5 незабыўных летніх дзён

23.7.2014

Беларуская дэлегацыя складалася з метадыстаў Брэсцкага абласнога ІРА і падлеткаў, якія наведваюць цэнтр сацыяльнай адаптацыі “Знайдзі сябе” ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Акрамя таго, у летнік прыехалі пераможцы міжнародных конкурсаў, праведзеных у межах праекта.

Лагер, створаны з мэтай усталявання сяброўскіх сувязей, далучэння моладзі да здаровага ладу жыцця і арганізацыі актыўных форм дзейнасці ў вольны час, размяшчаўся на базе Еўрапейскага цэнтра навучання і выхавання, які дзейнічае на тэрыторыі палаца-паркавага комплексу Роскаш непадалёку ад Бяла-Падляскі. Гэта надзвычай прыгожае і цікавае месца. З XVI стагоддзя комплекс знаходзіўся ва ўладанні Радзівілаў. Да сённяшняга часу захаваліся пабудовы 1840-х гадоў, сядзіба, стайня і ліпавая алея, закладзеная ў далёкім 1807-м.

Школьнікаў чакала вельмі насычаная праграма. У першы дзень падлеткі накіраваліся на базу адпачынку Таварыства развіцця паруснага спорту, размешчаную на беразе возера. Тут дзеці каталіся на катамаранах і байдарках, удзельнічалі ў розных рухавых гульнях. Вечарам быў арганізаваны дзень культур, падчас якога нашы школьнікі расказвалі замежным сябрам пра беларускія народныя традыцыі і святы, спявалі народныя песні, паказвалі народныя гульні і вучылі ім равеснікаў.

Шмат станоўчых эмоцый падарыла наведванне дзіцячага дома, дзе падлеткі сталі ўдзельнікамі штогадовага свята лета. Падчас яго адбыліся футбольны матч паміж камандамі гасцей і гаспадароў, гульні і спартыўныя спаборніцтвы, майстар-клас па бісерапляценні, фаер-шоу, а таксама конкурсы з удзелам мясцовых байкераў. Надоўга запомніцца падлеткам і конкурс сярод школ хуткага рэагавання трох краін, які ўключаў дэманстрацыю польскай пажарнай тэхнікі, віктарыну на веданне правіл пажарнай бяспекі і розныя спартыўныя эстафеты.

Нікога не пакінулі абыякавымі конкурс на лепшы выраб паветранага змея і ўдзел у школе эколагаў-валанцёраў. Удзельнікі школы, аб’яднаныя ў каманды, падарожнічалі па шматкіламетровай экалагічнай сцяжыне. Па яе маршруце школьнікі вывучалі раслінны свет, выконвалі розныя заданні, арыентаваліся на мясцовасці, збіралі бытавое смецце і інш.

У апошні дзень для ўдзельнікаў летніка была арганізавана экскурсія ў палаца-паркавы комплекс у Казлуўцы, які ўяўляе сабой арыстакратычную рэзідэнцыю. Сёння тут размяшчаюцца 3 музеі – Замойскіх, сацрэалізму і карэт.

На працягу 5 дзён у летніку панавала атмасфера сяброўства, весялосці і радасці. Можна не сумнявацца, што практыка падобных сустрэч будзе працягнута.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.