Палескі куток у школьным музеі

26.11.2018
З чым бы ні параўноўвалі Палессе, ніводнае з гэтых параўнанняў не дае поўнага ўяўлення пра яго. Сусветную вядомасць гэтаму краю прынесла яго некранутая прырода. Часткай яе з даўніх часін сталі і самі палешукі, “людзі на балоце’’. Палешукамі лічацца і жыхары вёскі Любань Лунінецкага раёна. Пра гісторыю краю расказвае краязнаўчы музей у Любанскай сярэдняй школе, створаны ў 1987 годзе.

300 – 400 гадоў назад вялікія прасторы Беларусі, у тым ліку і наша вёска, належалі князям Радзівілам. Шмат дзічыны вадзілася ў тутэйшых лясах. Пан часта выязджаў на паляванне (яго памесце знаходзілася ў Давыд-Гарадку). Аднойчы стаяла дрэннае надвор’е. Пан выехаў на паляну, дзе былі некалькі хат. Раптам скончыўся дождж і засвяціла сонца. Стала вельмі прыгожа. “Люба мне тут”, - сказаў пан. “Любанье”, - пачулася дружыне. З таго часу і пайшла назва вёскі.

Бадай, ужо нідзе, акрамя Палесся, не сустрэнеш такіх архаічных вёсак на невялікіх астраўках балот, дзе амаль усё засталося так, як і 100 гадоў назад: чаротавыя стрэхі хат, калодзежныя жураўлі і замшэлыя крыжы-абярэгі з арнаментаванымі ручнікамі. На Палессі добра ведаюць і захоўваюць традыцыі, што складваліся стагоддзямі. Вясновая сяўба, зажынкі, дажынкі, пакос, паляванне, рыбалка – усё рабілася і робіцца сваім парадкам, таму невыпадкова ў музейнай зале сабраны прылады працы, якімі карысталіся працавітыя землякі больш за 100 гадоў назад.

Каля імправізаванай сялянскай хаткі стаяць кросны, якія былі ў кожнай хаце і з дапамогай якіх гаспадыні апраналі сям’ю. А майстэрству ткаць і вышываць вучыліся яшчэ ў раннім дзяцінстве, каб у 12 – 14 гадоў дзяўчынкі ўжо на роўных з дарослымі ўмелі ўсё рабіць і пачалі збіраць сабе пасаг: палатно, ручнікі, посцілкі, вопратку. Шмат палескіх традыцый звязана з народнымі строямі, якія служылі своеасаблівым пашпартам. Абавязковым элементам жаночых строяў на Палессі быў фартух. Святочнае адзенне шылі з адбеленага палатна і ўпрыгожвалі яго вышыўкай.

На Палессі шырока займаюцца рыбнай лоўляй, таму ў экспазіцыі ёсць лодка і снасці для лоўлі рыбы. У музеі можна ўбачыць і макет сялянскай хаткі з ложкам, люлькай для дзіцяці, лавай, посудам і іншымі гаспадарчымі рэчамі. Прыцягваюць увагу грашовыя адзінкі, дакументы і фотаздымкі  пачатку ХХ стагоддзя.

Шмат цікавага можна даведацца ў экспазіцыі “Ты – з Усходняй, я – з Заходняй, мы з табой браты”, прысвечанай уз’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі. Як вядома, па Рыжскай мірнай дамове 1921 года заходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. Цяжка жылося вяскоўцам пад прыгнётам польскіх паноў. А на Усходзе браты-беларусы жылі пры савецкай уладзе, будавалі новае жыццё. Народ цягнуўся да свабоды. Часта вяскоўцы пераходзілі мяжу: уцякалі да бальшавікоў. У 1923 годзе была створана КПЗБ. Пачало дзейнічаць падполле і ў нашай вёсцы.

Балючыя адчуванні пакідае зала “Ішла вайна народная”. 10 ліпеня 1941 года чорная навала дакацілася і да нашага раёна. З першых дзён акупацыі фашысты пачалі распраўляцца з вяскоўцамі. Былі забіты 5 савецкіх актывістаў.

На тэрыторыі раёна разгарнуўся партызанскі рух. Быў створаны атрад імя Сталіна, членамі якога сталі некалькі любанцаў. У музейнай зале можна прачытаць клятву партызана, убачыць фотаздымкі асобных партызан і прачытаць звесткі пра іх. На адным са стэндаў змешчана інфармацыя пра 14-гадовага Паўла Канапацкага, кемлівага юнага разведчыка і мужнага партызана. Звесткі пра яго захоўваюцца і ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Вялікі ўклад у перамогу над фашысцкай Германіяй унеслі вяскоўцы і на франтах. Сведчанне таго – стэнды з імёнамі загінуўшых вяскоўцаў. У экспазіцыі маюцца ўзнагароды, пісьмы з фронту, ваенныя ўспаміны.

9 любанцаў выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Ім прысвечаны куток у спецыяльнай зале, дзе можна ўбачыць іх фотаздымкі.

Музейная зала “Цвіці, каласуй, мой край” прысвечана пасляваеннаму аднаўленню гаспадаркі. Гэтаму перашкаджалі мясцовыя банды. У экспазіцыі змешчаны ўспаміны Я.М.Шэўчык пра бацьку, калгаснага актывіста, загінуўшага ад рук бандытаў, і пра маці, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР.

На асобным стэндзе адлюстравана гісторыя развіцця калгаса. У 1949 годзе на тэрыторыі сённяшняга СВК “Новае Палессе” дзейнічалі 6 калгасаў. З цягам часу яны аб’ядналіся. У 1959 годзе старшынёй калгаса стаў У.А.Сцепчанка. Пры ім калгас дасягнуў росквіту. Кіраўнік гаспадаркі стаў Героем сацыялістычнай працы.

Ішлі гады. У калгас прыходзілі спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Зусім па-іншаму выглядала гаспадарка ў 1970 годзе. Эканоміку калгаса вызначалі спецыялізацыя і структура пасяўных плошчаў. Гаспадарка ўзяла курс на механізацыю жывёлагадоўлі і раслінаводства. Пачалося будаўніцтва культурна-бытавых аб’ектаў і аб’ектаў вытворчага прызначэння. На стэндзе змешчаны імёны ордэнаносцаў.

Не меншую цікавасць у вучняў выклікаюць матэрыялы, прысвечаныя гісторыі школы. Першая навучальная ўстанова ў нашай мясцовасці адкрылася ў 1914 годзе ў вёсцы Лахаўка. Навучанне было платным – 3 рублі ў месяц. З 1919 года за навучанне плацілі жытам і бульбай. Навучанне вялося па-руску.

У 1922 годзе на змену рускім прыйшлі польскія школы. А з прыходам Савецкай улады ў 1939 годзе школа адкрылася і ў Любані.

У час нямецкай акупацыі школы не працавалі і былі адноўлены пасля вызвалення тэрыторыі ад фашыстаў. У 1945 годзе ў Любані адкрылася сямігодка, дзе былі 4 памяшканні і працавалі 12 настаўнікаў. Затым сіламі калгаснікаў быў пабудаваны аднапавярховы будынак у цэнтры вёскі. У 1976 годзе за сродкі калгаса быў узведзены новы трохпавярховы будынак школы. Сёння ва ўстанове, дзе атрымліваюць веды 122 вучні, працуюць 26 настаўнікаў. Многія з іх – выпускнікі школы.

Апошні раздзел музея – “Культура і спорт”. У ім змешчаны дыпломы, кубкі і граматы спартсменаў. Асобны стэнд прысвечаны культурнаму жыццю вёскі.

Школьнікі з вялікім задавальненнем слухаюць аповеды настаўнікаў падчас музейных урокаў. Вучні старанна сочаць за парадкам у музеі і захаваннем экспазіцыі.

Алена СЫЦЭВІЧ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любанскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна.