Творчасць настаўніка – аснова развіцця пазнавальных інтарэсаў вучняў

26.11.2018
Сярэдняя школа № 5 Пружан, якая сёлета адзначае 25-годдзе сваёй работы, займае годнае месца ў сістэме адукацыі раёна і вобласці. Вялікі ўклад у паспяховую дзейнасць установы ўносіць зладжаны калектыў настаўнікаў пачатковых класаў. Педагогі ўмела падбіраюць розныя формы і метады навучання, актыўна працуюць над развіццём пазнавальных інтарэсаў малодшых школьнікаў.

Выніковасць адукацыйнага працэсу залежыць ад трох складнікаў: навукі, майстэрства і мастацтва. Усе яны звязаны з творчасцю. А што такое творчасць? Вядомы вынаходнік Томас Эдысан лічыў, што творчасць – гэта 99% поту і 1% натхнення. Гэтае выказванне добра характарызуе работу настаўнікаў пачатковых класаў. А паколькі любоў выхоўваецца толькі любоўю, сумленне сумленнем, а творчасць творчасцю, то можна ўпэўнена гаварыць: творчасць вучня пачынаецца з творчасці настаўніка.

Настаўнік пачатковых класаў павінен быць сапраўдным прафесіяналам, якога вылучаюць высокая культура працы, самакрытычнасць і творчы падыход да справы. Калі трэба, педагог і артыст, і мастак, і пісьменнік, і нават спявак. Калектыў настаўнікаў пачатковых класаў нашай школы знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Педагогі займаюцца самаадукацыяй, вывучаюць і паспяхова выкарыстоўваюць на практыцы сучасныя педагагічныя ідэі, павышаюць прафесійны ўзровень, прымаючы ўдзел у раённых і абласных конкурсах. Так, Людміла Васільеўна Сугрэй заняла 2 месца ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю адукацыйнага працэсу ў 1 класе, Святлана Пятроўна Пракаповіч атрымала дыплом ІІ ступені ў абласным конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Лепшая педагагічная праграма”, Марына Анатольеўна Кузняцова і Наталля Мікалаеўна Тарасевіч – уладальнікі дыпломаў ІІ ступені ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, Ларыса Міхайлаўна Шопік – пераможца раённага конкурсу на лепшую метадычную распрацоўку ўрока ў пачатковай школе з выкарыстаннем электронных сродкаў навучання “Эрудыцыя. Сучаснасць. Адукацыя”, а Аляксандра Віктараўна Стэльмах – пераможца раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Беларусі” ў намінацыі “Пачатковыя класы”.

Адной з актуальных праблем сучаснай школы з’яўляецца зніжэнне матывацыі да вучобы. Дзеці скардзяцца, што вучыцца часам цяжка і нецікава. Як вырашыць гэтую праблему? Як навучыць усіх школьнікаў? Як павысіць пазнавальны інтарэс у дзяцей і захаваць пры гэтым іх здароўе?

Для паспяховай арганізацыі адукацыйнага працэсу ў школе трэба стварыць найперш спрыяльную эмацыянальную атмасферу пазнавальнай дзейнасці. Важную ролю ў гэтым адыгрывае эстэтычнае і развіццёвае асяроддзе вучэбных кабінетаў. Школьныя кабінеты 1 класаў і груп прадоўжанага дня аформлены неабходным стэндавым абсталяваннем.

Асноўнай формай арганізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў з’яўляецца ўрок. Ад яго правільнай пабудовы залежыць матывацыя вучняў, інтарэс да прадмета, узровень засваення ведаў. Настаўнікі пачатковых класаў ствараюць на ўроках умовы, якія садзейнічаюць фарміраванню і замацаванню пазнавальных інтарэсаў, развіццю творчых здольнасцей малодшых школьнікаў: падбіраюць заданні з максімальнай апорай на актыўную мысліцельную дзейнасць вучняў; ствараюць сітуацыі рашэння пазнавальных задач, сітуацыі актыўнага пошуку, здагадак, роздуму і сітуацыі мысліцельнага напружання; прымяняюць дыдактычныя гульні, праблемныя і творчыя заданні.

Акрамя традыцыйных урокаў, у пачатковых класах шырока выкарыстоўваюцца нетрадыцыйныя і інтэграваныя ўрокі. Настаўнікі актыўна звяртаюцца да сучасных адукацыйных тэхналогій, якія дазваляюць павышаць якасць адукацыі.

З мэтай далучэння вучняў да творчай дзейнасці і павышэння пазнавальнай актыўнасці школьнікаў праводзяцца прадметныя тыдні. Тыдні ўяўляюць сапраўдныя парады дзіцячай фантазіі і творчасці. На працягу кожнага прадметнага тыдня з мэтай выяўлення адораных вучняў ладзяцца малыя алімпійскія гульні.

У карыснай арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці і паспяховым засваенні прадметаў важнае месца належыць рабоце гурткоў. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца гурток “Вясёлка”, кіраўніком якога з’яўляецца Іна Мікалаеўна Малыха. На занятках дзеці вучацца маляваць карціны з дапамогай пяску.

Вучні 3 – 4 класаў з’яўляюцца актыўнымі членамі школьнага клуба “Даследчык”. У даследчай рабоце з дзецьмі пэўных поспехаў дасягнулі Святлана Іванаўна Каляда, Ларыса Міхайлаўна Шопік і Святлана Пятроўна Пракаповіч, выхаванцы якіх атрымліваюць узнагароды на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Я – даследчык”.

На працягу 7 гадоў у пачатковай школе выдаецца газета “Здаравячок”, якая ў свой час стала пераможцай конкурсу рэспубліканскага праекта “Кликни ЗОЖ-портал!” у намінацыі “Лепшая школьная газета па пытаннях здаровага ладу жыцця”.

У далучэнні дзяцей да вучэбнай дзейнасці і развіцці ў іх пазнавальных інтарэсаў важнае месца займаюць метады стымулявання. Вельмі добра стымулюе дзейнасць вучняў пастаноўка перспектывы, якая стварае настрой радаснага чакання, садзейнічае напружанню ўсіх сіл для дасягнення мэты і павялічвае шансы для развіцця пазнавальнай дзейнасці. У якасці стымулявання праводзяцца шточацвяртныя лінейкі з узнагароджаннем граматамі выдатнікаў і актывістаў, афармляюцца дошкі гонару, выдатнікі бясплатна наведваюць спектаклі і канцэрты, уручаюцца падарункі за ўдзел у конкурсах.

Выніковасць сістэмы работы пачатковай школы пацвярджаюць раённыя алімпіяды і інтэлектуальны марафон “Пазнайка” для чацвёртакласнікаў. Па выніках гэтых спаборніцтваў вучні штогод атрымліваюць дыпломы. Так, у бягучым навучальным годзе трое з чатырох удзельнікаў інтэлектуальнага марафону заваявалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені. У мінулым навучальным годзе 9 з 12 удзельнікаў раённай алімпіяды атрымалі дыпломы, прычым трое – дыпломы І ступені. Добрых вынікаў у рабоце з адоранымі дзецьмі дасягаюць Іна Мікалаеўна Малыха, Ніна Пракопаўна Хмара, Марына Мікалаеўна Вашкевіч, Софія Анатольеўна Кратко, Ларыса Міхайлаўна Шопік, Ірына Васільеўна Дудко і Людміла Васільеўна Сугрэй.

Безумоўна, каб зрабіць вучэбны працэс у пачатковай школе выніковым і захапляльным, педагогам трэба папрацаваць не толькі розумам, але і душой. Бо там, дзе ёсць душа і любоў да прафесіі і дзяцей, абавязкова ёсць месца і для творчасці, якая вядзе да новых ідэй і скіроўвае да новых мэт у пазнанні невядомага.

Святлана МАКАЕД,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Пружан.