Надзейны прытулак для маленькіх сэрцаў

24.3.2014

На два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу стала больш на Брэстчыне. Нядаўна адсвяткавалі наваселлі ДДСТ у Брэсце і аграгарадку Агарэвічы ў Ганцавіцкім раёне. Цяпер у вобласці 33 такіх дома.

У горадзе над Бугам гэта ўжо другі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Размешчаны ён непадалёку ад першага, побач з БрДТУ. У двухпавярховым добраўпарадкаваным катэджы будзе пражываць сям’я Смагіных. Бацькі-выхавальнікі Галіна Мікалаеўна і Сяргей Міхайлавіч паспяхова прайшлі конкурсны адбор і неабходнае навучанне ў сацыяльна-педагагічным цэнтры.

У сямейнай пары, якая пераехала ў Брэст з Мінска, ёсць станоўчы вопыт у выхаванні ўласных дзяцей. Старшай дачцэ – 18 гадоў, малодшаму сыну – 11. На выхаванне Смагіны ўзялі 7 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 15 гадоў.

- Для мяне прыкладам матчынага клопату стала не толькі мая мама, якая выхавала 6 дзяцей, але і родная сястра, якая вырасціла 3 дзяцей. Ужо 6 гадоў яна выхоўвае 8 прыёмных дзяцей у ДДСТ у Тамашоўцы Брэсцкага раёна. Лічу, што кожнае дзіця мае права на цяпло, клопат і матчыну пяшчоту. Думаю, прыёмным дзецям будзе з намі добра, - прызналася Г.М.Смагіна.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С.Палышанкоў, які прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця ДДСТ, пажадаў навасёлам стаць сапраўднай сям’ёй:

- Мы адкрываем не проста будынак, не проста дом. Мы адкрываем новую сям’ю. Дзеці, якія па волі лёсу аказаліся абдзеленымі бацькоўскай цеплынёй, клопатам і ўвагай, павінны атрымаць максімум магчымасцей для свайго развіцця, каб стаць сапраўднымі патрыётамі Радзімы. У перспектыве плануецца стварыць цэлы дзіцячы пасёлак з 6 катэджаў.

Дом агульнай плошчай 205 квадратных метраў з поўнай унутранай аддзелкай, гаспадарчымі пабудовамі і дзіцячай гульнявой пляцоўкай пабудаваны за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. На рэалізацыю праекта было выдаткавана больш за 2,3 мільярда рублёў. Мэбля і неабходная бытавая тэхніка закуплены гарадской уладай.

Перадаючы навасёлам сімвалічны ключ ад дома, генеральны дырэктар КУП “Брэстжылбуд” А.І.Раманюк адзначыў, што для прадпрыемства гэта быў вельмі адказны аб’ект.

- Будаўнікі зрабілі ўсё, каб у гэтым доме было ўтульна і цёпла. Няхай тут паселяцца радасць і шчасце, - сказаў Аляксандр Іванавіч.

Прыёмныя бацькі падзякавалі ўсім за падарункі і шчырыя пажаданні.

***

Дзіцячы дом сямейнага тыпу стаў першым на Ганцавіччыне. На яго ўзвядзенне і добраўпарадкаванне тэрыторыі ААТ “ААБ “Беларусбанк” выдаткаваў больш за 4,2 мільярда рублёў.

Сям’я Ерназаравых пераехала ў аграгарадок Агарэвічы з Ганцавіч. 6 родных дзяцей цяпер маюць 4 новых братоў і сясцёр. Неўзабаве да іх далучыцца яшчэ адна дзяўчынка.

Павіншаваць навасёлаў прыехалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар і кіраўнік праўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” С.П.Пісарык, які, дарэчы, сам родам з Агарэвіч.

- Сацыяльны аспект бізнесу – гэта не проста прыгожыя словы, а заўсёды актыўная работа, - адзначыў С.П.Пісарык. – На Ганцавіччыне мы здалі ўжо 14-ты па ліку дом сямейнага тыпу ў краіне. Будаўніцтва такіх дамоў ажыццяўляецца згодна са спецыяльнай праграмай банка “Бацькоўскі кут”. Сёння ў нашых дамах выхоўваецца 115 дзяцей. У бліжэйшыя 2 – 3 гады мы пабудуем у Беларусі яшчэ 4 – 5 такіх дамоў.

У сваю чаргу кіраўнік Брэстчыны К.А.Сумар расказаў, што ў наступным годзе ў вобласці плануецца пабудаваць ДДСТ у Баранавічах, Лунінецкім і Маларыцкім раёнах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.