Алімпійцы сярод нас

11.7.2014

Спаборніцтвы прысвячаліся перамозе айчынных спартсменаў на сёлетняй Зімовай алімпіядзе ў Сочы.

Урачыстае адкрыццё спартакіяды адбылося ля стэлы “Алімпійская слава Брэстчыны”, размешчанай побач з двума буйнымі спартыўнымі аб’ектамі горада – Лядовым палацам і Палацам водных відаў спорту. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, старшыня Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці Л.А.Цупрык, старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С.Палышанкоў, спартсмены-прызёры і ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў.

Спартыўна-адукацыйны праект быў ініцыіраваны Прадстаўніцтвам НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці ў 2008 годзе і падтрыманы абласнымі ўпраўленнямі адукацыі і спорту і турызму. Брэстчына стала першым рэгіёнам у краіне, дзе праводзіцца алімпійская спартакіяда сярод клубаў “Юны алімпіец”. Мэта спаборніцтваў – далучыць моладзь да алімпійскага руху, заахвоціць найбольш актыўныя клубы “Юны алімпіец”, выявіць спартыўны патэнцыял удзельнікаў спартакіяды і стварыць спартыўны рэзерв. Асаблівасцю спартакіяды з’яўляецца тое, што яе пераможцаў узнагароджваюць спартсмены-алімпійцы, а ў праграму, акрамя спартыўных, уваходзіць шэраг адукацыйных мерапрыемстваў.

Перад пачаткам спартыўных стартаў школьнікі сустрэліся са спартсменамі-алімпійцамі, пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, паўдзельнічалі ў віктарыне “Алімпійскія знаўцы”. Пасля гэтага адбылася алімпійская спартландыя. Пераможцы вызначаліся ў 4 групах і 5 эстафетах. Лепшымі аказаліся каманды Мокраўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна, гімназіі № 5 Баранавіч, сярэдняй школы № 14 Пінска і сярэдняй школы № 16 Брэста.

У рамках спартакіяды былі ўзнагароджаны пераможцы творчых конкурсаў на алімпійскую тэматыку. Навучэнцы спаборнічалі ў вырабе спартыўных лялек і паштовак, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, напісанні лістоў-віншаванняў і падрыхтоўцы лепшых падарункаў-сувеніраў алімпійцам. Дыпломы І ступені атрымалі Марына Раўчэня з Ровінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Драгічынскага раёна, Іван і Арцём Капліч з сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч Лунінецкага раёна, Дар’я Ярашук з Клейніцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, Максім Жук са Столінскай гімназіі, Марыя Зарэцкая, Арцём Станкевіч і Міхаіл Ганько з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, а таксама Маргарыта Яраш з Кароціцкай сярэдняй школы Столінскага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.