Лексічныя гульні на ўроках нямецкай мовы

27.12.2018
На ўроках нямецкай мовы шырока выкарыстоўваю розныя гульні для развіцця пазнавальных інтарэсаў, творчай і мысліцельнай актыўнасці вучняў. Гульнявы метад дазваляе не толькі зрабіць заняткі цікавымі і займальнымі, але і павысіць матывацыю да вывучэння прадмета

У сучаснай методыцы вывучэння замежных моў апісана шмат лексічных гульняў. Абапіраючыся на ўласны педагагічны вопыт, спынюся на найбольш цікавых і эфектыўных з іх. Звяртаюся да лексічных гульняў для замацавання і засваення лексічных адзінак, іх актыўнага ўжывання па пэўнай тэме і пашырэння слоўнікавага запасу вучняў.

Настольная картачная гульня Dobble добра развівае зрокавае ўспрыманне, увагу і рэакцыю. Для гульні неабходны 57 круглых карт. Кожная з іх унікальная, але абавязкова мае адзін агульны малюнак з любой картай з калоды. Менавіта на пошуку гэтага супадзення і пабудавана гульня.

Усе карты размяркоўваюцца пароўну з іншымі гульцамі. Апошняя карта кладзецца вонкавым бокам уверх у цэнтры стала. Усе гульцы павінны адначасова параўноўваць сімвалы на сваіх картах з сімваламі карты, што ляжыць у цэнтры стала.Калі гулец знаходзіць той жа сімвал на абедзвюх картах, то можа пакласці сваю карту ў цэнтр стала, называючы сімвал. Гулец, які першым паклаў усе свае карты, выйграў.

Настаўнік можа змяніць колькасць карт і сімвалаў на іх у залежнасці ад узросту і ўзроўню навучанасці дзяцей. Я выкарыстоўваю гэтую гульню ў 3 класе для замацавання лексікі па тэмах “Жывёлы” і “Школьныя прылады”. Карты ламінірую і выразаю.

Гульня Schubitrix (Trimino) уяўляе сабой варыянт гульні “Даміно”. Падчас яе вучні дзеляцца на групы ці пары, кожная з якіх атрымлівае аднолькавыя наборы картак. На кожным баку трохвугольніка ёсць слова ці карцінка, якую трэба скласці разам. Гульцы могуць кантраляваць сябе па меры з’яўлення зададзенай фігуры – шасцівугольніка. Гэтая гульня падыходзіць не толькі для замацавання і аўтаматызацыі лексічных адзінак, але і для трэніроўкі граматычных навыкаў.

Прыведзеныя лексічныя гульні разлічаны на вучняў І і ІІ ступеней агульнай сярэдняй адукацыі. Зацікаўлены настаўнік можа заўсёды перарабіць гульню, арыентуючыся на ўзрост і ўзровень ведаў дзяцей. Выкарыстанне гульнявых практыкаванняў дазваляе павысіць эфектыўнасць урокаў.

Нэлі ПІШЧ,

настаўніца нямецкай мовы гімназіі Ляхавіч.