Сям’я асаблівага дзіцяці – не свет абмежаванняў, а свет магчымасцей

26.11.2018
Ніхто не можа застацца абыякавым да дзіцяці з цяжкімі парушэннямі развіцця. Але ў кожнага з нас яны выклікаюць розныя пачуцці. Гэта нядзіўна, бо да нядаўняга часу лічылі, што такіх дзяцей нельга навучаць. Даволі часта бацькам прапаноўвалі аддаць асаблівае дзіця ў дом-інтэрнат. Сёння сітуацыя змянілася.
Нягледзячы на ​​мноства форм навучання і выхавання асаблівых дзяцей, сем’і, якія іх выхоўваюць, сутыкаюцца з цяжкасцямі ў вырашэнні педагагічных і сацыяльна-псіхалагічных праблем. Гэта звязана з недахопам у бацькоў медыцынскіх і педагагічных ведаў пра захворванне дзіцяці, адсутнасцю адэкватнай ацэнкі сваіх сіл і магчымасцей дзіцяці, частым неразуменнем з боку іншых людзей. У выніку страчваецца вера ў сябе і сваё дзіця. Самастойна змяніць такую сітуацыю многія сем’і не здольныя. Таму ў дзейнасці любой установы адукацыі, дзе навучаюцца і выхоўваюцца асаблівыя дзеці, важна развіваць цеснае супрацоўніцтва спецыялістаў з бацькамі, выкарыстоўваць актыўныя формы работы па ўзаемадзеянні з сем’ямі, удасканальваць сістэму комплекснага псіхолага-педагагічнага суправаджэння.

З мэтай наладжвання паспяховага супрацоўніцтва з бацькамі супрацоўнікі нашага цэнтра вызначылі асноўныя прынцыпы ўзаемадзеяння. Так, педагогі часцей гавораць дзецям і бацькам пра іх дасягненні, а не пра памылкі. Усе мерапрыемствы праводзяцца з актыўным удзелам педагогаў, бацькоў і дзяцей.

Сёння ў цэнтры выкарыстоўваюцца розныя формы работы з бацькамі. Ва ўстанове працуе бацькоўскі клуб “Маё асаблівае дзіця”, ладзяцца дні адкрытых дзвярэй, ранішнікі, спартыўныя мерапрыемствы, тэматычныя і каляндарныя святы. Роля бацькоў у іх не зводзіцца да пасіўнага сузірання. Мамы і таты разам з педагогамі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні ўсіх мерапрыемстваў. Так, для свята “Тата можа ўсё, што заўгодна” мамы з дзецьмі рыхтавалі віншавальныя фотапаштоўкі татам, а на спартыўнае свята “Сямейныя старты” кожная сям’я прыдумляла сваю назву і жыццёвае крэда. У якасці групы падтрымкі і заўзятараў запрошваюцца бабулі, дзядулі і іншыя сваякі. Гэта дапамагае бацькам не толькі адчуць падтрымку з боку блізкіх людзей і педагогаў, але і ўбачыць, што вакол іх ёсць сем’і, блізкія па духу, якія маюць падобныя праблемы, пераканацца на прыкладзе іншых сем’яў, што актыўны ўдзел кожнага члена сям’і ў развіцці асаблівага дзіцяці вядзе да поспеху. У бацькоў фарміруюцца актыўная пазіцыя і адэкватная самаацэнка.

Усё часцей у нашых мерапрыемствах удзельнічаюць дашкольнікі і вучні, якіх з задавальненнем чакаюць асаблівыя дзеці. Дашкольнікі радуюць іх інсцэніроўкамі, вясёлымі танцамі і песнямі, дружнымі карагодамі і памятнымі сувенірамі. Гэта пашырае кола сацыяльных кантактаў дзяцей з АПФР і фарміруе ва ўсіх удзельнікаў такіх мерапрыемстваў узаемную павагу, талерантнасць, узаемадапамогу, здольнасць вучыцца адно ў аднаго.

Для спецыялістаў і педагогаў цэнтра падобнае супрацоўніцтва з бацькамі павышае эфектыўнасць і выніковасць далейшай дзейнасці, пабуджае да пошуку новых форм работы, удасканальвае метадычнае майстэрства, дае адчуванне запатрабаванасці і значнасці.

Валянціна ЛАСКАЯ,

сацыяльны педагог ЦКРНіР Лунінца.