказваць на іх, трымацца на публіцы, працаваць у калектыве і самастойна. Работа з інфармацыяй пашырае кругагляд вучняў, інтэгруе вучэбныя прадметы. Школьнікі сталеюць псіхалагічна і маральна, вызначаюцца з выбарам будучай прафесіі.

Юныя журналісты пастаянна вучацца: аналізуюць абласныя і рэспубліканскія газеты, наведваюць гарадскія рэдакцыі, удзельнічаюць у розных конкурсах. 12 разоў “Школьны мерыдыян” станавіўся пераможцам раённых, гарадскіх і абласных конкурсаў школьных друкаваных выданняў і двойчы адзначаўся ў рэспубліканскім конкурсе “Проба пяра”. Нататкі 14 юнкараў друкаваліся ў розных газетах і часопісах. 4 юных журналістаў абралі для далейшага навучання адпаведныя факультэты УВА Брэста і Мінска.

Развіваючы творчую актыўнасць і пазнавальную самастойнасць вучняў, настаўнік фарміруе іх жаданне і здольнасць пазнаваць новае, імкнуцца да самастойнага творчага пошуку. Гэта вельмі важна сёння, калі безліч інфармацыі і жыццёвы рытм патрабуюць умення хутка арыентавацца ў пэўных жыццёвых сітуацыях, выконваць значны аб’ём работы і пры гэтым захоўваць здольнасць радавацца.

Марына СЦЕПАНЮЧЭНКА,

настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 25 Брэста.