Новы дом для новай сям’і

20.11.2014

Бацькі-выхавальнікі Надзея Мікалаеўна і Уладзімір Мікалаевіч Якубовічы з аграгарадка Мірны ўжо маюць двух уласных дзяцей 6 і 17 гадоў. Цяпер сямейная пара стала прыёмнымі бацькамі для 6 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў.

Дом, агульная плошча якога складае амаль 200 м2, узведзены на сродкі абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. На будаўніцтва дома было затрачана каля 2 мільярдаў рублёў.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця дома, адзначыў важнасць і значэнне гэтай падзеі як для дзяржавы, так і для канкрэтнай сям’і.

- Гэта дарагога каштуе, але не ў плане грошай, а ў тым сэнсе, што, набываючы сямейны ачаг і ўтульнасць, дзеці вырастуць дастойнымі членамі грамадства, адбудуцца як грамадзяне і, самае галоўнае, не счарствеюць душой, - заўважыў кіраўнік вобласці.

К.А.Сумар паведаміў, што на Брэстчыне планамерна ўвасабляюць у жыццё прэзідэнцкую праграму па ўладкаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, на сямейныя формы выхавання. Сёлета ў вобласці былі пабудаваны 4 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Да канца года такі дом адкрыецца і ў Маларыце. У наступным годзе запланавана будаўніцтва яшчэ 4 дамоў – у Брэсце, Івацэвіцкім і Пінскім раёнах.

Сёння на Брэстчыне функцыянуюць 36 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца 229 дзяцей. 660 непаўналетніх выхоўваюцца ў 475 прыёмных сем’ях, 1186 – у 978 апякунскіх. А ўсяго ў вобласці пражываюць 2974 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі.

К.А.Сумар падзякаваў сям’і Якубовічаў за падзвіжніцтва, а ў іх асобе і ўсім бацькам вобласці, якія ўзялі на сябе місію па выхаванні дзяцей, што аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Кіраўнік Брэстчыны ўручыў навасёлам камп’ютар, а старшыня Баранавіцкага райвыканкама В.М.Хвацік падарыў мнагадзетнай сям’і пасудамыечную машыну.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.