Мужнасць. Адказнасць. Айчына. Патрыятызм
12.2.2015Цэнтральныя мерапрыемствы з удзелам актыву маладзёжнага праваахоўнага руху з усіх рэгіёнаў краіны, моладзі дапрызыўнага ўзросту, прадстаўнікоў сілавых структур, органаў выканаўчай улады, кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і ЦК БРСМ прайшлі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.
- Тое, што лепшыя прадстаўнікі моладзі сустрэліся на тэрыторыі няскоранай цытадэлі над Бугам, невыпадкова, - адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў. – Тым самым мы падкрэсліваем асаблівае стаўленне да Вялікай Перамогі. Для нас гэта вельмі важна і знакава – захоўваць памяць і выхоўваць сапраўдных патрыётаў. А ў маладзёжных атрадах сабраліся менавіта такія юнакі і дзяўчаты.
Маладзёжны лідар падкрэсліў важнасць і значнасць праваахоўнага руху БРСМ: “Калі рух толькі нараджаўся, мы яшчэ не ўсведамлялі, наколькі гэтыя атрады будуць запатрабаваны. Сёння без актывістаў ужо немагчыма ўявіць патруляванне вуліц, ахову правапарадку на святочных мерапрыемствах з удзелам вялікай колькасці моладзі. Многія з іх у будучыні прыйдуць працаваць у органы ўнутраных спраў і служыць ва Узброеныя Сілы. У атрадах сабраны лепшыя юнакі і дзяўчаты. Упэўнены, што ў праваахоўнага руху, які з’яўляецца надзвычай прыцягальным для моладзі, добрыя перспектывы”.
Святочныя мерапрыемствы адкрыла патрыятычная акцыя “Мы памятаем і ганарымся!”, прысвечаная 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Падчас мітынгу-рэквіему памочнікі міліцыі ўсклалі кветкі да Вечнага агню, ушанавалі памяць тых, хто загінуў у ваенныя гады.
Пасля мітынгу больш за 100 прадстаўнікоў атрадаў правапарадку прынялі ўдзел у працоўнай акцыі на месцы будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, абвешчанага абласной маладзёжнай будоўляй. Затым мерапрыемствы працягнуліся на базе вайсковай часці 5526, дзе камандзіры атрадаў і актыў МААП азнаёміліся з тэматычнай выставай, падрыхтаванай часцю і маладзёжнымі атрадамі Брэстчыны, пабывалі на майстар-класах атрада міліцыі асобага прызначэння. Лепшыя байцы праваахоўнага руху атрымалі спецыяльныя нагрудныя знакі БРСМ “За выдатныя поспехі ў ахове правапарадку” і граматы ЦК БРСМ.
Рух маладзёжных атрадаў аховы правапарадку БРСМ быў заснаваны ў 2004 годзе. Сёння амаль 15 тысяч членаў МААП па ўсёй краіне дапамагаюць супрацоўнікам праваахоўных органаў у забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі дарожнага руху, а таксама ў барацьбе з наркотыкамі. Юнакі і дзяўчаты ў форме МААП сталі неад’емнай часткай масавых мерапрыемстваў. Актыў МААП разам з МУС Беларусі ўдзельнічае ў сумесных маладзёжных праектах: рэспубліканская акцыя “Разам за бяспеку і правапарадак”, спартакіяды “Акадэмія мужнасці”, “Служым Беларусі!” і “Дом без насілля”, рэгіянальныя і рэспубліканскія вучэбна-метадычныя зборы і інш.
Удзельнікі руху атрымліваюць рэкамендацыі БРСМ для праходжання службы ў элітных падраздзяленнях унутраных войск, сілавых ведамстваў, у тым ліку пагранічнай службы, структурах МУС Беларусі і Узброеных Сілах Беларусі. За апошнія 3 гады 276 удзельнікаў руху МААП атрымалі рэкамендацыі БРСМ для паступлення ва УВА МУС Беларусі.
З мэтай захавання традыцый маладзёжнага праваахоўнага руху ў 2012 годзе быў заснаваны Дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, які адзначаецца 6 лютага.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.