Новы яслі-сад замест старога

25.11.2014

- Патрэба ў дашкольнай установе была вельмі вострай, - расказаў старшыня Брэсцкага райвыканкама У.А.Мацука. – Мясцовая ўлада ўлічыла просьбы жыхароў і пастаралася аператыўна іх задаволіць. Застаецца толькі падзякаваць будаўнікам за добрасумленную і якасную работу, а бацькам за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ўстановы да адкрыцця.

Яслі-сад у прыгараднай вёсцы быў пабудаваны ў сціслы тэрмін на базе ўжо існуючай дашкольнай установы. Работы пачаліся ў маі. За паўгода будаўнікі цалкам рэканструявалі стары будынак і дадаткова ўзвялі новы, двухпавярховы. У выніку ўмяшчальнасць установы павялічылася на 80 месцаў. Цяпер яслі-сад могуць наведваць 120 дашкольнікаў. Ва ўстанове, будаўніцтва якой абышлося ў 13 мільярдаў рублёў, створаны належныя ўмовы для гарманічнага развіцця малышоў: усе групы аснашчаны сучасным абсталяваннем і зручнай мэбляй, уладкаваны спартыўна-музычная зала і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

- На працягу двух апошніх гадоў у вобласці назіраецца станоўчая дэмаграфічная тэндэнцыя – нараджальнасць перавышае смяротнасць. Гэта цудоўна. Значыць, палітыка, якая ажыццяўляецца ў краіне па падтрымцы мацярынства і дзяцінства, дапамагае палепшыць дэмаграфічную сітуацыю. За апошнія 4 гады ў вобласці пабудаваны 12 дашкольных устаноў. У бліжэйшы час 7 такіх аб’ектаў з’явяцца ў Брэсце, Пінску, Баранавічах і шэрагу сельскіх населеных пунктаў. Праблема, звязаная з дэфіцытам месцаў у дашкольных установах, актуальная для многіх рэгіёнаў вобласці. Зыходзячы з магчымасцей, улада будзе планаваць будаўніцтва дзіцячых садкоў там, дзе шмат маладых сем’яў і вялікая нараджальнасць, - адзначыў К.А.Сумар.

Акрамя дашкольных устаноў, як паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук, у вобласці з 2010 года былі пабудаваны і рэканструяваны 9 школ. Да канца гэтага года адкрыецца дзіцячы сад у вёсцы Рубель Столінскага раёна. У наступным годзе плануецца завяршыць будаўніцтва школы на 1020 месцаў у Пінску, а таксама рэканструкцыю вайсковых казарм пад дзіцячы яслі-сад на 100 месцаў у Давыд-Гарадку Столінскага раёна. На 2016 год запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю сада – школы на 471 месца ў Паўднёвым гарадку Брэста.

Кіраўнікі выканаўчай улады падарылі навасёлам камп’ютар і музычную тэхніку, азнаёміліся з умовамі адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе, а яе выхаванцы падрыхтавалі для гасцей невялікі канцэрт.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКАХ: чырвоную стужку пераразаюць (злева направа) загадчык Клейніцкага ясляў-сада Я.Д.Дзяменцьеў, старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар і старшыня Брэсцкага райвыканкама У.А.Мацука; у адной з груп дашкольнай установы; дзіцячая гульнявая пляцоўка.

Фота Валерыя КАРАЛЯ.