Супрацоўніцтва пашыраецца, паглыбляецца

14.7.2014

Сустрэча праходзіла на базе Брэсцкага абласнога ІРА і сабрала разам прадстаўнікоў упраўленняў адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Валынскай вобласці (Украіна), Валынскага абласнога цэнтра сацыяльных службаў для сям’і, дзяцей і моладзі, гміны Дрэлюва (Польшча), БрАІРА і іншых каардынатараў і экспертаў праекта з трох суседніх краін.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з арганізацыяй далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяння, перспектывамі і напрамкамі супрацоўніцтва ў новых праектах. За час рэалізацыі праекта было праведзена шмат цікавых і карысных тэматычных мерапрыемстваў, падведзены вынікі 5 конкурсаў (конкурс відэаролікаў “Твая будучыня – у тваіх руках”, конкурс плакатаў “Хочаш быць здаровым – будзь ім”, конкурс сачыненняў “Ці лёгка быць цяжкім”, конкурс прэзентацый “Прыемна пазнаёміцца” і дзіцячы міжнародны конкурс тэатральных пастановак “Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой”).

Удзельнікі рабочай сустрэчы наведалі цэнтр сацыяльнай адаптацыі падлеткаў “Знайдзі сябе”, які дзейнічае ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Госці ўбачылі інтэрактыўную гульню па тэхналогіі форум-тэатра “Дочкі-матулі, ці Не выбірайце мне сяброў”, прысвечаную праблеме дзіцяча-бацькоўскіх адносін, і фрагмент інтэрактыўных заняткаў з дзяўчатамі па тэме “Рэпрадуктыўнае здароўе дзяўчынкі і адказныя сексуальныя паводзіны”, праведзены валанцёрамі-інструктарамі цэнтра па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

Падчас заняткаў падлеткі гаварылі пра тое, што адбываецца з дзяўчатамі ў падлеткавым узросце, як перажыць першае моцнае пачуццё і пры гэтым не нарабіць памылак, якія могуць прывесці да парушэння фізічнага і псіхічнага здароўя дзяўчынкі як будучай маці. Акрамя таго, дзяўчаты-падлеткі разважалі пра адказныя сексуальныя паводзіны, палавое ўстрыманне і вернасць, дзяліліся з равесніцамі думкамі пра раннюю цяжарнасць і раннія аборты. Навучанне праз інтэрактыўныя формы і практыкаванні падштурхнула падлеткаў да разваг пра жыццёвыя мэты і спосабы іх дасягнення.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.