Прафесія – са школы

25.03.2019
Педагогі нашай школы ўдзяляюць вялікую ўвагу прафарыентацыі вучняў, якая ўлічвае іх здольнасці і інтарэсы. Работа па прафесійным самавызначэнні пачынаецца ўжо ў пачатковых класах. На класных гадзінах настаўнікі расказваюць пра рынак працы, запатрабаваныя спецыяльнасці і перспектыўныя прафесіі.

Сярод аптымальных спосабаў арганізацыі прафарыентацыі старшакласнікаў – майстар-класы і прафесійныя спробы. Так, прафесійныя выпрабаванні (праверкі) мадэлююць элементы пэўнага віду прафесійнай дзейнасці, дазваляюць, як кажуць, пазнаць прафесію знутры. Дзякуючы прафесійным спробам, вучні набываюць вопыт у той дзейнасці, якую плануюць выбраць.

Прафарыентацыйныя мерапрыемствы, якія праходзяць па суботах, выклікаюць вялікую цікавасць у школьнікаў. Сярод апошніх – прафесійныя спробы ў прафесіях стыліста і мейкапера, а таксама майстар-клас па фатаграфаванні. Гэтая дзейнасць вельмі падабаецца будучым выпускніцам Альбіне Лашко, Настассі Гірэй і Дзіяне Гардзей. Дзяўчынкі займаюцца любімай справай даўно і штодзень. Да іх звяртаюцца па дапамогу родныя і сябры. Адзінаццацікласніцы ўжо валодаюць неабходнымі ведамі і ўменнямі, бо напрацавалі значны вопыт прафесійных выпрабаванняў. Так, Насця вучылася рабіць прычоскі ў танцавальным гуртку “Элемент”, калі рыхтавала сябровак да выступленняў. Пляценне – адзін з любімых кірункаў яе работы.

Дзіяна захапляецца фотасправай з 13 гадоў. Займаецца аматарскімі індывідуальнымі і сямейнымі здымкамі. Пра тонкасці ідэальнага фота ведае з уласнага вопыту. На яе рахунку шмат цікавых фотаздымкаў, зробленых прафесійна і з любоўю. Бацькі падтрымліваюць захапленне дачкі і ўсяляк ёй дапамагаюць. Дзіяна самастойна авалодала праграмамі для апрацоўкі фота.

Альбіна – майстар па make-up. Мейкапер – гэта спецыяліст у галіне макіяжу і стварэнні вобраза з дапамогай сродкаў мастацтва макіяжу. Захапляецца ім з 7 класа. Тэхніцы нанясення мейкаў вучыцца па блогах папулярных візажыстаў. На практыцы звяртаецца не толькі да набытых ведаў, але і да ўласных ідэй, дзякуючы чаму вобраз мадэлі атрымліваецца аўтарскім, індывідуальным і непаўторным. Пастаянныя памочнікі Альбіны – кансілер, праймер, хайлайтар і шымер. У дзяўчыны шмат касметычных сродкаў і прылад, выбарам і пакупкай якіх займаецца сама.

Сёння прафесіі стыліста, мейкапера і фатографа запатрабаваны. Дзяўчынкі на правільным шляху. Пажадаем ім удачы.

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.