Канфліктаваць па правілах

25.1.2014

На Брэстчыне паспяхова рэалізуецца міжнародны праект па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна” на 2007 – 2013 гады “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін”. У рамках праекта, які патрануюць абласное ўпраўленне адукацыі і абласны ІРА, праводзіцца шэраг розных мерапрыемстваў.

Нядаўна ў Брэсцкім абласным ІРА адбыўся майстар-клас для класных кіраўнікоў “Праблемы міжасобасных узаемаадносін. Навучанне навыкам канструктыўнага ўзаемадзеяння”. Мерапрыемства праходзіла ў інтэрактыўнай форме з мэтай стварэння ўмоў для ўсведамлення ўласных стратэгій паводзін у канфліктных сітуацыях і фарміравання эфектыўных навыкаў паводзін у канфліктах.

- Увага ўдзельнікаў акцэнтавалася на тэарэтычных аспектах праблемы, - расказала галоўны каардынатар міжнароднага праекта, метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Н.М.Янчук. – Класныя кіраўнікі азнаёміліся з відамі педагагічных сітуацый і канфліктаў, іх асаблівасцямі і прычынамі, стылямі ўзаемадзеяння педагога ў канфліктах з навучэнцамі. У практычнай частцы мерапрыемства ўдзельнікам былі прапанаваны практыкаванні, якія мадэлявалі розныя сітуацыі. Педагогі засвоілі правілы вядзення канфліктнай размовы.

Удзельнікі майстар-класа прызналіся, што такая форма правядзення мерапрыемства найбольш аптымальная, а атрыманая інфармацыя надзвычай актуальная, запатрабаваная і, галоўнае, практыка-арыентаваная.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.