Справа прафсаюзаў – будучыня маладых

8.7.2014

У творчым спаборніцтве, арганізаваным Брэсцкім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў пры актыўным удзеле абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прынялі ўдзел 23 студэнты і навучэнцы УВА і ССНУ вобласці.

Конкурс праводзіўся з мэтай фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцкай моладзі, прапаганды прафсаюзнага руху, павышэння аўтарытэту прафсаюза, матывацыі прафсаюзнага членства і паляпшэння эфектыўнасці дзейнасці прафсаюзнага актыву. Тэматыка конкурсных работ была вельмі разнастайная: працоўныя правы, дастойны заробак, рабочыя месцы для моладзі, чалавек працы, сіла калектыву, сацыяльныя гарантыі, работа прафкамаў і шляхі павышэння яе эфектыўнасці і г.д. Пры ацэньванні работ улічваліся аналітычнае мысленне, веданне тэмы і глыбіня яе раскрыцця, выкарыстанне гістарычных фактаў, здольнасць крытычна ацэньваць выкарыстаны матэрыял, уменне выказаць уласнае меркаванне, падвесці вынік і ўнесці прапанову, форма падачы матэрыялу, пісьменнасць і афармленне.

Урачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу праходзіла ў будынку Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Да аўтараў работ звярнуўся яго старшыня М.І.Басалай, які расказаў пра гісторыю і будні прафсаюзнага руху вобласці:

- Прафсаюзная сям’я Брэстчыны налічвае сёння каля 500 тысяч чалавек. У вобласці дзейнічае 14 галіновых прафсаюзаў. Самую масавую прафсаюзную арганізацыю (каля 125 тысяч чалавек) складаюць работнікі аграпрамысловага комплексу. На другім месцы па колькасці членаў (больш за 80 тысяч чалавек) знаходзіцца прафсаюзная арганізацыя работнікаў адукацыі і навукі. Прафсаюзы працуюць па розных напрамках: санаторна-курортнае аздараўленне і фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць, прававое рэгуляванне працоўных адносін, кантроль і маніторынг пытанняў аховы і аплаты працы, развіццё студэнцкага прафсаюзнага руху і інш. У прафсаюзныя арганізацыі УВА вобласці ўваходзяць 15,5 тысячы студэнтаў, ССНУ і ПТНУ – каля 22 тысяч навучэнцаў.

Радуе, што ў конкурсных работах прысутнічаюць асабістыя думкі аўтараў пра прафсаюзны рух, ролю моладзі ў ім і прафсаюзных лідараў. Работы напісаны на даволі высокім узроўні. Аўтары раскрывалі прафсаюзную тэматыку ў вершаванай форме і з выкарыстаннем ілюстрацый.

- Мы ганарымся, што членамі прафсаюзнай арганізацыі з’яўляюцца творчыя, энергічныя, мэтанакіраваныя і неабыякавыя людзі, - падкрэсліў у сваім выступленні старшыня абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі В.А.Харытановіч.

Дыпломы І ступені атрымалі Яніна Вашкевіч з БрДУ імя А.С.Пушкіна (“Справа прафсаюзаў – будучыня маладых”) і Дар’я Андрэева з Брэсцкага

дзяржаўнага політэхнічнага каледжа (“Узвышанае і зямное ў жыцці старшыні прафкама. Па старонках сямейнага альбома”). Уладальнікамі дыпломаў ІІ ступені сталі Лізавета Масюк з БрДТУ (“Выбар за намі”) і Дар’я Чулкова з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання (“З вопытам у будучыню”). Дыпломы ІІІ ступені дасталіся Настассі Шчарбук з БарДУ (“Прафсаюз для моладзі”) і Вікторыі Дзямчук з Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа (“Асноўныя рысы прафсаюзнага лідара”). Акрамя дыпломаў, іх уладальнікі атрымалі грашовыя ўзнагароды ў памеры 1 мільён, 800 і 500 тысяч рублёў адпаведна.

Пасля ўручэння дыпломаў пераможцам і падзячных пісьмаў удзельнікам конкурсу адбылася зацікаўленая размова на тэму “Прафсаюзы і моладзь”. Студэнты вялі гаворку пра сацыяльныя гарантыі маладым спецыялістам, арганізацыю працоўнай занятасці і занятасці ў вольны час, асаблівасці размеркавання будучых спецыялістаў, адаптацыю першакурснікаў да вучобы ва УВА і інш. М.І.Басалай запэўніў, што інтарэсы моладзі заўсёды ўлічваюцца ў дзейнасці прафсаюза.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: пераможцы і ўдзельнікі конкурсу са старшынёй Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў М.І.Басалаем.

Фота аўтара.